Да дыскусіі наконт сучаснага зместу адукацыі

Выкладзеная Таццянай Вадалажскай папярэдняя распрацоўка, што да новага зместу адукацыі і дзейнаснага падыходу па яго напаўненні, вартая самага пільнага разгляду і канцэптуальнага стаўлення. З аднаго боку, там ёсць шэраг момантаў, з якімі цяжка не пагадзіцца. Перадусім, гэта слушная крытыка “кампетэнтнаснага падыходу”, які відавочна звужае адукацыйную дзейнасць і зводзіць яе да практычна-функцыянальных кірункаў. Кампетэнцыя як пэўная здольнасць, навык, што дапамагае ажыццяўляць паасобныя актыўнасці ці стварае стан псіхалагічнай падрыхтаванасці да дзейнасці, гэта адно частковы адказ на крызіс традыцыйнай дысцыплінарнай (прадметнай) формы арганізацыі адукацыі і навучання. Адукацыйны працэс не можа без страт быць зведзены выключна да авалодання кампетэнцыямі сённяшняга дню ці будучыні. Калі нават на першы погляд выглядае, што гэта самае разумнае, чаму можна вучыць чалавека сёння.

Далей, можна ў цэлым вітаць спробу гістарычнай рэканструкцыі і раскладання існаваўшых форм адукацыі на асноўныя адукацыйныя працэсы ў параўнальнай перспектыве. Гэта сапраўды дадае пэўную дынаміку ў разгляд і дазваляе суадносіць цяперашнія прапановы з папярэднімі адказамі на напаўненне зместу адукацыі. Тое, што адукацыя таксама бярэцца не як маналітны працэс, а разглядаецца комплексна як сукупнасць падпрацэсаў, дазваляе больш падрабязна аналізаваць тыя кампаненты зместу адукацыі, якія вызначалі кожную “адукацыйную эпоху”. Хаця да прыведзенай табліцы варта было б дадаць яшчэ слупок са зместам адукацыі ў “парадыгме Космасу, Ліку і Логасу”. Таго варыянта напаўнення гэтага працэсу, што пачаў распрацоўвацца ў антычныя часы і быў зрэалізаваны прынамсі ў межах платонаўскай Акадэміі, хаця шматлікія яго кампаненты можна знайсці яшчэ і ў “сафістычнай” адукацыі. Гэта была адукацыя, скіраваная перадусім на арыстакратычныя колы ці людзей гэтак званага шляхетнага этасу. У тым варыянце светапогляд выбудоўваўся на разуменні адзінства космасу, з’яднанага лічбавымі і створанымі боскім Логасам эйдэтычнымі (ідэальнымі) парадкамі; навучанню падлягалі асноўныя веды пра будову космасу (матэматыка, фізіка, метафізіка); выхаванне адбывалася паводле прынцыпаў прыватнага і грамадзянскага этасу, а вынікам падрыхтоўкі быў чалавек, які мусіў спалучаць у сабе цноты добрага грамадзяніна, мужнага ваяра і справядлівага мудраца і мець пэўныя кампетэнцыі – разуменне гармоніі, веданне законаў, абстрактнае мысленне, ваярскі кодэкс і г.д.

Нарэшце, цалкам слушнай ёсць ідэя пра тое, што канкрэтызацыя зместу адукацыі – гэта заўжды перавядзенне яе агульнага канцэптуальнага плана ў педагагічны, уласна навучальны, таму акрамя вызначэння агульнага новага падыходу да адукацыйнай сітуацыі нашага часу трэба праводзіць яго канкрэтызацыю і “зазямленне” ў шэраг адукацыйных мерапрыемстваў і планаў. І гэта не дазваляе заспакойвацца на ўзроўні агульнай метарэфлексіі адукацыйных працэсаў і змушае нас дбаць пра распрацоўку падрабязнай схемы раскладання зместу адукацыі ў новай парадыгме на пэўныя навучальныя адзінкі. Не назаву іх прадметамі, бо прадметная форма выкладання выглядае на тое, што састарэла па самой сваёй сутнасці.

З іншага боку, у тэксце хапае момантаў, якія маюць дыскусійны характар і якія вартыя таго, каб іх публічна абмяркоўваць. Па-першае, трохі некарэктна выглядае сама схема раскладання адукацыйнага працэсу на падпункты, некалі прапанаваная Уладзімірам Мацкевічам і скарыстаная тут Таццянай Вадалажскай, прынамсі з пункту гледжання адэкватнасці назваў саміх падпрацэсаў. Калі лічыць, што ўсе азначаныя падпрацэсы разам утвараюць інтэгральны адукацыйны працэс, няслушна называць адзін з іх гэтаксама ж як і цэлае – адукацыяй. Тут было б слушна казаць пра “развіццё светапогляду”, “светаарыентаванне” ці “пакладанне карціны свету”, што сапраўды можа складаць падмурак усяго адукацыйнага працэсу. Інакш атрымліваем тэрміналагічную блытаніну, бо адукацыяй называем адначасова і больш вузкі, і шырэйшы працэсы. Таксама трохі нядбайна выглядае па-беларуску такая назва адукацыйнага працэсу як пісьменнасць (literacy), бо адсылае да ўжо занадта рэліктавай формы адукавання: навучання першасным навыкам пісьма. А ў спалучэнні “функцыянальная пісьменнасць” выглядае і наогул нягегла. Магчыма варта было б замяніць гэта на больш адпаведны сённяшняму разуменню гэтай практыкі выраз, кшталту – “трансляцыя кампетэнцый” ці “прадукаванне здольнасцяў” альбо, калі трэба адным словам, пакінуць наўпрост “кампетэнтнасць”. Гэта канешне збольшага тэрміналагічная крытыка, але яна дазваляе больш адэкватна апераваць наступным зместам адукацыйных працэсаў, пазбягаючы некаторых недарэчных асацыяцый ці сэнсавых непаразуменняў. Можна канешне было б паспрачацца пра колькасць вылучаных падпрацэсаў у межах адукацыі як гэткай, раскладаючы іх на больш спецыялізаваныя адзінкі ці інтэгруючы ўжо вылучаныя праз іх вялікае падабенства, але для нашых цяперашніх мэтаў гэта неістотна.

Па-другое. Канешне сама па сабе ідэя пра тое, што ў аснове зместу адукацыі ляжыць пэўная парадыгма стаўлення да чалавека і свету, выглядае вельмі грунтоўна, можна, аднак, паспрачацца наконт таго, як гэта парадыгма мусіць быць зразумелая сёння. Таццяна Вадалажская прапануе напаўняць яе на аснове мыслядзейнаснага падыходу і вызначае як парадыгму дзейнасці. Што тут можа выклікаць нязгоду? Калі свет разглядаецца як тое, што ўспрымаецца чалавекам у выглядзе сукупнасці відаў дзейнасці, якія ён у ім ажыццяўляе, гэта можа падавацца слушным дакладна да таго моманту, калі не задумацца, што сама па сабе дзейнасць – другасны працэс. У аснове якога ляжыць іншы больш сутнасны чыннік. Калі нават лічыць, што мысленне і дзеянне цалкам сінхранізаваныя працэсы, а пра гэта можна і варта спрачацца, дык ёсць неўзабаве штось больш прынцыповае: тое, што знаходзіцца ў аснове і дзейнасці, а нават мыслення.

Назавем папярэдне гэта нешта сацыяльным выабражэннем. Дзеля таго, каб мысліць, Еgo, якое потым выяўляе сябе як cogito ergo sum, мусіць для пачатку ўспрымаць сабе як гэтае самае Я, што можа мысліць, паслядоўна і тоесна, а таксама ўспрымаць свет як менавіта свет, а не набор фрагментызаванага досведу, іншых як іншых, і… можна доўжыць. Гэта мае на ўвазе, што першасным у чалавека, не толькі паводле Жака Лакана з ягонай стадыяй люстэрка (Les stades du miroir) ці Жана-Поля Сартра з яго “Выабражаным” (“L’Imaginaire”, 1940) і “Выабражэннем” (“L’Imagination”, 1936) як зыходнымі пунктамі мыслення, з’яўляецца здольнасць працаваць з вобразамі сябе і свету, да якой пазней далучаюцца яшчэ і вобразы іншых людзей. Дзеля таго, каб наогул залучыць сябе ў якую заўгодна дзейнасць, індывід спачатку мусіць выабразіць сабе свет, у якім тая дзейнасць мае сэнс, а таксама сябе як носьбіта дзеяння ў гэтым свеце. Безумоўна большасць успрымае зададзеныя ў раннім дзяцінстве вобразы сябе і свету як адзіна магчымыя і жывуць надалей у падобным натуралізме свядомасці, лічачы, што свет і яны такія, як тыя вобразы, у якія яны вераць.

Гэта асабліва было характэрна для традыцыйнага грамадства, дзе першасны вобраз свету задаваўся з калыханак і казак, базавых міфаў і не змяняўся тысячагоддзямі. Век мадэрну і імклівая мадэрнізацыя падарвалі гэтую наіўную веру традыцыйнага грамадства ў вечнасць і саматоеснасць іх вобразаў свету і чалавека, надаўшы гэтым вобразам характар дынамічных мадэляў, што змяняюцца ўвесь час, абрастаючы новымі характарыстыкамі. Але ўжо ў наш век робіцца відавочным, і тая ж віртуальная рэальнасць таму яскравае сведчанне, што людзі здатныя на адвольную і паслядоўную працу з вобразамі, якія ствараюць іх ідэнтычнасць, ідэнтычнасць свету і Іншых. Гэта мае наступствам знікненне адназначнай полавай ідэнтычнасці (з’яўленне людзей трэцяга полу, трансгендэраў), занурэнне некаторых індывідаў і цэлых груп у дзейнасць выабражаных супольнасцяў (прыкладам, рэканструктары, талкіеністы, грамадзяне ДНР і г.д.), таксама гнуткімі інструментамі працы з калектыўным выабражэннем на сёння робяцца тыя ж геапалітыка ці канспіралогія. Выабражэнне змушае нас сур’ёзна ставіцца да тых вобразаў рэальнасці, што нас атачаюць, адрынаючы сумневы скептыкаў і агностыкаў, і змушаючы прымаць дзейснасць уласнай дзейнасці. Мы дзейнічаем у тым свеце і такім чынам, які вобраз яго маем у свядомасці і які вобраз сябе ў ім разгортваем. Гэта рэальнасць сучаснага свету кансцыентальных войнаў і плыткіх ідэнтычнасцяў.

Сацыяльным мы называем гэтае выабражэнне таму, што яно можа з’явіцца адно з сацыяльнай перспектывы і так ці інакш скіраванае навонкі, перадусім у сацыяльны свет. Вобраз сябе ў свядомасці не можа з’явіцца апрычона, без суаднясення з вобразамі не-Я (пра што пісаў яшчэ І. Фіхтэ): Светам, што супрацьстаіць чалавеку, і Іншым, што супрацьстаіць майму Я. Выабражэнне мае комплексны характар: яно адначасова прадукуе мноства вобразаў, на аснове якіх, як на пэўным светапоглядным грунце, ажыццяўляецца ў наступным мысленне і дзейнасць. Самі ж гэтыя вобразы сапраўды могуць змяшчацца і транслявацца праз сімвалічны характар культуры і традыцыі, адкуль індывід можа іх браць і выкарыстоўваць ці ствараць новыя вобразы на аснове ўжо існых. Культура ж і традыцыя маюць беспасярэдне сацыяльны характар, пакладаючы выабражэнню ягоны сацыяльны змест.

Якую практычную выснову адсюль магчыма зрабіць для разгортвання прынцыпова новай мадэлі адукацыі? Характар свету сёння такі, што ў аснове існавання сучаснага чалавека ляжыць не дзейнасць з яе схемамі і працэсамі, а праца з выабражэннем, спосабы “стварэння сусветаў” (Н. Гудмэн, “Ways of Worldmaking”). Менавіта канструктыўныя тэхнікі працы з уласным і калектыўным выабражаным дазваляюць чалавеку на сёння мець гнуткую і комплексную ідэнтычнасць, адначасова ўваходзіць у розныя кантэксты дзейнасці, практыкаваць паралельна розныя кшталты рацыянальнасці і падыходы да вызначэння сябе і свету, ажыццяўляць варыятыўныя актыўнасці. Такая праца з выабражаным у нечым падобная на канструктыўную шызааналітычную структуру псіхалагічнага суб’екта, пра якую марылі ў сваіх працах Ж. Дэлёз і Ф. Гватары (“Анты-Эдып. Капіталізм і шызафрэнія”).

Тэхнікі працы з вобразамі перадусім змяняюць сам характар дзейнасці, у якую сёння аказваецца залучаны чалавек. Ранейшыя схемы мэтарацыянальнай дзейнасці, пра якія пісалі сацыёлагі і палітолагі ад часоў М. Вэбэра, змяняюцца такім спосабам яе арганізацыі як гульня. Гульня можа мець на ўвазе пэўныя правілы і мэты, якія мусяць быць дасягнутыя ў працэсе, але яна не мае строга запланаванага і прадвызначанага характару праз базавы элемент непрадказальнасці ў яе аснове. Сучасны чалавек схільны падпарадкаваць сабе трапнаму выразу Эрыка Бэрна “людзі, якія гуляюцца ў гульні, і гульні, у якія гуляюць людзі”, ці бывае нават патрапляе ў сітуацыі гульні, якая гуляе людзьмі. Праца з выабражаным адчыняе чалавеку магчымасці спрытна прасоўвацца ў гэтым множным гульнёвым свеце і камфортна сябе пачуваць там, дзе ягоныя продкі з’ехалі б з глузду праз адсутнасць адзінства ў карціне свету і стабільнасці правілаў дзейнасці.

Такім чынам, якую адсюль можна зрабіць агульную выснову. Я б сказаў, што сёння гаворка мусіць ісці пра парадыгму крэатыўнага выабражэння і гульні як базавы змест уяўлення пра свет і чалавека, што мае пакладацца ў ядро сучаснага працэсу адукацыі. Менавіта з гэтага мусіць пачынацца адукаванне сучаснага чалавека: умення канструяваць і кіраваць уласнымі вобразамі сябе, іншага і свету, а таксама перанясення гэтага ў гульнёвы фармат яго стаўлення да жыцця. Сённяшні свет – гэта эпоха Homo ludens. І рыхтаваць гэтага чалавека трэба не да канкрэтнай сукупнасці відаў дзейнасці ці авалодання наборам навыкаў ды кампетэнцый у тых ці іншых галінах, а да базавых форм кіравання сваімі выабражанымі сусветамі і гнуткімі карцінамі свету, якія робяцца падставай для ягонай гульнёвай дзейнасці і стасункаў з іншымі людзьмі. З гэтай нагоды я разглядаю працу з сацыяльным выабражэннем як падставовую для распачынання адукацыйнага працэсу як гэткага і менавіта такую мадэль мы закладалі ў нашу праграму адукацыі магістраў гульні, што цягнецца ў Лятучым універсітэце апошнія два гады, прынамсі ў межах школы сацыяльнай аналітыкі.

Навучанню тут падлягаюць асноўныя тэхнікі працы з выабражэннем, базавы сацыялагічны канструктывізм, крытычны дыскурс як уменне пазбягаць пастак натуралізму свядомасці, тэхнікі сімвалічнай інтэрпрэтацыі як гнуткія інструменты суаднясення сябе з іншымі ў межах шматфактарнага і шматмернага свету гульнёвай дзейнасці. Гэта разуменне свету як множнасці сфераў разгортвання гульні, дзе пераважныя ўстаноўкі, формы прыватнай і групавой ідэнтычнасці, уменні працаваць у непрадказальным і зменлівым праз чужыя ўчынкі асяроддзі – з’яўляюцца асноўнымі новымі якасцямі чалавека.

Пры гэтым цалкам можна пагадзіцца, што мэтай выхавання сучаснага чалавека мусіць быць этас чалавека індывідуальнага і самавызначанага, але тым не менш не ізаляванага ў сваёй карціне свету, а базава скіраванага на Іншага. Найбольш жывой і яскравай метафарай такога чалавека для мяне асабіста, пачынаючы з праектнай сесіі Лятучага Ўніверсітэта 2013 г., з’яўляецца вобраз “вадкага тэрмінатара з дзіркай Іншага ў сабе”. Уменне вызначацца, дастасоўвацца да зменлівага свету дзейнасці і браць адказнасць за сваё жыццё як гульню мае разглядацца як цнота гэтага чалавека, але пры тым звернутасць на Іншага, настроенасць на тое, каб разумець апошняга, амаль як сябе, вызначаюць спосаб існавання гэтага чалавека не менш за падобны – прафесійных гульцоў у покер. Таму разуменне сябе і Іншага – гэта, на мой погляд, вызначальныя філасофскія пытанні сучаснасці, і менавіта праз іх мусіць сёння быць зразуметы актуальны адукацыйны працэс, калі ён напраўду ставіць сабе неабходнасць выйсці на новы якасны ўзровень.

Калі паспрабаваць выкласці агучанае вышэй, паставіўшы ў межы агульнай табліцы, прапанаванай Таццянай, хоць і з карэкцыямі, то выглядаць яно магло б прыблізна так:

 

Падпрацэсы адукацыі

Змест адукацыі

Парадыгма Космасу, Ліку і Логасу

Парадыгма Бога і стварэння

Парадыгма Прыроды

Парадыгма крэатыўнага выабражэння і гульні

Светаарыентаванне

Космас, яго лічбавыя і эйдэтычныя парадкі. Логас як прынцып

Бог і стварэнне

Прырода, чалавек як частка прыроды, чалавек як майстра ў прыродзе

? Свет, чалавек і іншыя як сукупнасць вобразаў, карціны свету як тое, што чалавек стварае сам і ў камунікацыі, гульня як спосаб разгортвання гэтага ў практыцы

Навучанне

Веды пра будову космасу (матэматыка, фізіка, метафізіка) і заснаваная на гэтым практычная веда (тэхнэ)

Прыпавесці, гісторыя народу і царквы, пабудова Града зямнога і г.д.

Веды пра розныя бакі рэальнасці і навыкі здабыцця веды. Навуковыя прадметы і дысцыпліны.

? Тэхнікі працы з выабражэннем, канструктывізм і інтэрпрэтатыўнасць ў разуменні свету і іншых, гульнявыя якасці (змястоўна-генетычная логіка)

Выхаванне

Прыватны і грамадзянскі этас, асноўныя цноты дабрадзейнага чалавека

10 запаветаў і прыклады, узоры

Рацыянальнасць, узор чалавека як найлепшага стварэння прыроды. Чалавек пазнання і дзейнасці

? Чалавек самавызначаны, індывідуальнасць, скіраваная на Іншага (з “пусткай Іншага” ў сабе)

Падрыхтоўка

Падрыхтоўка адказнага воіна, палітыка і мудраца

Падрыхтоўка да выратавання

Навыкі і ўменні прафесійнай дзейнасці ў межах індустрыяльнага грамадства

Падрыхтоўка да жыцця ў свеце гульні і плыткіх ідэнтычнасцяў

Кампетэнтнасць

Цноты: разуменне гармоніі, веданне законаў, абстрактнае мысленне, дыялектыка, ваярскі кодэкс і г.д.

Рытуалы ды іншыя дзеянні, што забяспечваюць уключанасць у грамадства і стасункі з Богам (чытанне для пратэстантаў)

Грамадзянскія, сацыяльныя і культурныя кампетэнцыі ў межах індустрыяльнага і мадэрнага грамадства і нацыі (мовы, чытанне, грамадзянскія правы і г.д.)

Кампетэнцыі: Самаарганізацыя, Камунікацыя, Салідарнасць, Крытычнасць, Вобразатворчасць, Прыняцце рашэнняў і г.д.

 

Зрэшты частка падобнага зместу была выпрацаваная менавіта цягам нашых агульных рэфлексій і ўвасобілася ў прапанаваны Т. Вадалажскай чарнавік канцэпцыі адукацыі ў Лятучым універсітэце, да якога варта было б зноў вярнуцца сёння. Дарэчы змест адукацыі там раскладаўся на тры ўзаемазвязаныя адукацыйныя працэсы:

“1) неабходныя веды і прылады для «працы з светам»,

2) індывідуальнасць (ідэнтычнасць) чалавека як тое, што ўвесь час змяняецца і з’яўляецца прадметам намаганняў чалавека,

3) адносіны з «Іншым», які з’яўляецца неабходным кампанентам і ў мысленні, і ў канструяванні і развіцці індывідуальнасці”.

У апісаным там варыянце канцэпцыі адукацыі нашае яго разуменне змяшчала значна болей падабенства, чым спрэчнасці. Можа гэта дадала б нам той неабходны імпульс насустрэчнасці, каб зноў разам разгортваць сумесную дзейнасць па развіцці сучаснай канцэпцыі адукацыі, якую мы будзем і надалей доўжыць на базе Лятучага ўніверсітэта.

* Ілюстрацыя: Сацыяльна адказны чалавек будучыні, прасякнуты “пусткамі” Іншых. За яго спінай светлая будучыня, перад ім туман няпэўнасці :).

15.01.2018 г.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Читайте также
Напішыце каментар