Трыялог у Лятучым, прачытаны як маналог

спроба дэканструяваць прадмову і пасляслоўе з “Коду прысутнасці”

Траўматычны досвед носіць выхад гэтага зборніка

І. Бабкоў

 

Замест эпілога: Прадмовай і пасляслоўем звычайна пачынаецца і заканчваецца кожная прамова, яны як своеасаблівы пачатак і канец кожнай справы. Прадмова – гэта фактычна тое, што стаіць перад мовай, перад пачаткам аповеду ці, у дадзеным выпадку, перад анталогіяй у сэнсе тэксту. Такім жа чынам пасляслоўе – апошняя мяжа слоў, ці азначальнік іх сэнсу. Таму, для тых, хто ведае гісторыю стварэння гэтых “прадмовы” і “пасляслоўя”, сімвалічна і тое, што яны менавіта такім чынам размясціліся ў гэтай кнізе.

Дык што ж з’яўляецца першаасновай: частка ці цэлае? З дыялога нарадзілася дыялектыка, каб зноў вярнуцца да яго на ўзроўні дыялога “асобаў”. Дэканструкцыя, дарэчы, таксама карыстаецца бінарнымі супрацьлегласцямі як спосабам выключэння нейкага трэцяга. Такім чынам, супрацьлегласць прадмова-пасляслоўе, павінна “выключыць” увесь шэраг тэкстаў альбо “уключыць” іх, як элемент, які адносіцца ці да пачатку, ці да канца, каб выявіць логацэнтрызм і скончыць барацьбу іерархій. Але бывае і так, што, губляючы свой першапачатковы сэнс, словы прапускаюць уперад мысленне. “Пісьмо не рэгулюецца логікай разумення”, паколькі яно вызвалена ад сэнсу, як ад своеасаблівага прымусу.

Ужо з самага пачатку беларускага жарта анталагічныя праблемы мыслення разыходзяцца па розных вектарах. Як сапраўдны эпатажны майстар Мацкевіч, жартуючы, “анталогія як аргумент у вырашэнні анталагічных праблем”, ставіць пытанне пра існаванне беларускага мыслення і філасофіі, на якое адразу ж адказвае без сумнення Павел Баркоўскі назвай свайго тэксту: “Беларускае мысленне новага тысячагоддзя”, прычым па-шаманску “закладваючы” будучыню беларускаму мысленню. Дзесьці, мабыць, залішне ўпарта беларускі інтэлектуал нават не даспускае думкі, што яно не існуе, але яго цікавіць іншае: праблема мысляроў і філосафаў усіх часоў. Кажучы словамі У. Някляева “Сам бог і бог у бозе – Кон”. Чаму па-шаманску? Магчыма, таму, што дэканструкцыя дазваляе нам ствараць прастору для такога мыслення, на якое здольны мысляр ці той, хто гуляе. Ці можам мы спыніцца на мяжы існавання-неіснавання мыслення? Ці можа моўны крытэрый стаць індыкатарам беларускасці для мыслення? А можа, пакуль мы тут з вамі разважаем, дзесьці ў Японіі, напрыклад, штучны інтэлект ужо кіруе нашымі думкамі і марамі. І можа, беларуская мова – гэта сімулякр, як replica, якая не мае арыгіналу? І з гэтай нагоды не так ўжо і важна, што філасофскі слоўнік, напісаны ў Беларусі, выйшаў на рускай мове ў Расіі, што беларускія мысляры могуць развіваць свае думкі не па-беларуску. Былі б думкі, існавала б мысленне! “На якой вы мове думаеце, мысліце?”— ёсць такое цудоўнае пытанне, якое часцяком мы задаем сабе. На той, на якой размаўляем, пішам і чытаем! Зараз ёсць такія цудоўныя кантэйнеры для макулатуры, дык вось я кожны дзень назіраю, як людзі прыносяць туды кнігі сеткамі і кідаюць у гэты своеасаблівы крэматорый, занатаваныя кімсьці думкі. Рукапісы не гараць? Гараць!

Рукапісы гараць у сэрцах неабыякавых людзей! Напрыклад, такіх, якія ладзяць Тыдзень беларускага мыслення, ці такіх, якія прыходзяць на гэтыя мерапрыемствы, ці тых, хто робіць цудоўныя банеры са “смакам беларускай мовы”, ці тых, якія распаўсюджваюць няхай сабе маскультавыя вышыванкі! “Сама мова – гэта пэўны свет, у якім мы звыклыя жыць і таму гэтак цяжка бывае перакласці нешта грунтоўнае з аднае мовы на іншую – прынцыповая несувымернасць сказанага” (Павел Баркоўскі. Пасляслоўе). Вось дзе пануе дэрыдыянская “Граматалогія”, у мове! І калі пісьмо ў гэтай парадыгме разглядаецца як крыніца мовы, як знак семіятычнай прасторы, тады безумоўна важна, на якой мове будзе напісаны гэты тэкст.

Дыялог з сусветам па-беларуску, трансцэндзіраванне анталагічнага пытання “Ці ёсць ён, Кон здумлення?” Ці па-адорнаўскі: “Як можна змагацца за вызваленне беларуса, за лёс, наканаваны яму, з Сусветам?”. Ці яшчэ дакладней: як не стаць грамадствам спажывання і аднамернымі людзьмі, а мець права “людзьмі звацца”. Думай, Беларусь!

“Гэты кон можна спрабаваць скажаць, яго нават можна падмяняць, але яго нельга пазбыцца”. Быць табе беларусам, калі ты закінуты ў гэты свет на гэтую зямлю. Трэба “спыніць у сабе інстынкт мысліць ўсеагульна” (Павел Баркоўскі. Пасляслоўе).

Словы, якія людзі ўжываюць, мова, на якой гавораць, ствараюць своеасаблівую прастору мыслення. І, безумоўна, ужываючы родныя словы, мы далучаемся да нейкага ўсеагульнага мыслення, калі нават не паўстае пытанне: беларускае яно ці не. Своеасаблівае адзінства трыялога, які плаўна перацякае ў дыялог лятучых мысляроў, а тады зноў у маналог аднаго мысляра і другога, дае нам падабенства да М. Бахціна, якога У. Мацкевіч узгадвае як беларускага філосафа. Тут дарэчы хаваецца прыхаваны адказ пра існаванне філасофскіх беларускіх школ, ці адказ на спрадвечнае пытанне У. Мацкевіча: “Ці можа нарадзіцца беларускае мысленне без пэўнага адукаванага асяроддзя?” І пра адсутнасць новага мыслення, існаванне кампілятыўных думак сучасных мысляроў, можна адказваць паводле М. Бахціна: словы іншых людзей становяцца знакамі для нас, потым гэтыя “чужыя словы” перапрацоўваюцца ў дыялогу, і атрымліваецца своеасаблівы “свой-чужы” дыялог, які з цягам часу ператвараецца ў маналог асобы. Вялікія думкі належаць сусвету. І таму магчыма гэтае трансцэндзіраванне П. Баркоўскага, “Хто не мысліць, той пазбягае свайго існавання”.

Ці існуе беларуская філасофія? Асабіста я вельмі рада гэтаму пытанню, таму што ў сучасных падручніках беларускай філасофіі адводзіцца літаральна пару старонак, дзе пералічаны беларускія мысляры, пачынаючы ад моднага зараз першага беларускага філосафа І. Абдзіраловіча да амаль усіх беларускіх пісьменнікаў, якія з’яўляліся стваральнікамі мовы і мыслення лапцюжнай Беларусі. Хаця ў сучасных артыкулах можна сустрэць прозвішчы знакамітых і згаданых тут Грыцанава і Сцёпіна. Але літаральна, калі існуе беларускае мысленне, тады аўтаматычна адпадае пытанне пра філасофію, бо адно непарыўна звязана з іншым, гэта як іманентная непадзельнасць аднаго ад другога. Мы можам спрачацца пра існаванне-неіснаванне беларускіх навуковых школ, выданне ці невыданне своеасаблівых кніг, спрачацца доўга і бесперапынна, на мой погляд, таксама гэта зазначае ў сваіх развагах У. Мацкевіч, але мы павінны ведаць, што паводле Ж. Дэрыда ўсялякі інтэлектуальны доказ бяздоказны. Тут найважнейшым становіцца менавіта “слова”, “мова”, а не іх месца ў анталогіі як навуцы пра быццё. І адзін мысляр і другі насамрэч відавочна разумеюць прадмет спрэчкі, і адзін. і другі могуць ўзгадаць тысячу аргументаў і “за” і “супраць”.

Дык пра што гэты трыялог?

Пра любоў! Усё пачынаецца з любові і заканчваецца ёю. Адзін гэта называе любоўю да чыстага мыслення, другі да беларускага, трэці кажа пра трансцэндзентнае, Абсалют, Кон, Сусвет, Семіясеру, але ўсё геніяльнае вельмі проста. Раздарожжа, на якім нас пакінуў І. Абдзіраловіч, – наш крыж! Але цуды і магія дэканструкцыі пераўтвараюць “павіслы” на крыжы яшчэ з часоў быкаўскага “Знака Бяды” народ у элемент касмічнага скрыжавання і сімвалізму, які быў спакон і ад веку, успомніць хаця б паходжанне беларускіх сімвалаў, цудоўна ўзгаданых І. Дубянецкай.

Варта мысліць! “Думаць Беларусь!” І тады стане зразумела, дзе ў Сусвеце плыве Беларусь і куды ляціць Лятучы…

Тэхніка дэканструкцыі прадмовы і пасляслоўя да кнігі “Код прысутнасці. Анталогія беларускага мыслення 2000-2015”, выкананая падчас Тыдня беларускага мыслення ў імпрэзе слухачоў курса П.Баркоўскага “Тэхнікі сімбалічнай інтэрэтацыі. Герменэўтыка”