Каламбіна, П’еро, Арлекін з Ракава

Міхал Анемпадыстаў піша ў сваёй прадмове, што задачай максімум Народнага альбому было стварэнне культуралагічнага міту “Заходняя Беларусь. Міжваенны перыяд”, як праявы існавання Беларусі ў несавецкай традыцыі. Лявон Вольскі на канцэртах лаканічна тлумачыць: “Гэта такая зонг-опера пра нялёгкае міжваеннае жыццё беларускага мястэчка паміж Польшчай і Савецкім Саюзам”. Стваральнікам, канешне, варта давяраць, яны лепш ведаюць, але … Для мяне “Народны альбом” – гэта тэатр камедыі  дэль артэ. І ў гэтым яго сакрэт, моц і “ахелесава пятка”.

Дэль артэ – гэта заўжды вядомая ўсім пʼеса, ад якой няма аніякіх нечаканасцяў. Ёсць вядомы ўсім героі са сваймі характарамі і рэплікамі. Няма ніякага асаблівага новага прачытання ці пастаноўкі. Але ёсць тое, чаго няма ў іншых формах. На сцэне прысутныя і дзейнічаюць не толькі персанажы пʼесы, але і акторы (выканаўцы), як неад’емная і важная частка падзеі, якая адбываецца. Адначасова суіснуюць і разгортваюцца некалькі прастораў. Кожная з іх жыве па сваіх правілах і ў сваёй драматургіі. Мы бачым тры дзеі, тры плана існавання. Па-першае, гісторыя, якую распавядае п’еса (усім вядомая да рэплік і характараў персанажаў). Па другое, акторы, якія выконваюць ролі, прадстаўляючы нам не толькі самі ролі, але і стасункі паміж роляй і выканаўцам. Яны здымаюць і надзяваюць маскі, каментуюць сваіх персанажаў і імправізуюць. Ну і трэцяя дзея і план, гэта жывыя адносіны паміж акторамі, якія выконваюць свае ролі. І ўсё гэта адначасова, імкліва і заблытана пераплятаецца адно з адным. Усё гэта весела і сур’ёзна, складана і проста…

Што прымушае глядзець нязменныя пʼесы з стандартнымі героямі  дэль артэ доўгія гады? Гэта жыццё якое адбываецца вакол пʼесы і роляў. Яно адбываецца тут на сцэне, яно прыцягвае і ўцягвае ў сабе.

Дваццаць год існавання Народнага альбома паказалі, што і ягоная прыцягальнасць не толькі ў творчай дакладнасці аўтараў, ці мастацкім таленце выканаўцаў. Не толькі ў бездакорным патрапленні у час, месца і душэўны стан тых, для каго ён стаў важным і сваім у канцы 90-ых. Не толькі выкананнем задачы стварэння “культуралагічнага міта”. Міт ужо створаны, ён жыве. Прайшло дваццаць год. Іншы час, краіна, людзі, праблемы … усё іншае. А “Народны альбом” зноў знаходзіць жывы ўнутраны водгук, старое і адначасова іншае адчуванне таго, што з табой адбываецца тут і цяпер.

Усё гэта мажліва пакуль мы бачым на сцэне не проста забаўляльную, прыгожую і сентыментальную гісторыю “нейкага мястэчка” у пэўныя часы. Гэта гісторыя – цяпер толькі пʼеса. Усім ужо знаёмая. Гэта пʼеса – пра ўяўнае мінулае, выдуманае ці рэальнае, магчымае ці прымроенае. Гэта п’еса – пошук сябе, намацванне межаў і адкрыццё магчымых кантэкстаў, праз паўсядзеннасць і простыя рэчы. І каб нам яе проста расказвалі, нават з дадатковымі сучаснымі тэатральнымі эфектамі, мы б магчыма цешыліся і суперажывалі

Але сапраўдны “Народны альбом” адбываецца тады, калі апроч п’есы мы бачым яшчэ і людзей, якія разыгрываць гэтую гісторыю. Цуд у тым, што раз за разам мы распавядаем гэтую гісторыю разам з імі. Гэта мы разам даследуем сябе магчымых у мінулым і ў будучыні, мы пазнаем і не пазнаем сябе, мы плачам і іранізуем, францім, танчым, смяемся, жартуем, перажываем, баімся і прадчуваем, застаемся ў роспачы і хутаемся ў цёплую коўдру. Мы раз за разам шукаем і знаходзім сябе ўсе разам і кожны паасобку. І гэтая магчымасць далучэння палягае ў адкрытасці ўваходу ў стасункі не толькі паміж персанажамі, але і найперш паміж ролямі і выканаўцамі, а таксама і паміж самімі акторамі. Пакуль усё гэта ёсць – побач з Казікам, Юзікам, Рагойшай, Аліцыяй ёсць Вольскі, Вайцюшкевіч, Камоцкая, Круглова – кожным разам канцэрт ператвараецца ў супольную практыку самаразумення. І тады не такімі ўжо важнымі становяцца абставіны п’есы.

З усяго “Народнага альбома” толькі дзьве песні – не песні персанажаў. Гэта песні выканаўцаў, тых, хто праз свае ролі і пʼесу шукае і знаходзіць сябе. “Я да жалю ня пан” – спроба зафіксаваць тое самае, знойдзенае, няўлоўнае, сутнасць таго, што ёсць я ці мы, што дае магчымасць заставацца сабой, у кароткае імгненне адчуваць саматоеснасць. “Простыя словы” – як шлях і спосаб гэтага пошуку, здольнасць глядзець на тое, што побач і здаецца звычайным і нявартым увагі, але з якога паўстае свет і мы самі.

“Народны альбом” працягвае жыць не толькі праз свой статус знакавай культурнай падзеі і, нават не праз прыцягальнае “шоў”, а праз шматузроўневую і хітра сплеценую прастору  дель артэ. Каламбіна, П’еро, Арлекін, Казік, Юзік, Адэля жывуць, пакуль мы зможам разам з выканаўцамі “праз іх” разумець сябе.