Крытычнае мысленне – ці прыжывецца яно ў Беларусі?

Доўга разважаў, чым «адкрыць» свой блог у прасторы Лятучага Універсітэту. Але ў пэўны момант тэма як быццам сама ўсплыла. Мая прыгода з ЛУ дагэтуль праходзіла пад трыма знакамі: 1) крытыка «актуальнай філасофіі», што мела месца калісь у Менску; 2) трэнінг крытычнага мыслення ў Магілёве і 3) выступ у Віцебску на тэму таго, як не пакрыўдзіць чалавечую мову. Такім чынам, чарговая адслона прыгоды з ЛУ хай перагукваецца з папярэднімі.

Пытанне, вынесенае ў загаловак, у пэўнай ступені правакацыйнае. Магчыма, той-сёй, пабачыўшы яго, падумаў: А скуль аўтар узяў, што крытычнага мыслення ў Беларусі няма? або: Во, чарговы ментар, які прэтэндуе павучаць іншых, як трэба крытычна мысліць. Калі такога тыпу пытанні ў кагось з’явіліся, то гэта яскравы доказ таго, што крытычнае мысленне ў Беларусі ёсць. Бо сапраўды, пад загалоўкавым пытаннем хаваецца даволі моцнае сцвярджэнне: крытычнае мысленне ў Беларусі, як дагэтуль, не прыжылося, а такое сцвярджэнне наўрад ці можна было б назваць апраўданым. 

Мэтай гэтага допісу – як і наступных – не ёсць нараканне або павучанне. Маю намер падзяліцца некаторымі думкамі і рэфлексіямі наконт актуальных праблем датычна крытычнай дыскусіі, аргументацыі і разумавання – таго, што можна змясціць пад тэрмінам-парасонам «крытычнае мысленне». 

У гэтым допісе – некалькі рэфлексій наконт грамадскага ці грамадска-палітычнага вымярэння крытычнага мыслення, дужа актуальнага для Беларусі. Магчыма, гэта загучыць як нейкі маніфест, але выражу перакананне, што дэмакратызацыя ў значнай ступені залежыць ад развіцця культуры дыскусіі. Некалькімі словамі патлумачу гэта меркаванне. Каб суіснаваць у грамадстве, людзі мусяць валодаць нейкімі спосабамі самаарганізацыі. А дзеля гэтага патрэбны спосабы ўзаемапераконвання. Буду называць іх «персвазіямі». Магчымы розныя спосабы персвазіі: маніпуляцыя інстынктам самазахавання (пагроза смерцю), маніпуляцыя фізічным болем, маніпуляцыя імкненнем да самарэалізацыі, а таксама вербальная персвазія. Пераход ад замкнёнага грамадства да грамадства адкрытага, дэмакратычнага – гэта перадусім працэс замены сродкаў персвазіі: мінімалізацыя абшару пераконвання-шляхам-гвалту і максімалізацыя абшару вербальнай персвазіі. 

Аднак, абшар вербальнай персвазіі, узяты асобна, таксама вельмі разнастайны. Бо можна ажыццяўляць вербальную персвазію з дапамогай цкавання апанента, выкарыстоўвання негатыўных стэрэатыпаў, эмацыйнай маніпуляцыі, але таксама шляхам апелявання да агульнапрызнаных аўтарытэтаў, спаслання на каштоўнасці і з дапамогай рацыянальнай аргументацыі. Ясна, што няма такіх грамадстваў, дзе ў публічнай прасторы адсутнічалі б такія прымітыўныя прыёмы, як ачарненне апанента або эксплуатацыя стэрэатыпаў. І не будзем мець ілюзій, што ўдасца дайсці да такога стану, што ўсе будуць публічна толькі рацыянальна дыскутаваць. Вялікім дасягненнем будзе, калі дынаміка пашырэння «высокай персвазіі» будзе дадатнай. Бо калі ў публічнай прасторы дамінуюць «нізкія» персвазіўныя прыёмы, акадэмічная сфера пераймае вульгарныя метады пераконвання, публіцыстыка перапоўнена цкаваннямі і інвектывамі, а грамадства ўспрымае ўсё гэта яе норму – можам казаць тады, што грамадства прымітывізуецца і з’яўляецца выдатная глеба для дыктатуры. 

Крытычнае мысленне – гэта пагроза для аўтарытарызму. Панаванне ў грамадстве «нізкай персвазіі» – падкормка для яго.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар