Аб’ектывізм як аб’ект пагадры

У 1946 г. у Савецкім Саюзе быў выдадзены падручнік Георгія Аляксандрава История западно-европейской философии. Як пазначае Лешак Калакоўскі, «падручнік быў цалкам прававерны ў сваёй задуме, месціліся ў ім усе адпаведныя цытаты з класікаў марксізму-ленінізму». Зрэшты, Аляксандраў быў начальнікам Упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК партыі, таму нават і не выпадала чакаць ад яго падручніка якіх-кольвечы рызыкоўных ідэй. Але нават гэты, здавалася б, бездакорна артадаксальны падручнік быў сустрэты непрыхільна партыйнымі ідэолагамі  і ў выніку быў сурова асуджаны. 

Думаю, што кожны, хто меў хоць якое дачыненне з гісторыяй акадэмічнага жыцця ў СССР,  змог бы прывесці шмат аналагічных выпадкаў. Я вырашыў выцягнуць наверх гэты казус з падручнікам Аляксандрава па той прычыне, што з нагоды дыскусіі (калі гэта можна назваць дыскусіяй) вакол гэтага падручніка з’явілася досыць цікавая абвінавачвальная катэгорыя: аб’ектывізм, часам у суправаджэнні адпаведнага прыметніка, напр. «гнілы».

У чым палягаў грэх аб’ектывізму? А палягаў ён у тым, што (зноў цытую Калакоўскага) «аўтар нейтральна абмяркоўвае погляды розных буржуазных філосафаў замест таго, каб весці бязлітасную барацьбу за перамогу адзінай слушнай, прагрэсіўнай, марксісцка-ленінскай філасофіі». З падобным закідам сустрэўся таксама падручнік па логіцы аўтарства Валянціна Асмуса. Вось так, нават логіка павінна была быць «ненейтральнай».

Тое, чаго вельмі не любяць марксісты любога разліву – ленінскага, грамшыянскага, лукачаўскага ці ўласна марксаўскага – гэта спробы заняцця нейтральнай пазіцыі ў якой-кольвечы справе. Калі фізік жадае быць нейтральным у светапоглядных справах, то гэта «старанна замаскіраванае служэнне буржуазіі» (у савецкай рыторыцы) або «наіўнасць ды самападман» (у рыторыцы сучасных «сацыяльных крытыкаў»).  Калі сацыёлаг імкнецца быць нейтральным у палітычных справах, то гэта азначае, што ён – «сабатажнік» (у савецкай рыторыцы) або ігнарант, які не чытаў ні Фуко, ні Дэрыду і не ведае, што ўсякая сацыялогія непазбежна «палітызавана» (у рыторыцы сучасных «сацыяльных крытыкаў»). Вось так ідэал навуковага аб’ектывізму без суду і следства адкідваецца як непатрэбны баласт.

Калі сённяшнія сацыяльныя крытыкі, гендэр-студэнты ды крытычныя дыскурс-аналітыкі высмейваюць ідэю аб’ектыўнага пазнання, то ім здаецца, што прасоўваюць нешта новае, смелае і нечуванае. Паблажліва ківаюць галовамі на адрас тых навукоўцаў, якія абураюцца іхнімі антыаб’ектывісцкімі выпадамі: ну што ж, разумеем ваша адчуванне шоку, бо так доўга вы жылі ў гэтай ілюзіі, а ніхто да гэтага часу не асмеліўся вам гэта сказаць; вось толькі мы, смельчакі з канца ХХ стагоддзя (ці пачатку ХХІ), адважыліся на такі крок.

Насамрэч жа нічога новага ў гэтым «антыаб’ектывізме» няма, а ўжо напэўна няма нічога гераічнага. Пад лозунгам барацьбы з аб’ектывізмам змагаліся і перамагалі савецкія марксісты, пад гэтым жа лозунгам – аж да 60-ых гадоў – знішчалася савецкае прыродазнаўства. Мода на пагарду да ідэі аб’ектыўнае веды – гэта прадукт інтэлектуальнай фанабэрыі, і больш нічога.