Андрэй Дынько: 4-ы Ковенскі кангрэс, вада і брыдкае качаня

Апублікавана: 25.11.2014
4-ы Ковенскі кангрэс

Наша Ніва

Давялося пазнаёміцца з разгромна-крытычным водгукам на Кангрэс, напісаным адным літоўскім аналітыкам. І ён мяне зачапіў. Аўтар выстаўляе прэтэнзіі да дэталяў, але за дрэвамі не бачыць лесу.

Але спачатку трохі агульных звестак пра форум.

Па-літоўску гэты горад называецца Каўнас. У беларусаў раней бытавала такая яго назва — Коўна.

Чаму ў Каўнасе адбываюцца гэтыя кангрэсы? Бо Кангрэсы даследчыкаў Беларусі ладзіць суполка навукоўцаў — палітолагаў пераважна, але не толькі, — якая называецца «Інстытут «Палітычная сфера». А яна мае цесныя сувязі з ковенскім Універсітэтам Вітаўта Вялікага.

Гэта не проста ўніверсітэт як іншыя. Vytautas Magnus University, па-літоўску Vytauto Didziojo Universitetas, адрозніваецца тым, што першым перайшоў на амерыканскую сістэму навучання. Студэнты ў ім самі выбіраюць, якія прадметы вучыць, а якія — не. Вялізную ролю ў станаўленні ўніверсітэта адыгралі літоўскія эмігранты.

А беларусам універсітэт Каўнаса дапамагае таму, што ў ім працуе некалькі выдатных навукоўцаў, якія надзвычай спагадліва ставяцца да Беларусі. Гэта літовец Русціс Камунтавічус і паляк Томаш Блашчак. Яны і дапамагаюць «маладым беларусам» ва ўсіх іх пачынаннях.

Камунтавічус, дырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага, мае погляд не традыцыйны для літоўскіх гісторыкаў. Мала таго, што ён прызнае ролю беларусаў у ВКЛ, дык яшчэ і кажа, што часам гэтая роля была галоўная. У 2013 годзе ён прыязджаў у Мінск і выступіў з лекцыяй.

4-ы Кангрэс даследчыкаў Беларусі прайшоў без пафасу. Не было там пачэсных гасцей-зорак. Не было помпы. Нават цырыманіяльныя моманты мелі адценне спантаннасці. Не было пышных банкетаў, толькі крыху пячэння і танных цукерак, каб адзначыць прэміі за найлепшыя працы. Не было трансферу ўдзельнікаў ад гатэляў. Дый у саміх гатэлях большасць людзей размяшчалі па двое ў пакой, а не па адным, як бывае на ўсякіх статусных імпрэзах. Самых пачэсных гасцей, дарэчы, пасялілі ў «Метраполь» — гатэль каля цэнтральнай у Коўне Лайсвес-алеі, (алеі Свабоды). Там усё захавана, як было калісьці ў 1920-я. Захавана настолькі, што ў некаторых пакоях было зусім холадна, бо няма сучаснай сістэмы кандыцыянавання.

Але атмасфера навукі была. І беларускасць на кангрэсах пануе непадробная. А замест калектыўных банкетаў дэлегаты вечарамі каштавалі літоўскае піва ў шматлікіх барах пуставатага Коўна (за апошнія 25 гадоў насельніцтва горада паменшала з 420 да 307 тысяч чалавек).

15 секцый мелі працаваць паралельна. Каласальны механізм! Не бачу праблемы, калі адна з іх (эканоміка) сарвалася. Але гэта таксама паказчык, у якой сферы навукоўцы «распешчаныя ўвагай» і не зацікаўленыя ва ўдзеле ў падзеях, дзе ім не плацяць ганарараў.

Найбольш удзельнікаў было на гістарычных секцыях – і гэта аб’ектыўны паказчык таго, якая сфера цешыцца найбольшай увагай у беларусаў сёння.

Гістарычныя секцыі называліся так: «Вялікае Княства Літоўскае: крыніцы-соцыум-нарацыя», «Беларусь у складзе Расійскай Імперыі» з падсекцыяй «Яўрэі ў кантэксце беларускай гісторыі», «Беларусь у ХХ ст.: насілле і мадэрнізацыя», «Беларускае замежжа і памежжа ў гісторыі і сучаснасці».

Было некалькі паліталагічных секцый, філалагічныя, літаратурная, секцыя пра архітэктурную спадчыну. Ну і модная цяпер «гендарная». Прычым гэтым разам не толькі пра фемінізм, але і з падсекцыяй «Мужчынскіх даследаванняў». Вось пра гендарную можна сказаць, што яна была зусім правальнай, бо даклады як не чаплялі беларускіх рэалій, былі простай данінай модзе.

Слова на Кангрэсе бралі Андрэй Чарнякевіч, Уладзімер Мацкевіч і яшчэ сотні навукоўцаў. Захар Шыбека прыляцеў з Ізраіля, Курт Вулгайзер — з Амерыкі, гэтым разам была і прадстаўнічая дэлегацыя расійскіх навукоўцаў прагрэсіўнага, антыімперскага толку, у тым ліку з МГІМО, Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта і Вышэйшай школы эканомікі. Здаецца, для іх было вельмі важна бачыць і Літву, і беларусаў.

Цяпер да крытыкі, што прагучала.

Крытыкі Кангрэсу засяроджваюць увагу як на арганізацыйных момантах, так і на слабым змесце некаторых секцый.

Так, на Кангрэс не даехалі ўсе тыя 480 чалавек, што падавалі заяўкі. На першым пленарным пасяджэнні я налічыў 207 чалавек. Усяго ж пабывала на Кангрэсе 400.

А ігнаруюць кангрэс, не з’явіліся на яго – хоць і анансавалі сябе — пераважна супрацоўнікі тых аналітычных інстытутаў, што арыентаваныя на спажыўцоў свайго прадукту ў ЕС і ЗША. Ім няма патрэбы пачуцца, пабачыцца з калегамі з правінцыі, з шараговымі аспірантамі. Ім яны нецікавыя.

Слабасць некаторых секцый кшталту замежнапалітычнай, таксама лёгка тлумачыцца тым, што палітычная сфера ў дзяржаўных беларускіх універсітэтах існуе ў зразумелых для палітычнага рэжыму абмежаваннях. Таму і ўзровень навукоўцаў там нізкі.

Але для рэальнага беларускага навукоўца і такі кангрэс добры.

Так, для беларусаў і так добра. Хтосьці можа на гэтых словах закашляцца. Але гэта, па-мойму, найважнейшы крытэр. Едуць, едуць, прабіваюцца ў Каўнас з рэгіянальных універаў, са сталічных інстытутаў. І гэта галоўны паказчык.

Сябры, я таксама не раз бываў на форумах на беларускую тэматыку ў пяцізоркавых «Рэдысанах». Там усё было гладка. Але мы не можам зладзіць Кангрэс даследчыкаў Беларусі з удзелам 300 чалавек у «Рэдысане» з пяцізоркавай абслугай.

Вакол Беларусі зашмат адбываецца элітысцкіх мерапрыемстваў. І замала – для шырокага кола. Дык вось, Ковенскі кангрэс важны для шырокага кола.

Для мяне найбольшым паказчыкам была атмасфера ў кулуарах. Яна была жывая. Людзі знаёміліся і завязвалі кантакты.

Таму давайце з вадой крытыкі не выплеснем вось гэтае брыдкае качаня Кангрэса. Яно ператворыцца ў лебедзя ў сілу самога часу. Рэгулярнасць тут мае найбольшае значэнне. Як і памер.

* * *

Што думаюць пра вынікі Кангрэса яго арганізатары?

«Галоўны вынік Чацвёртага Кангрэса — тое, што гэта штогадовае мерапрыемства стала традыцыйным для беларускай інтэлектуальнай прасторы», — кажа сацыёлаг Аляксей Ластоўскі.

Якая задача на будучыню бачыцца?

«Гэта падвышэнне агульнага ўзроўню дакладаў. Магчыма, наступным крокам стане скарачэнне агульнай колькасці ўдзельнікаў, калі гэта стане неабходнай умовай для падвышэння якасці», — кажа Ластоўскі.

«Кожны год колькасць заявак на ўдзел расце. Таксама расце колькасць прапановаў па арганізацыі спецыялізаваных секцый, панэляў, прэзентацый», — кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

Ён прызнае: «праца Кангрэса выяўляе як моцныя, так і слабыя бакі беларускай навукі. Асобныя накірункі здольны прэзентаваць відавочны інтэлектуальныя здабыткі кожны год, для іншых магчымы рэжым раз на 2-4 гады.

Найбольшы патэнцыял, па словах Казакевіча, дэманструюць гісторыкі (асабліва перыяду ВКЛ), лінгвісты, літаратуразнаўцы, даследчыкі рэлігіі, Бібліі. Дастаткова згуртаваныя і цікавыя супольнасці маюць даследчыкі сучаснай культуры, гендарных даследаванняў. 

Найбольшыя складанасці, на думку Казакевіча, выяўляюцца ў сацыяльных і палітычных дысцыплінах (паліталогія, міжнародныя адносіны, сацыялогія, эканоміка). У гэтым годзе цэнтральнымі тэмамі былі: мясцовая палітыка, украінскі крызіс і адносіны краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з Кітаем. 

Таксама назіраюцца праблемы з «глыбінёй» пры абмеркавання асобных практычных праблем: адукацыя, навука, грамадзянская супольнасць, дзяржаўнае кіраванне. Хаця гэта можна лічыць хутчэй адлюстраваннем агульнай экспертнай і акадэмічнай сітуацыі, прагрэс у гэтай галіне можа быць толькі паступовым», — мяркуе Казакевіч. 

Прэміі Кангрэса даследчыкаў Беларусі

за найлепшую навуковую публікацыю — гэта прэстыжнае адзначэнне найлепшых навукоўцаў. Яна ўручаецца ў раздзелах гісторыі, гуманітарных і сацыяльных навук. Ад гэтага года прэмія ў галіне гуманітарных навук была аб’яднаная з прэміяй імя Зоры Кіпель Паўночнаамерыканскай асацыяцыі даследчыкаў Беларусі.

У адрозненне ад мінулага года, сёлета Прэмія надавалася асобна: за найлепшую манаграфію і за артыкул.

Канверты з вынікамі галасавання экспертаў ускрылі за гадзіну да цырымоніі ў прысутнасці намінантаў.

Прэмію за найлепшую гістарычную манаграфію атрымаў безумоўны бестселер і адначасова кніга, поўная адкрыццяў. Яе напісаў уладальнік аграсядзібы «Марцінова гусь» і адначасова навуковец Алесь Белы. «Хроніка Белай Русі: імагалогія Беларусі ХІІ—ХVIII ст.»

Вельмі напружаная канкурэнцыя была ў намінацыі «Гістарычны артыкул». Урэшце перамог гісторык Андрэй Ціхаміраў з «Жаночымі вобразамі ў «заходнярускай» нарацыі». Хоць прафесар Алег Латышонак у кулуарах выказваў думку, што прэміі была годная і Настасся Скеп’ян са сваім сенсацыйным адкрыццём «Соф’я Слуцкая: праваслаўная святая каталіцкага веравызнання». У адказ Аляксей Ластоўскі пажартаваў, што яна можа перамагчы ў раздзеле манаграфій у наступным годзе.

Прэмію за манаграфію ў гуманітарных навуках атрымаў этнограф і гісторык з Полацкага ўніверсітэта Уладзімір Лобач за кнігу «Міф. Прастора. Чалавек: беларускі традыцыйны ландшафт у семіятычнай перспектыве».

Прэмію за артыкул у гуманітарных навуках атрымаў Андрэй Горных за артыкул «Капіталізм і трывога».

І, нарэшце, у галіне сацыяльна-палітычных навук перамог зусім малады аўтар Ігар Расолька за артыкул «Чыннікі ўзнаўлення беларускай ідэнтычнасці ў памежных прасторах Польшчы і Літвы».

Share: