Моц бяз высілкаў

31 снежня 1999 года. Мы з сябрамі вырашылі сустрэць новае тысячагодзе неяк незвычайна. Апранулі самаробленыя касцюмы (мухамора-дзедамарозы, ката-зайчыкі і іншыя “пачвары”), упрыгожылі ровары званочкамі і пакаціліся праз горад на  Кастрычніцкую, каб сустрэць міленіум весела і пад зорным небам.  Мінакі радасна віталі незвычайны роварны картэж, кіроўцы сігналілі … Мы былі шчаслівыя і, падаецца, выпраменьвалі святочны настрой навокал. Дабраўшыся да Кастрычніцкай, дзе, між іншым, было людна і весела, прымацавалі ровары і пачулі пытанне: “А што вы будзеце рабіць для нашых дзетак?”  Некалькі хвілін мы не ведалі як адказаць. Нас, карнавальна апранутых, прынялі не за тых хто весяліцца, а за тых, хто будзе весяліць.  Потым, канешне ж, дзеткі чыталі нам вершы, атрымлівалі цукеркі, дарослыя фатаграфаваліся ….  Мы не сталі даводзіць, што мы такія самі па сабе, а не для кагосці.

Але гэтае пытанне і тыя свае пачуцці я ўзгадваю кожным разам, калі чую: “А чаму я не ведаю пра тое, што вы робіце? Чаму я не ведаю гэтага аўтара/навукоўца/інтэлектуала, калі Вы кажэце, што ён талент”. Здаецца, розныя абсалютна сітуацыі, але для мяне яны звязаныя нейкім падставовым уяўленнем пра свет, пра сябе, стасункі з іншымі, пра існаваннем для сябе і ў вачах іншых, пра тое на кім ляжыць адказнасць ведаць, шукаць, разумець. 

Калі чую такія пытанні, мяне ахоплівае роспач. Прысутнасць у медыя прасторы, то бок прасторы якая адмыслова існуе, каб быць пасярэднікам паміж чалавекам і чалавекам, чалавекам і падзеяй, чалавекам і з’явай, становіцца знакам існавання. Калі я цябе не ведаю, то ці ты існуеш? Калі ты не “прапануеш” сябе як нешта карыснае для іншых, ці ты існуеш?  

У мы ўцягваемся ў доўгі ланцуг: спачатку абявязкова трэба пазначыць сябе у медыя-прасторы. Уяўляеце сабе сёння нешта вартае, што не мае свайго сайта? Лепш пазначыць праз лога, каб было запамінальнае і прывабнае, каб цябе пазвалі па знаку. Потым, парупься пра тое, каб быць зразумелым для чалавека, які выпадкова сустрэў цябе і тваю справу. Будзь інтэрактыўным, паклапаціся пра магчымасць для любога давесці меркаванне, ацэнку і г.д. Зрабі так, каб любому было проста і зручна удзельнічаць, каб яго не абцяжарвала неабходнасць рабіць дадатковыя рухі і мець якія-небудзь выдаткі – грашовыя ці інтэлектуальныя. Паклапаціся ўтрымліваць ягоны інтарэс да цябе, каб іншыя спакусы не адцягнулі ягоную увагу …. 

Скажэце, я перабольшваю. Не хочаш, не ўключайся ў гэтую гульню. Ці лепш, зрабі тое, што можашь прапанаваць, платным. Але гэта ж тое самае. Як толькі ўзнікае плата, мы адразу пераходзім у прастору паслугі, мы пачынаем існаваць у залежнасці ад попыта, мы імкнемся быць зразумелымі, прывабнымі і канкурэнтна здольнымі.

Дык можа не ўключацца ў такую гульню? А ці магчыма не ўключацца? Падаецца, што ў нейкі момант мы (людзі, грамадства) перайшлі нябачную лінію, парушылі баланс у стасунках з “іншым”, праз якія выяўляецца існаванне. Перавага, здаецца назаўсёды перайшла на бок таго хто глядзіць, абірае, ацэньвае. Калі ты не ведаешь пісьменніка, якому далі прэмію, дык у гэтым вінаваты сам пісьменнік, выдаведства, арганізатары прэміі і г.д., што не данеслі, не распаўсюдзілі, не ўпэўнілі. Тое самае з ідэямі, думкамі, прапановамі. Яны павінны заваяваць нас, а не мы спасцігнуць іх. 

Мяне ахоплівае роспач, калі я чую “А чаму я не ведаю пра тое, што вы робіце?”. Як кажуць, свет ужо ніколі не будзе ранейшым. 

І вось нечакана да мяне прыйшла надзея. 

Трохі прэамбулы. 

На мінулагодні летнік Лятучага да нас завітаў літоўскі сябра і калега Русціс Камунтавічус. Тады мы абмяркоўвалі тэмы этаса і лада жыцця, і ён зазначыў, што амаль тыя ж праблемы зусім нядаўна абмяркоўваліся на традыцыйнай “канферэнцыі” літоўскіх ліберальных інтэлектуалаў “Santara-Šviesa” (Садружнасць і святло). Гэтыя паралелі падаліся цікавымі і мы вырашылі пазнаеміцца з гэтай з’явай бліжэй. “Santara-Šviesa” мае больш як 50 гадовую гісторыю і  застаецца формай інтэлектуальнага ўплыву на культурнае, палітычнае  і ідэйнае жыццё Літвы сёння. Супольнасць (федэрацыя) “Садружнасць і святло”, створаная ў сярэдзіне 50-ых літоўскімі эмігрантамі, мела дэвізам “Тварам да Літвы” і імкнулася развіваць ліберальныя ідэі для Літвы. Напачатку 90-ых яна разам з эмігрантамі прыехала ў Літву, каб будаваць сваю краіну, прасоўваючы ліберальныя ідэі. Сярод заснавальнікаў – выбітныя літоўскія навукоўцы, пісьменнікі, палітыкі  — Валдас Адамкус, Вітаўтас Каволіс, Агідіс Міцкунас, Дарыюс Куоліс, ды інш. Яны складаюць “сяброўскае кола”, якое трымае гэтую з’яву і да якога далучаюцца сучасныя зоркі літоўскага гуманітарнага і культурнага поля – Леанідас Донскіс, Эгідыюс Александравічус, Гінтаўтас Мажэйкіс ды і інш… Тут яшчэ шмат можна было б казаць, але, напэўна, гэта асобная тэма. 

У гэтым годзе я паехала, каб “паглядзець ужывую”.  Адзін з выступаў закранаў тэму “існавання” . Ён быў пабудаваны як крытака фізікалізма, які надае статус існуючага толькі таму, што мае фізічныя вымярэнні. Я агледзілася і стала разумець, што можа больш важным для мяне ёсць не думкі ў выступах (сапраўды вельмі цікавых і вартых увагі), а тое, што я бачу.  

Я глядзела на запоўненую залю  і патроху ўзгадвала ўсе дэталі, якія мяне “чаплялі” адпачатку знаемства з “Santara-Šviesa”. Гэтыя дэталі патроху складваліся ў карціну. Больш як 50 год існавання. Каля 350 чалавек прысутных у зале (казалі, што ў іншыя гады было болей), прыехаўшыя з розных краін. Шмат выбітных навукоўцаў, інтэлектуалаў, дзеячоў культуры (у якіх звычайна не шмат вольнага часу ў календары). Усё – прыезд, пражыванне, харчаванне – за сродкі ўдзельнікаў і праз валантэрскую працу ад тэхнічных арганізатараў да тых, хто фармуе кантэнт і выступае. Стыль арганізацыі нічым не дае падставы падумаць, што цябе хтосці “абслугоўвае” за твае грошы. Умовы жыцця і харчаванне  —  ў той якасці і колькасці, каб толькі задаволіць жыццёвы працэс і не адцягваць ад галоўнага – слухаць, думаць, камунікаваць. Усё мерапрыемства – 3 дні з 10 раніцы да 10 вечара – даклады, дыскусіі і “культурная праграма”. Падчас дакладаў нязвыклая цішыня (так што пераклад для мяне шэптам, здаецца, чулі ўсе ўдзельнікі і я адчувала сябе вельмі няёмка). У залі не бачна людзей з ноўтбукамі ці іншымі гаджэтамі, якія адначасова “працуюць” ці папросту сядзяць у ФБ. 

І пры гэтым не так шмат звестак можна знайсці ў Інтэрнеце, аніякай самарэкламы, няма свайго сайту, а старонка фейсбука  выконвае выключна тэхнічную  функцыю  — звесткі пра магчымасць рэгістрацыі і трохі каардынацыі. 

І каб ужо канчаткова “дабіць” – няма банераў, буклетаў, бейджаў, тэчак, асадак …  – анічога, што матэрэалізавала б існаванне “Santara-Šviesa”, апроч ягонага існавання тут і зараз.

Агідіс Міцкунас у сваёй прамове сказаў: “Santara-Šviesa” – гэта моц бяз высілкаў. Без тых “дадатковых” высілкаў па пазначэнні сябе, прапанове і прамоцыі, без якіх мы амаль не можам ужо ўявіць сабе нешта культурна і сацыяльна значнае. Але “Santara-Šviesa” існуе. Вы не знойдзеце сайта, але знойдзеце спасылкі на думкі і ідэі ў палітычных выступах, кнігах, артыкулах.  “Santara-Šviesa” існуе хаця б таму, што некалькі сотняў людзей кожны год прыязжаюць сюды, каб сустрэцца і пачуць адзін аднаго.

Я глядзела на запоўненую залю  і думала, што патрапіла ў той “ранейшы” свет, “якого ўжо ніколі не будзе”. Я думала, ці магчыма такое на Беларусі, а калі магчыма, то як? 

Можна канешне сказаць, што “Santara-Šviesa” існуе на назапашанай за доўгія гады энергіі і інэрцыі. Можна сказаць, што такое паўтарыць у свеце, які змяніўся, немагчыма. Але надзея ўсё ж застаецца. Сапраўды нашыя летнікі нагадваюць “Santara-Šviesa”, але ў нечым яны радыкальна адрозніваюцца. Ці можам мы адмовіцца ад прамоцыі і забеспячэння ўдзельнікаў? Колькі застанецца  гатовых ахвяраваць сваім часам, сродкамі, інтэлектуальнымі высілкамі толькі таму, што мы патрэбныя адзін аднаму для нечага, што складае наш лад жыцця? А можа іх нават стане больш? Можа не толькі я адчуваю роспач калі чую: “А чаму я не ведаю пра тое, што вы робіце?”

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Читайте также
Напішыце каментар