Арганізацыйна -дзейнасныя гульні

Гульні – адмысловая форма арганізацыі мыслення і дзейнасці, якая практыкуецца паслядоўнікамі сістэмна-мыследзенаснага падыходу для вырашэння “нявырашальных” праблем грамадства. Гэты метад і форма выкарыстоўваецца ў Лятучым Універсітэце для канцэнтраванай працы над праблемамі арганізацыі ўніверсітэта.

Распрацоўка праграмы і стратэгіі стварэння Ўніверсітэта ў сучаснай Беларусі

17 -21 мая 2010 года, Марыяшпрынг, Германія.

Гульня стала запускам  арганізацыі дзейнасці Лятучага ўніверсітэта. У ёй былі усвядомлены і прайграныя асноўныя праблемныя месцы стварэння універсітэта ў Беларусі, уключаючы ўстаноўкі на аўтаномію Ўніверсітэта, магчымасць мега-машыннай арганізацыі мыслення і ролю Ўніверсітэта ў фармаванні беларускай нацыі.

Матэрыялы гульні тут.

Лятучы ўніверсітэт у Беларусі: кіраванне развіццём

17-22 студзеня 2012 года, Марыяшпрынг, Германія.

Гэта гульня стала чарговым этапам разгортвання праграмы «Лятучы ўніверсітэт». У ёй былі асэнсаваны актуальны стан праграмы, і, найперш, праблемы кіравання ўніверсітэтам, прайграныя  хады і планы наступных этапаў развіцця. Гульня паспрыяла першым крокам па стварэнню «Рады» Лятучага ўніверсітэта.

Матэрыялы з гульні тут.

Канцэпцыя адукацыі ў Лятучым універсітэце. 

Праектная сесія. 12-14 красавіка 2013, Беларусь

Галоўнай мэтай гэтай падзеі было абмеркаванне і пошук пагаднення аб тым, што павінна быць зместам адукацыі і як трэба арганізаваць нашу дзейнасць і жыццё, каб гэты змест аформіўся і стаўся адметнай рысай Лятучага ўніверсітэта. Па выніках мы  атрымалі уяўленні пра месца адукацыі ў агульнай структуры і працэсах Лятучага ўніверсітэта, уяўленні пра змест адукацыі — тое, што перадаецца ў адукацыйнай дзейнасці і застаецца пасля яе, уяўленні пра арганізацыю адукацыйнай дзейнасці ў Лятучым універсітэце.

З матэрыяламі сесіі можна азнаёміцца тут.

 Дарожная мапа развіцця Лятучага ўніверсітэта. Магчымасці супольнага кіравання

Праектная сесія, 1-3 траўня 2014 года 

Пабудаваўшы падмуркі для развіцця Лятучага ўніверсітэта, мы стаім перад выклікам: здолее супольнасць узяць на сябе адказнасць за далейшае развіццё ці будучыня Лятучага ўніверсітэта будзе вырашацца вузкім колам людзей? Досвед ЕГУ няўмольна даказвае, што супольнасць можа і спазніцца, страціўшы магчымасці  вызначаць  шляхі развіцця  ініцыятывы.

З матэрыяламі сесіі можна азнаёміцца тут.  

 

Адукацыя і Універсітэт: ад акадэмічнай да ўніверсітэцкай супольнасці

Праектная сесія, 22-224 траўня 2015

 Цягам гэтага года мы звярталіся да праблем зместу ўніверсітэцкай адукацыі і зменаў у дзейнасці Лятучага. Адным з падставовых момантаў для гэтых абмеркаванняў сталі пытанні пра стасункі паміж выкладчыкамі і слухачамі, пра змест адукацыі і неабходныя формы яго арганізацыі ў нашым універсітэце. Што ўнікальнага прапануе Лятучы? Чым адрозніваецца, ці павінен адрознівацца змест і працэс адукацыі ў нас ад іншых ініцыятываў і інстытуцый?

З матэрыяламі сесіі можна пазнаёміцца тут. 

 

Гульня як перспектыва развіцця індывідуальнасці і Універсітэту

8-10 студзеня 2016 г., Мінск

Галоўная мэта гэтай гульні запуск новай праграмы Лятучага ўніверсітэту – Школаў Магістраў Гульні. Мэта дасягаецца праз супольны ўдзел у распрацоўцы новага тыпу і зместу адукацыі для Лятучага ўніверсітэта, Беларусі і свету, ва усталяванні правілаў ўніверсітэцкага жыцця і самавызначэнне ўсіх чальцоў універсітэцкай супольнасці ў адносінах да будучыні.

Для новых чальцоў гульня стане сваеасаблівым выпрабаваннем ці, нават, уступным іспытам. На заканчэнне гульніплануецца кароткая прамова “абітурыентаў” на тэму асабістай траекторыі і будучага шляху ў абранай Школе Магістраў Гульні.

З матэрыяламі па гульні можна азнаёміцца тут