Сустрэча з настаўнікам

1997 год. У кнігарні я набыла шэранькую, невялічкую кніжку, на вокладцы якой быў ужо афіцыйна скасаваны, але яшчэ не выгнаны з кнігарняў і іншых месцаў бел-чырвона-белы сцяг (тры паласы, уздоўж вокладкі). Кніга мела назву «Беларуская демократия вопреки очевидности, аўтар – Уладзімер Мацкевіч.

Кніга мне спадабалася. Цікава, трапна і сістэматычна выкладзена сітуацыя беларускіх парламенцкіх выбараў. Праўду казаць, галоўнага я тады не заўважыла і не зразумела. Не стала разбірацца з цяжкімі «першымі» уводзінамі, дзе распавядалася пра метадалагічны падмурак і падыход. Заўважыла, але не надала неабходнай увагі метаду даследавання і пазіцыі аўтара. Але і сам аўтар даваў індульгенцыю, кажучы «няхай кожны чытае тыя ўводзіны, якія яму зразумелыя і патрэбны». Абцяжарваць сябе разуменнем я не стала. Між іншым гэтыя ўспаміны, пра тое як я чытала гэтую кнігу, заўсёды прыходзяць калі зараз мы выдаем новую кнігу, ці проста даводзім вынікі сваіх даследаванняў, ці разважанняў. Тады я проста прыстасавала тое што прачытала да сваіх наяўных ведаў і ўяўленняў пра сутнасць веды, яе магчымасці. А ўсе незразумелае пакінула як выкрутасы аўтара.

Але кніга спадабалася і я нават вырашыла працытаваць нешта з яе, калі працавала над заяўкай на нейкі даследчы праект. Гэтая цытата вельмі здзівіла аднаго з паважаных беларускіх навукоўцаў, які параіў мне замяніць яе на нешта падобнае па зместу, але не беларускага, нікому невядомага аўтара, без ступеняў і статуса, а каго-небудзь з прызнаных заходніх аўтарытэтаў у палітычнай навуцы. Тады, да свайго сораму, я палічыла гэтую параду вартай. Праект той так і не спраўдзіўся.

Апроч зместу, які мяне зацікавіў, было ў гэтай кніжцы яшчэ адна рэч, якая не давала мне спакою нейкі час. Гэта было згадванне пра нейкую ці то ўстанову, ці то аб’яднанне – Агенцыю гуманітарных тэхналогіяў. Тады, яшчэ нядаўна скончыўшы ўніверсітэт, я цікавілася магчымымі месцамі, дзе было б цікава працаваць. Інстытут сацыялогіі, куды я ўжо ўладкавалася, не здаваўся мне гэткім месцам (праўда я прапрацавала пасля гэтага там яшчэ 10 год). Як той алкаш з анекдота, які салодка і мройна кажа «йогурт», а потым купляе гарэлкі, я нейкі час фантазавала пра тое, што гэтая ўстанова робіць, як там магчыма працаваць сацыёлагу, але так і не дайшла, каб пацікавіцца і пазнаёміцца бліжэй.

Наступным разам я сустрэла Мацкевіча ўжо напрыканцы 2001 года. Тады філасофскі семінар «Беларускае мысленне: канон, кантэкст, генезіс, перспектывы», якой ладзілі Ігар Бабкоў і Уладзімер Абушенка стаў праводзіцца ў будынку, дзе месціліся інстытут філасофіі і наш інстытут сацыялогіі. Насамрэч у той час я вельмі мала была ўключана ў інтэлектуальнае і філасофскае жыццё Мінска і семінар так і застаўся б для мяне па-за інтарэсу, калі б адзін з яго наведвальнікаў і мой сябра не распавёў пра яго і ягоных удзельнікаў. Сярод названых імёнаў было няшмат вядомых, але два выклікалі зацікаўленасць – Валянцін Акудовіч і Уладзімер Мацкевіч. На іх і пайшла «паглядзець». Інтарэс да апошняга быў тым большым, што апроч колькі гадоў назад прачытанай кніжкі, я пабачыла яшчэ не выдадзены, але даволі шырока чытаны тэкст, які ў той час зваўся яшчэ «Пра яйца» (потым «Вызывающее молчание»). Тэкст быў дзіўным: саркастычна-іранічным, але і ў той жа час там чыталася нейкая вельмі цэласная і мала зразумелая мне жыццёвая пазіцыя, якая сумяшчала хрысціянскія пастулаты, з рацыянальным падмуркам і мысленнем, як каштоўнасцю, пакладзенымі на вырашэнне палітычных праблемаў краіны. Тады гэта здавалася нейкім вычварэнскім кактэйлем, сумяшчаючым рэчы, якія адна адну цалкам выключаюць. Але ж гэты кактэйль адкрываў для мяне нешта такое новае. Не ў сэнсе ведаў (ці то эмпірычных, ці то тэарэтычных), а ў нейкім антрапалагічным сэнсе. Дагэтуль я не бачыла людзей, якія б ТАК ставіліся да мыслення і да краіны, якія б ТАК звязвалі мысленне і краіну з сабой, сваёй асобай, сваім лёсам і жыццём. Напэўна адносна краіны, культуры і мовы – гэта яшчэ можна было б пабачыць у беларускім асяродку. Але мысленне, якое ўспрымаецца не толькі як прафесія, ці нават лад жыцця, а як прызванне, як свая справа. Праўда, гэта трошкі пазней я стала гэта так разумець, а напрыканцы 2001 мне былі неразуменне і цікавасць, жаданне паглядзець на гэтага Мацкевіча. І я паглядзела. Уражанні былі дзіўныя.

Зараз даволі цяжка дакладна прыгадаць, што я тады думала, бо прайшло ўжо шмат год, за спробай паразумення феномена Мацкевіча. Па-першае мяне ўвогуле надта ўразіў гэты семінар, гэта была краіна па той бок люстэрка ў адносінах да інстытуцкага асяроддзя. Я канешне даволі цвяроза ставілася да ўзроўню інтэлектуальных працэсаў у родным інстытуце, але пабачыць іншы свет змагла толькі на семінары. Для мяне там было і напружанне мыслі і новыя адносіны да яе. Адно тое, што доўгая змястоўная філасофская размова можа ісці на беларускай мове хапіла б для мяне, каб лічыць гэты семінар прарывам у маім светапоглядзе. Але і на гэты новым, цікавым і незвычайным фоне Мацкевіч выдзяляўся. Я дакладна магу сказаць, што тады я нічога не разумела з таго, што ён кажа і тым больш, што ён робіць. Сярод гэтых Іншых, ён быў Іншым у квадраце. З ім заўсёды прыходзіла напружанне. Напружанне не толькі інтэлектуальнае (нешта зразумець, дапасаваць адно да другога, выкрыць памылкі ў развагах), але і напружанне дзейнасці інтэлектуала і філосафа. Было зразумела, што ён патрабуе мысліць па-іншаму, не ў сэнсе зместу, а ў сэнсе самой працы. Ён заўсёды нечага хацеў ад выступоўцаў … і ім звычайна гэта не падабалася, ці было не зразумела. Праз некаторы час Мацкевіч з семінара сышоў, так і не дамовіўшыся з ягонымі кіраўнікамі аб фармаце і стылю працы. Я не прысутнічала на той сустрэчы, якая ўсе вырашыла, а аб ёй «паказанні расходзяцца», але сярод тых хто застаўся семінарыць без Мацкевіча было прынята лічыць, што яго выгналі, каб не замінаў агульную працу. Мне здавалася, што пасля сыходу семінары сталі значна менш энергічнымі. Але тады мне цалкам хапала таго інтэлектуальнага напружання, каб ня надта гараваць.

Пра далейшы лёс Мацкевіча некаторы час я ведала толькі па чутках. То казалі, што ён кінуўся ў рэлігію і нават стаў пастарам, то з’явіліся звесткі, што ён робіць перадачу на беларускім тэлебачанні. Характар чутак цалкам адпавядаў іміджу героя: і ў іх, і ў ім сумяшчалася несумяшчальнае (прынамсі, да звычайна чалавека), і ў іх, і ў ім дакладнае і рэальнае сумяшчаецца з уяўным і гульнёй, з тым чаго няма, ці яшчэ не было. Ён робіць усе адразу, без жалю парушаючы ўсе зразумелыя межы «прафесій» і «заняткаў», пры гэтым кажучы, што рэалізуе сваю праграму, сваю справу і яна ні ў якія дысцыплінарныя, ці прафесійныя межы і рамкі не ўкладаецца. Арыентыры для яе – мысленне і Беларусь.

Вось нядаўна «паважаныя» асобы, якія займаюцца «рэальнай справай» пагардліва называлі яго спецыялістам шырокага профілю. А ці можа быць мысленне з вузкім профілем? Ці можна шукаць адказы на невырашальныя праблемы без фантазіі, без таго каб імкнуцца зрабіць тое, чаго яшчэ не было. Але ж да гісторыі…

Праграма «Выбар» сапраўды стала выходзіць на беларускім тэлебачанні і вёў яе Уладзімер Мацкевіч. Першыя выпускі стваралі зноў дзіўнае ўражанне. Здавалася, што найбольш гатовым размаўляць, аргументаваць, даводзіць пазіцыю з’яўляецца сам вядучы. А ўдзельнікі ці то былі не гатовыя рабіць усе гэта перад камерай, ці то насамрэч менш думалі над тымі пытаннямі, якія абмяркоўваліся. У выніку, Мацкевіч, стрымліваючы сваё жаданне і гатоўнасць абмяркоўваць тэму спрабаваў «завесці» удзельнікаў. Можа праз нейкі час гэта стала б сапраўдным інтэлектуальным ток-шоу па важкіх пытаннях, але Мацкевіча з тэлебачання выдалілі. «Выбар» ператварыўся ў дурную гумку.

Прайшло яшчэ колькі часу і я зноў «патрапіла» на Мацкевіча, але ў іншым кантэксце. Быў 2004 год – чарговы ганебны рэферэндум. Дагэтуль я насамрэч была вельмі мала ангажаваная ў палітычнае жыццё краіны – звычайная інтэлегентская кухня. А ні табе ўдзелу ў якой партыі, а ні мітынгаў. Але нешта з надыходам дню рэферэндума ў мяне з’явілася адчуванне недахопу паветра. Здавалася, што нейкія апошнія шчыліны магчымасцяў закрыліся і як жыць далей – не зразумела. З’язджаць я не збіралася. Тады пасля рэферэндуму я прыходзіла на Кастрычніцкую плошчу як на сеансы псіхатэрапеўта – каб адчуць сабе чалавекам, на колькі часу не адчуваць сябе па шыю ў брудзе. Але ж як жыць далей? Што я магу? Што я павінна? Тое, што я знаходзіла ў апазіцыйных газетах мне здавалася безвыніковым.

І ў гэты час Мікола Кацук стаў распавядаць пра форумы тутбая, дзе ішла нейкая вельмі напружаная спрэчка аб тым што і як далей. Адным з галоўных герояў зноў быў Мацкевіч. Я пачала чытаць. І зноў нейкае незразумелае адчуванне. Мне не падабалася шмат з таго што, а тым больш як, ён пісаў. Але. Нешта там было такое, што патрабавала ўсе ж разабрацца. Найбольш адыёзныя рэчы выклікалі супраціў, а за тым … Ці ж ён дурань, ці ж сам не разумее, што кажа дурасць? Не, не дурань. І гэта дакладна. Тады з чаго ён кажа тое, што самы дурань будзе абвяргаць. Ці можа я нешта не разумею? Ці можа ён нешта даводзіць не банальнае, а толькі мае разуменне гэтага робіць з гэтага дурасць?

Колькі часу я напружана сачыла за гэтымі бойкамі. Мацкевіч казаў, што ведае што рабіць. Напачатку 2005 года Мікола распавёў, што яны забіраюцца на «гульню», дзе будзе распрацоўвацца «стратэгія перамогі» на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Пра арганізацыйна дзейнасныя гульні я таксама чула. І таксама нічога добрага. Пра сутнасць і станоўчыя вынікі ніхто не казаў, а вось пра выпадкі, калі людзі вар’яцелі, распавядалі падрабязна. Таму я з інтарэсам і нейкай трывогай чакала вяртання Міколы. Ён прыехаў вельмі ўзрушаны, але нармальны. Некалькі тыдняў я чула бясконцыя расповеды пра гульню, пра напружанне мыслення і дзейнасці. Потым прачытала тое, што атрымалася – стратэгію. Там шмат што было не зразумела, але гэта было адзінае што мне здавалася разумным, каб гэтым кіравацца і нават актыўна ўключацца ў агульную дзейнасць.

Нада сказаць, што каб трохі зразумець Мацкевіча, яго думкі і дзеянні прыйшлося за гэты час азнаёміцца з тэкстамі яго самога і ягонага Настаўніка – Георгія Шчадравіцкага. А тут, адразу пасля гульні быў зладжаны курс ўводзінаў у сістэмны падыход. Я пайшла, учапіўшыся за прапанову Міколы схадзіць паслухаць. І вось толькі тады, напрыканцы вясны 2005 года, я пазнаёмілася з Мацкевічам рэальна і асабіста. Ён тады шукаў людзей, гатовых працаваць разам, я была вельмі ўзрушана прапановай далучыцца. Хаця сам Мацкевіч зараз не памятае, пра тое, каб ён рабіў такую прапанову.

Усе пачалося з хуткага і нечаканага ўдзелу ў малой гульне (у чэрвені 2005), сустрэчаў і абмеркаванняў дзеянняў на кватэры Мацкевічаў і напісання рэцэнзіі на сайт Вelintellectuals.com. Апошняя была падпісана – Агенцыя гуманітарных тэхналогіяў. Вось такое выкананне мараў праз амаль 8 гадоў. З гэтага часу пачынаецца мае навучанне.

У мяне дагэтуль не было Настаўніка. Нават так: я не ведала, што такое Настаўнік. Канешне былі людзі, якія паўплывалі і даволі моцна на тое, што я разумела ў жыцці і сваёй працы. Былі выкладчыкі ў школе і ўніверсітэце, да якіх я ставілася з вялікай павагай і цікавасцю. Былі родныя, калегі, сябры і знаёмыя, якія сваімі справамі вымушалі неяк ацэньваць саму сябе, самавызначацца. Я не шукала Настаўніка, бо як і пераважная большасць сучасных людзей, лічыла, што я сама такая ўнікальная і каштоўная, што знаходзіцца пад уплывам – гэта дрэнна. Аказалася, што страх, што на цябе нехта ўплывае, кіруе табой – гэта таму, што ты сам сабой кіраваць не можаш, не можаш стаць тым кім хацеў бы. І вось я знайшла Настаўніка. На гэтым гісторыя пошуку і сустрэчы сканчаецца, а пачынаецца іншая – гісторыя навучання.

Таццяна Вадалажская

2011

Жывы журнал

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Читайте также
Напішыце каментар