Белсат і ЕГУ: падабенства непадобных

Апошні тыдзень у беларускім медыяполі віруе тэма пазбаўлення фінансавання і магчымага закрыцця польскага беларускамоўнага тэлеканалу “Белсат”, які адмыслова арыентаваны на гледача з Беларусі. Грамадская дыскусія спарадзіла дастаткова супрацьлеглыя думкі як наконт праекта “дэмакратычнага каналу для Беларусі звонку” увогуле, так і наконт яго фармату, зместу і г.д. Відавочна, што для грамадскасці гэтыя пытанні з’яўляюцца дастаткова знакавымі і “пякучымі”. І нездарма ў гэтым кантэксце раз-пораз мільгала згадка пра Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, іншы прыклад буйнога праекту для Беларусі, што робіцца за мяжой.

На мой погляд, іх сітуацыя ў вачах беларускага грамадства дастаткова сіметрычная і выглядае на базавы дэфіцыт даверу. Справа ў тым, што абодва гэтыя пачынанні, як бы яны крытычна адзін да аднога не ставіліся, маюць агульны стратэгічны план: арыентацыя на рэалізацыю вонкавых мэтаў тых структур, што іх фінансуюць, з мінімальным зваротам да грамадскай думкі дзеля высвятлення пазіцыі на свой конт ці наконт якасці ўласнай прадукцыі для таго ж грамадства. Адсюль ідзе навочнае грэбаванне крытычнымі заўвагамі ў свой бок ад прадстаўнікоў мясцовых НДА ці інтэлектуалаў, блогераў, журналістаў, невысокія выдаткі на падтрымку належнай рэпутацыі ў мэтавай аўдыторыі, праца на “справаздачнасць” перад вышэйшымі структурамі. Што не адмаўляе магчымасці “энтузіязму на месцах”, там дзе падобныя праекты даюць абсяг свабоды для сваіх удзельнікаў.

Надзвычай крытычнае стаўленне грамадскасці да абедзвюх азначаных ініцыятыў можна патлумачыць дзеяннем наступных фактараў.

1) Нам (беларускай грамадскасці) наогул патрэбны падобныя праекты (незалежнае еўрапейскага ўзроўню тэлебачанне, сучасны беларускі незалежны ўніверсітэт), але не ў прапанаваным фармаце: тут форма нібыта забівае змест і тады лепш каб наогул такога не было, чым каб было як не належыць! Гэта ўстаноўка перфекцыянізму ў грамадскіх справах, што трымае пэўны стандарт: праект мусіць трымацца ідэалаў беларускай грамадскасці, а не вонкавых структур, інакш беларусам ён не патрэбны.

2) Нам неабходны праект, які б чуйна рэагаваў на інтарэсы і патрэбы свайго грамадства. Адсюль перабольшана крытычная рэакцыя ў тыя нешматлікія часы, калі менеджары такіх праектаў наогул слухаюць медыяпрастору для атрымання зваротнай сувязі: нарэшце, з’явілася магчымасць камунікаваць і ўплываць хоць трохі. Гэта рызыкоўная гульня, бо праекты сапраўды могуць зняць з фінансавання, але спрацоўвае вышэйзгаданы перфекцыянізм: праект альбо працуе як належыць, альбо “у паламаным выглядзе” ён нам не патрэбны зусім. Часам лепш нічога, чым “абы як”.

3) Мы наогул падазрона ставімся да структур з непразрыстым менеджментам. Што ЕГУ, што Белсат па зразумелых прычынах не спяшаюцца рабіць публічнай сваю кадравую, адміністрацыйную, фінансавую палітыку і выяўляецца гэта толькі ў часе скандалаў ці крызісных момантаў. І тады прыгадваецца ўсё: і вялікая колькасць “варагаў” – палякаў ці літоўцаў у межах структур, што прымаюць рашэнні, і спрэчныя пытанні ў вызначэнні “беларускасці” самога праекту, неабходнасці рэалізацыі тых ці іншых ініцыятыў і закрыцця перспектыўных напрамкаў.

4) Мы пачынаем паступова гартавацца ў якасці супольнасці, што ўсведамляе свае інтарэсы і адказнасць за грамадскія справы. Таму мы гатовыя ўжо да сімвалічнага (пакуль яшчэ, на жаль, не фізічнага) перахопу падобных вялікіх праектаў, каб разумець іх не як справу знешняга маніпулятыўнага ўздзеяння на Беларусь, але як частку нашых уласных задач і мэтаў па развіцці супольнасці і краіны, частку супольнай дзейнасці і адказнасці за яе вынікі.

5) Мы, нарэшце, пачынаем камунікаваць паміж сабой па пытаннях, што ёсць добрым ці благім для стратэгічнага развіцця нацыі і краіны, і гатовыя тое рабіць у публічнай прасторы. Гэта таксама адзнака паўставання пачуцця грамадскай адказнасці за сваё і грамадскае жыццё.

Адсюль можна зрабіць агульную выснову: чым больш беларусы абмяркоўваюць падобныя з’явы, тым больш шанцаў, што прыйдзе тое заўтра, калі ад словаў мы зможам перайсці да справы. І не толькі крытыкаваць існуючае, што робяць за нас, але супольна рабіць нешта грамадска значнае, і рабіць яго так, як адпавядае актуальным і стратэгічным патрэбам самой беларускай грамадскасці.

Упершыню тэкст апублікаваны ў ФБ Паўла Баркоўскага.

Лятучы універсітэт — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар