Андрэй Казакевіч: Калі Кангрэс ладзіць ў Беларусі, на яго будзе адбывацца ціск

Апублікавана: 1.10.2014

Алена Барэль, ЕўраБеларусь

Чаму найбуйнейшая для беларускіх даследчыкаў падзея года ладзіцца за межамі краіны? І якое золата шукаюць прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці кожную восень ў Коўне?

Украінскі ўплыў і стасункі з кітайцамі

Да найбуйнейшай падзеі для акадэмічнай беларускай супольнасці засталіся лічаныя дні: IV Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбудзецца ў Коўне (Літва) 3-5 кастрычніка.
Перад масавым ад’ездам навукоўцаў за мяжу карэспандэнт Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" пагутарыла з адным з арганізатараў Кангрэса, дырэктарам Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера" Андрэем Казакевічам.

- Андрэй, чым адметны і цікавы, на вашае гледзішча, сёлетні Кангрэс у Коўне?

- У гэтым годзе, як і ў мінулыя гады, прадстаўлены шырокі спектр навуковых дысцыплін - і сацыяльна-палітычных, і гуманітарных. Але значна больш увагі будзе надавацца міжнародным праблемам, у прыватнасці, уплыву ўкраінскіх падзеяў на Беларусь, Літву, Польшчу ды іншыя суседнія краіны. Таксама будзе адведзена шмат увагі ўзаемадзеянню нашага рэгіёна з краінамі Далёкага Усходу - перш за ўсё, з Кітаем. Плануецца адмысловая панэль.

- Больш за 450 навукоўцаў з’едуцца на Кангрэс з 20 краінаў свету. Колькасць удзельнікаў адрозніваецца ад папярэдняга года?

- Так, у гэтым годзе крыху больш атрымоўваецца ўдзельнікаў, чым іх было ў мінулым.  Акадэмічная колькасць ужо вельмі вялікая, і Кангрэс стаў буйным беларускім акадэмічным мерапрыемствам. Але важна нават не колькасць, а - якасць. Значана павялічваецца ўзровень навуковага мерапрыемства, гэта бачна ў кантэксце канкрэтных панэляў, дыскусіяў і гэтак далей.

Цікавы цень рэгіянальнай улады

- У якіх навуковых секцыях і панэлях будзеце браць удзел?

- Добрае пытанне, таму што я займаюся рознымі арганізацыйнымі пытаннямі, і бывае складана прымаць удзел у акадэмічнай частцы Кангрэса. Але я планую паўдзельнічаць менавіта ў паліталагічных секцыях, якія я акрэсліў вышэй.

- Якія палітычныя пытанні вам, як даследчыку гэтай сферы, падаюцца сёння найбольш важнымі для абмеркавання?

- Фактычна тое, што я называў напачатку размовы - гэта ўкраінскі крызіс, што вельмі важна. Па-другое, гэта стасункі Беларусі і ўсяго нашага рэгіёну з краінамі Далёкага Усхода, перш за ўсё, Кітаем.

І, мне падаецца, канкрэтна зараз вельмі важным з’яўляецца вывучэнне розных тэндэнцый у беларускай палітыцы, калі ідзе размеркаванне ўлады менавіта на рэгіянальным узроўні. Таму што гэты ўзровень вельмі часта прапускаецца, але ў ім адбываюцца істотныя змены, якія значна ўплываюць на тое, у якім накірунку развіваецца нашая краіна.

Акрамя гэтага, яшчэ ёсць шмат тэмаў, якія варта разглядаць з улікам падзей, што адбыліся цягам гэтага года.

Гатэлі і самалёты для мільянераў

- Беларускія даследчыкі называюць Кангрэс найбуйнейшай падзеяй для акадэмічнай супольнасці краіны. Дык чаму ён ладзіцца на тэрыторыі суседняй дзяржавы, а не на радзіме беларускай навукі? Якія перашкоды існуюць, і наколькі мажліва іх зараз перадолець?

- Па-першае, гэта - Міжнародны Кангрэс, які прадугледжвае ўдзел замежнікаў. І калі рабіць яго ў Беларусі, то паўстануць праблемы з атрыманнем візаў, з рознымі лагістычнымі момантамі - напрыклад, авіяпералёт у Менск дарагі, не тое, што ў Вільню ці Коўна.  

Негледзячы на тое, што да Коўна беларусам трэба дабірацца самастойна, Кангрэс у Літве атрымоўваецца менш затратным, чым, калі яго рабіць ў Менску. Да таго, у Літве няма такой праблемы з гатэлямі, як тут. Кошты на іх значна ніжэй. І гатэляў сярэдняга класа ў Менску няшмат.

Гэтая вельмі важная лагістычная і, па сутнасці, фінансавая прычына прымушае ладзіць Кангрэс за межамі Беларусі.

Другая прычына звязаная з атмасферай ў акадэмічным асяроддзі Беларусі, дзе існуе так ці інакш кантроль дзяржавы ў тым, якія тэмы абмяркоўваюцца навукоўцамі, якія людзі мусяць выступаць…

Непрычосаная ідэалогіяй навука

- І, канешне, існуе вялікая верагоднасць, што, калі Кангрэс будзе праходзіць у Беларусі, на яго ў значным сэнсе будзе адбывацца ціск. Негледзячы на тое, што актуальных палітычных праблемаў мы не асвятляем, і увогуле большасць удзельнікаў не звязаныя з актуальнай палітыкай, бо даследуюць тэмы, прысвечаныя лінгвістыцы, гісторыі, рэлігіі, перакладам і гэтак далей.

Я б не хацеў казаць, што мы тут сутыкаемся з нейкім сур’ёзным супрацьдзеяннем, але, тым не менш, ёсць важны фактар, які прымушае праводзіць Кангрэс за межамі Беларусі.   

- Якіх вынікаў вы чакаеце ад Кангрэса? 

- Па-першае, мы чакаем, што ў межах Кангрэса будзе адбывацца камунікацыя паміж прадстаўнікамі беларускай і замежнай навуковымі супольнасцямі, якія займаюцца даследваннем Беларусі. Камунікацыі ўвогуле паміж рознымі секцыямі і рознымі спецыяльнасцямі ў межах асобных накірункаў.

Мы паказваем, што існуе практыка такіх рэгулярных навуковых пляцовак. І таму мы разглядаем Кангрэс як вельмі важнае месца, дзе такая камунікацыя можа адбывацца.

Там могуць паўставаць і новыя веды, і новае разуменне рэальнасці, і новыя праекты ўсталявання дзелавых кантактаў паміж прадстаўнікамі беларускай акадэмічнай супольнасці з супольнасцямі іншых краін. Гэта той вынік, на які мы разлічваем. 

Другі вынік - больш глыбокае асэнсаванне праблемаў і беларускага грамадства, і беларускай культуры, і беларускай палітыкі праз абмеркаванне, дыскусіі ў межах самога Кангрэса.

Ну, і мы разлічваем, канешне, што новае асэнсаванне асобных праблемаў пойдзе на карысць развіццю сучаснага беларускага грамадства і беларускай акадэмічнай сферы. І што веды будуць транслявацца праз сродкі масавай інфармацыі, а таксама праз асобных экспертаў і навукоўцаў на больш шырокую публіку.    

Share: