Пытанне Нацыянальнага ўніверсітэта

57 беларускіх дзеячоў склалі заяву, дзе заклікаюць да стварэння незалежнага Нацыянальнага ўніверсітэту. Я таксама мару пра такі ўніверсітэт. І не толькі мару. «Лятучы ўніверсітэт – гэта праграма стварэння сапраўднага сучаснага Ўніверсітэту ў Беларусі і для Беларусі» – напісана на нашых “штандартах”. І досвед 5 гадоў працы ў гэтым накірунку, дае падставы для таго, каб акрэсліваць тыя крокі, якія тут і зараз з’яўляюцца галоўнымі на гэтым шляху.
Праўда, перад тым каб іх агучыць, варта зазначыць тое, што я маю на ўвазе, прамаўляючы «Нацыянальны ўніверсітэт» (бо як часта здараецца з такімі рэчамі, пры агульнай згодзе ў словах, мы можам цалкам па-рознаму бачыць іх сутнасць). Нацыянальны ўніверсітэт – гэта месца, супольнасць і арганізацыя жыцця, якія забяспечваюць развіццё мыслення і культуры Беларусі, якія ствараюць умовы для фармавання нацыянальнай эліты – людзей здольных да таго, каб разглядаць Беларусь як сваю справу і клопат. То бок калі казаць пра адукацыю ў такім універсітэце, то людзі павінны ісці сюды не для прафесійнай падрыхтоўкі, хоць бы вельмі якаснай, а дзеля адукацыі.

Дык вяртаючыся да высноваў пра неабходныя крокі станаўлення Нацыянальнага ўніверсітэта Беларусі, я магу вызначыць:

1. Развіццё інтэлектуальнай (акадэмічнай, універсітэцкай), здольнай да таго каб «Думаць Універсітэт», то бок прымаюць на сябе рашэнне праблем і задач у пошуку і канцэптуалізацыі зместу адукацыі і арганізацыі мыслення ва ўніверсітэце, зыходзячы з задач нацыянальнага развіцця і разумення агульных кантэкстаў развіцця мыслення і адукацыі. Часам найлепшыя выкладчыкі проста не бачаць сябе ў гэтай якасці, а супольнае мысленне і практыка ў гэтым накірунку пакуль вельмі малая.

2. Пошук адэкватнага сітуацыі развіцця Беларусі зместу адукацыі і формаў мыслення, уласна пошук канцэптуальнага рашэння для Нацыянальнага ўніверсітэту. Нажаль простым пераносам «еўрапейскіх стандартаў» вышэйшай адукацыі тут немагчыма абысціся. Хутчэй варта весці гаворку пра ўключэнне ў шэраг новых ініцыятываў і пошукаў, якія робяць еўрапейскія ўніверсітэты. У гэтых пошуках яны спрабуючы пераадолець «крызу ўніверсітэтаў», якія ідуць па шляху масавай падрыхтоўкі для рынку працы, але страчваюць сваю ўніверсітэцкую сутнасць.

3. Аднаўленне або стварэнне ў краіне месца інтэлектуала і мысляра. Сёння гэтага месца няма не толькі, дзякуючы палітыцы дзяржавы, але і амбіцыям і ўстаноўкам саміх інтэлектуалаў і мысляроў. Мы бачым сыход у «эксперты», прыватныя меркаванні (няхай і ў публічнай прасторы). Бяз высілкаў па стварэнню сабе такога месца і ўстанаўленню адпаведных адносінаў з інстытуцыямі і грамадствам, нацыянальны ўніверсітэт не можа займаць адпаведнага свайму сэнсу месца.

Усе гэтыя тры задачы (паўтаруся – першачарговыя), магчыма вырашаць толькі ў Беларусі і пры максімальным уцягванні ў іх вырашэння самога шырокага круга патэнцыйных удзельнікаў. Як бачна, тут не вядзецца пра “установу” – афіцыяльную, зарэгістраваную, з дыпломамі дзяржаўнага ўзору. Пазначыныя вышэй задачы не звязаныя з установай, таму аргумент “у Беларусі не дадуць” – ня мае сэнсу.   Ніякі ўніверсітэт у эміграцыі не вырашыць гэтых задач. Ён можа вырашыць іншыя – працаўладкаванне людзей з забаронай на прафесію, стварэнне ўмоваў для студэнтаў з Беларусі і г.д.. Але рашэнне гэтых задач, як такіх вартых і слушных, нажаль не наблізіць нас да Нацыянальнага ўніверсітэту.