“Розум і сумленне не могуць маўчаць” (ФОТА)

31 кастрычніка 2017

Тэкст: Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Фота: Лятучы ўніверсітэт

28 – 29 кастрычніка ў Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя “Логас і патас: гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны”, на якой выступілі мысляры з Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі. Асноўнай праблемай, якую абмяркоўвалі ўдзельнікі канферэнцыі, стала “неабвешчаная вайна”, якая разгортваецца ў апошнія гады не толькі ва Украіне, але і на ўсёй усходнееўрапейскай прасторы.

Па словах сябра аргкамітэта канферэнцыі прафесара філасофіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяны Шчытцовай, галоўным у сустрэчы было акрэсліць месца і пазіцыянаванне гуманітарнай рэфлексіі ў кантэксце сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне, а таксама засярэдзіцца на здольнасці гуманітарыяў паўплываць на гэтую сітуацыю: супрацьстаяць мілітарызацыі, прапагандзе, прасоўваць альтэнатыўныя арыенціры для нашых грамадстваў.

Таццяна Шчытцова

 

На адкрыцці канфрэнцыі адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі гуманітарыяў Алег Турый зазначыў, што “розум і сумленне не могуць маўчаць, яны павінны казаць, і казаць пра нешта вельмі істотнае, што датычыцца кожнага з нас. Слова можа забіваць не горш за гарматы, але слова можа і лячыць, і адкрываць перспектывы”.

Ален Турый

 

Каардынатарка Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская звярнула ўвагу на тое, што беларускі бок у абмеркаванні акрэсленай тэмы – не пасярэднік (як гэта прагаворваецца ў палітычным дыскурсе), а зацікаўлены бок і ўдзельнік.

Таццяна Вадалажская

 

Пленарнае пасяджэнне першага дня канферэнцыі адкрыла Валерыя Караблёва з Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Т. Шаўчэнкі, якая выступіла з дакладам “Канец “канца гісторыі”: афектыўны паварот і рэаліі “гібрыднага міру”.

Валерыя Караблева

 

Валерыя Караблёва не столькі казала пра вайну, колькі спрабавала змясціць яе ў больш шырокі кантэкст, бо вайна, па яе словах, – не прычына, а сімптом істотных тэктанічных зрухаў еўрапейскай цывілізацыі. “Адной з ключавых прыкмет гэтага свету з’яўляецца вяртанне афекта ў палітыку. Менавіта гэта стварае танальнасць і напрамак палітычнага дзеяння”.

Выступоўца звярнула ўвагу на неабходнасць выпрацаваць адэкватны сацыяльна-палітычны слоўнік для апісання працэсаў, якія цяпер адбываюцца ў свеце: размыванне межаў паміж праўдай і хлуснёй, вайной і мірам, нормай і паталогіяй.

 

Беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч у межах пленарнага паседжання разважаў над дэфініцыяй кансцыентальнай вайны, якая накіравана, перадусім, на свядомасць. Выступоўца адаслаў слухачоў да двух сваіх тэкстаў: напісаным у 2014-м годзе артыкуле “Расія прайграла вайну”, дзе апісваюцца 5 тыпаў канфліктаў, прадстаўленых у расійска-ўкраінскіх узаемаадносінах – ад традыцыйнай вайны да кансцыентальнай. Другі тэкст – “Глабальнае пацяпленне пасля халоднай вайны”, дзе гаворка ідзе пра мір, у якім мы жывем, і якому пагражае вайна.

Уладзімір Мацкевіч

“Мэтай кансцыентальнай вайны з’яўляецца не проста ўплыў на свядомасць, а знішчэнне пэўнага тыпу свядомасці”, – мяркуе Уладзімір Мацкевіч.

Інфармацыйная вайна ў якасці “тэатру ваенных дзеянняў” таксама мае свядомасць, таму ў пэўнай частцы супадае з кансцыентальнай. Нават “зброю” яны выкарыстоўваюць аднолькавую – прапаганду і агітацыю. Аднак ёсць паміж гэтымі двума тыпамі канфліктаў і адрозненні. У інфармацыйнай вайне асноўнай мэтай з’яўляецца ўтварэнне афектыўнага стану войск, насельніцтва, адпаведна, уздзеянне ідзе на афектыўную частку свядомасці. У кансцыентальнай вайне яно пашыраецца не толькі на афектыўны бок, але і на здольнасць успрымаць інфармацыю, суадносіць паміж сабой розныя яе часткі і рабіць высновы.

“Часам нас забаўляе з’яўленне на тэлебачанні рознага кшталту перадач пра экстрасэнсаў і псеўданавуковых праграм, якія транслююцца за агромныя грошы на вялізную аўдыторыю. Пакуль мы не разумеем, што гэта ідзе інфармацыйная падрыхтоўка да кансцыентальнай вайны”, – патлумачыў выступоўца.

Кансцыентальная вайна, па словах Уладзіміра Мацкевіча, патрабуе прызыву філосафаў на фронт, прычым не ў якасці “гарматнага мяса”, а менавіта ў якасці філосафаў, то бок тых, хто можа прадукаваць ідэі.

Канферэнцыя паказала, наколькі розныя оптыкі выкарыстоўваюць прадстаўнікі розных краін у даследванні тэмы вайны.

“Можна адзначыць пэўную спецыфічнасць у адносінах да сітуацыі вайны. Напрыклад, украінскія навукоўцы выказваюць больш практычнае стаўленне да яе, у расійскіх даследчыкаў больш тэарэтызавання і вялікі масіў назапашанай эмпірычнай інфармацыі. Беларусы, як мне падалося, найбольш разважлівыя”, – падзялілася ўражаннямі са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” пасля форума Таццяна Вадалажская.

Удзельнікі заключнай дыскусіі: Андрэй Горных, Валерыя Караблёва, Ілля Тарасаў, Аляксей Ластоўскі, Таццяна Вадалажская

Па яе словах, многія прадстаўленыя на канферэнцыі даследванні яшчэ чакаюць свайго абагульнення, але ўжо даюць шмат матэрыялу для разважання. Напрыклад, датычна мовы варожасці, якая была прадстаўлена праз даследванне анлайн-камунікацыі.

“Развагі патрабуе пытанне, ці дастаткова нам той мовы, якой мы апісваем вайну. Меркаванні падзяліліся: адны навукоўцы кажуць, што трэба шукаць новыя паняцці, іншыя сцвярджаюць, што рэфлексіўнае нагрувашчванне не дае разумення, лепш узяць ужо існуючыя катэгорыі і напаўняць іх сэнсам. Сам па сабе інструментар даследвання праблемны, і гэта вельмі важны напрамак працы. Тым больш, што праз усю канферэнцыю пралягала думка пра тое, што мы маем не толькі актуалізацыю вайны ў нас пад бокам, але ўвогуле зменены стан грамадства, які можна зразумець праз вайну значна больш дакладна, чым праз мір”.

Тэкст: Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Фота: Лятучы ўніверсітэт

___________________________________________________________

Канферэнцыя “Логас і патас: гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны” праходзіла ў Мінску 28-29 кастрычніка 2017 г. У аргкамітэт канферэнцыі ўвайшлі: Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс), Лятучы ўніверсітэт (Мінск), Цэнтр міждысцыплінарных гуманітарных даследаванняў (Мінск), Інстытут “Палітычная сфера” (Мінск-Вільнюс).

Па тэме:

Гуманитарное сопротивление тотальности войны

Татьяна Щитцова: Пропаганда становится самодостаточным полем ведения войны

Гуманитарная рефлексия в условиях войны: открытие конференции

Персоны:
Падзеі: