Зацемкі на палях “дыскусіі” аб адукацыі

У цэлым, канешне, можна вітаць працяг размовы пра змест адукацыі. Але.

1. Мой тэкст быў накіраваны, найперш, на тое, каб разабрацца з тымі прапановамі па змесце адукацыі, якія сёння мы бачым у якасці адказаў на крызісныя з’явы. На іх будуюцца праграмы і інстытуцыі, яны з’яўляюцца асноўным зместам абмеркавання для класічных стэйкхолдэраў адукацыі – працадаўцаў, дзяржавы і бацькоў. Трэба знайсці ім месца ў той сістэме, якой мы карыстаемся і вылучыць “пустыя месцы”. Другой задачай было засярожданне ўвагі на гэтыя пустыя месцы. Увогуле хацела пакінуць іх з пытальнікамі. Хоць пэўныя адказы па клетачках ёсць, але праблема з гэтымі адказамі менавіта ў перакладанні іх у адукацыйную дзейнасць. Гэтаксама як ёсць адказы, напрацаваныя ў межах праектанай сесіі, а таксама яшчэ некалькі “змястоўных кавалкаў”. Гэта ўсё будаўнічы матэрыял, у тым ліку, калі мы штосьці рэалізуем практычна, прымяраючы і разумеючы, як гэта працуе ці не працуе. І трэцяя задача, гэта пытанне “парадку дзеянняў” у пошуку і пабудове новага зместа. Мы можам неверагодна доўга і крэатыўна запаўняць таблічку. У адрозненні ад таго, што мы можам напісаць у слупкі “мінулае”, будучыня існуе ў іншым статусе. Вось гэта менавіта і патрабуе адказу: арганізацыя адукацыйнай практыкі, форма зборкі зместа адукацыі і адпаведная медалагічная парадыгма.

2. Прыведзеная табліца, крый Божа, не з’яўляецца “гістарычнай рэканструкцыяй”, а толькі дэманстрацыяй логікі развагі і наглядным прыстасаваннем для разумення таго, дзе ёсць значныя прабелы. Грунтоўная рэканструкцыя на базе прапанаванай схемы падпрацэсаў і вылучэння педагагічных парадыгмаў ёсць у кнізе “Палемічныя эцюды” У.Мацкевіча.

І калі вядзецца пра “змест адукацыі”, то важна было б даследаваць і апісаць разніцу “класічнай” і “рэальнай”, “элітарных” і “эгалітарных” школ, асобна разабраць інжэнерную адукацыю як узор фармавання зместа, а таксама адукацыю у “творчых” прафесіях, разабраць змест адукацыі ў пэўных “кружках” і г.д.

3. Наконт “іначай назваць” і “можна штосці дадаць”, дык я ў такіх выпадках маю адну вельмі простую ўстаноўку: калі ў кагосьці ёсць задача, якая не вырашаецца прапанаваным інструментам – трэба ці то адкінуць інструмент, ці то дапрацаваць яго. Лепшы ён ці горшы вырашаецца па выніку вырашэннем задачы. Схемы, паняткі, канцэпты і г.д. – гэта толькі інструмент, а не тое, як ёсць на самой справе, не прэтэнзія на тое, каб ахапіць і прадставіць усе глыбыні свету. І да 10 запаветаў шмат што дадаць можна (хіба ж вычэрпваюць яны ўвесь этас чалавека?). Пытанне ў тым – якая задача?

4. Пра замену дзейнаснага падыхода на парадыгму сацыяльнага ўяўлення (выабражэння). Вось тут мне троху няемка з таго захаду, якім Павал “крытыкуе” дзейнасны падыход у якасці гранічнай анталогіі, бо Павал прафесіны філосаф, але. “Гранічная анталогія (предельная онтология)” – гэта такая інтэлектуальная дзея, якая пакладае нешта (Бога, прыроду, дзейнасць, свядомасць…) у якасці прэдыката для сусвету. Тобок прапануе разглядаць “свет як…”. Не выбірае на падставе першаснасці ці другаснасці, не вышуквае, як яно там насамсправе.

Гэтая інтэлектуальная дзея адбываецца на падставе і ў сітуацыях, калі ў пошуках адказаў на пытанні практыкі (тут не пра ўдоі і нават не пра реформы) іншыя карціны свету не даюць магчымасцяў вырашэння. Але тут мала проста абвесціць/прапанаваць. Урэшце я магу прапанаваць бачыць свет як грыб. Гэта прыгожа і эўрыстычна. Вартасць такой анталогіі ў якасці гранічнай не правяраецца пытаннем, што больш значна ці першасна – дзейнасць, мысленне, пачуцці, свядомасць (увогуле, мне здаецца гэтае пытанне існуе адмыслова для таго, каб мы маглі мець вечнае пытанне). Справа ў тым, як разбудаваць гэтую анталогію, пераўтварыўшы яе ў працоўны інструмент для мыслення і практыкі. Метадалагаў ад пачатку і да сёння цікавіць мысленне яе першаснае (як анталагічнае, як прафесійнае, як мысленне тут і цяпер). І менавіта з практычнай задачы “як працуе мысленне? Як яго можна арганізаваць?” узнік падыход: “мысленне як дзейнасць”. Дзейнасць – менавіта таму, што ў адрозненні ад “мыслення” (якое было прадметам цікавасці але адэкватных адказаў на пытанні і тлумачальных падыходаў не было) пра дзейнасць ужо былі пэўныя эўрыстычная напрацоўкі. І, па-другое, таму што гэтыя напрацоўкі пераадольвалі і здымалі ў сабе прыродную анталогію. Дзейнасць прапануе разглядаць свет як дадзены ў стасунках з чалавекам, з яго практычнай інтэнцыяй (а не “свет разглядаецца як тое, што ўспрымаецца чалавекам у выглядзе сукупнасці відаў дзейнасці”). Між іншым, свет дадзены нам у стасунках, ёсць дадзены нам як ўяўленая (сканструяваная, пабудаваная) карціна свету (ці асобныя аб’екты), якая задаецца чалавечай працай і практычнай інтэнцыяй. Гэта да таго, што сацыяльнае ўяўленне (як праца па фармаванню пэўнай карціны аб’екта) ёсць неад’емнай частакай дзейнаснага падыходу.

Але вернемся да гранічнай анталогіі. Пачынаючы з 50-ых метадолагі разбудоўвалі свой падыход, рухаючыся ад “дзейнасці” да “мыследзейнасці” і далей да “сістэмы мыследзейнасці”. Рухаліся менавіта для таго, каб напрацаваць той інтэлектуальны і практычны інструментарый, з якім можна спрыяць паўставанню пабудаваных на мысленні сфер і інстытутаў. Так, прынамсі, у закрытым савецкім грамадстве сталі развівацца дызайн, горадабудаўніцтва, педагогіка, не кажучы ўжо пра сістэмны падыход.

Менавіта ў СМД стала развівацца гульня як спосаб арганізацыі мыслення ў складаных межпрафісійных і сацыяльных сітуацыях. Злом савецкага грамадства, яго “адкрыццё”, з’яўленне новай гістрарычнай, культурнай і сацыяльнай сітуацыі сталіся выклікам для метадалагічнага падыхода.

І беларуская лінія яго развіцця сёння працуе на мяжы дзейнаснай і гульнявой гранічнай анталогіі (гульнавая тут знаходзіцца ў стане “абвяшчэння” і першых крокаў разбудовы: гл. Мацкевіч “Вопреки очевидности”, раздел “Культурная политика” (не паверыце! Там пра гульню!), Тацяна Вадалажская, «Homo lundens» як антрапалагічная перспектыва».

Разумеючы гэта, не магу падзяліць патас заяўкі Паўла ставіцца да “парадыгмы сацыяльнага ўяўлення” і “гульні” як да сур’ёзнай апазіцыі.

Ну і каб два раза не ўставаць і больш не здзіўляцца чарговай крытыкай, рэкамендую троху азнаёміцца з гісторыяй СМД, пастаноўкай і развіццём прадмета, метада і самаразумення:

Методологический смысл оппозиции натуралистического и системодеятельностного подходов (базавы, сухі і ў межах “савецкага часопіса, але сутнасны тэкст)

Игра и «детское общество»  (Яшчэ 1964 год і яшчэ ў межах педагагічнай дзейнасці, але важны пераход да сутнасці гульні).

Организационно-деятельностная игра как новая форма организации и метод развития коллективной мыследеятельности

Да генезіса метадалагічнага падыходу. Две версіі:

Я всегда был идеалистом

Хорошо быть молодым. В.Мацкевич

Там між іншым варта пачытаць і «Мыслят ли методологи?»

Пра “Думаць Беларусь” нагадваць неяк няёмка…