Беларуская мапа — антыкаланіяльны праект супраціву

06 жніўня 2014

Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

«ЕўраБеларусь» працягвае асвятленне дыскусіі «Дзе ў Сусвеце плыве Беларусь?..» з удзелам вядомых філосафаў і культуролагаў, якая адбылася днямі ў Крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» у Мінску.

Мы паспелі высвятліць, чаму Беларусі няма на культурнай мапе Еўропы, але як зрабіць рэвалюцыю нашай ментальнай геаграфіі? Чаму дагэтуль мы не ведаем сакральных цэнтраў сваёй краіны? І навошта, заклаўшы за каўнер, галёкаем украінскія народныя песні замест беларускіх? Пашукаем адказы разам з дыскутантамі.

Філосаф Аляксандр Сарна:

— Тое, што мы калісьці былі ў складзе ВКЛ, было якраз імперскай прэтэнзіяй. І мне падаецца сімвалічным, што не было акрэслена межаў. Умоўныя межы — гэта сама адчыненасць: свету, суседзям, іншаму. Не было нават неабходнасці абмяжавання сваёй тэрыторыі. Але гэта натуральная імперская стратэгія, якая характэрная для каланіялізму.

Тое, што мы, як Беларусь, маем зараз — наадварот, адмова ад імперскіх, каланіяльных амбіцый. Сучасная Беларусь, на мой погляд, мае шмат чаго прынесенага звонку і вельмі моцны ўплыў звонку. Мы схільны ахвотна прымаць як сваё тое, што нам прапануюць. Калі мы не знойдзем уласнае разуменне свету і саміх сябе, адрозненні ад заходніх, усходніх, паўночных і паўднёвых суседзей, баюся, што за нас гэта зробяць іншыя.

Жабракі-мільянеры

Багаслоў і культуролаг Ірына Дубянецкая:

— Сапраўды, гістарычныя калізіі моцна адбіліся на тым, як зараз беларусы сябе адчуваюць. Хутчэй за ўсё, свет не ведае Беларусь таму, што беларусы не ведаюць саміх сябе. Беларусы не ведаюць свайго, прычым фенаменальным чынам. Дарэчы, беларускі фальклор адзіны ў Індаеўропе, які цалкам захаваў поўны каляндарны цыкл! Ён вельмі старажытны. Па сваім аб’ёме беларускі фальклор пераўзыходзіць фальклор любой іншай еўрапейскай краіны. Маю на ўвазе песенны фальклор, не чапаючы нават казак, паданняў, легендаў.

Скарб фантастычны! Калі яго раптам замежнікі перакладуць і пачнуць вывучаць, то шмат чаго даведюцца пра светамысленне еўрапейцаў ранейшых часоў. А беларусы пра гэта нічога звычайна не ведаюць.

І калі беларусы падап’юць, яны пачынаюць спяваць украінскія песні, з гэтага ўжо іранізавалі. Негледзячы на тое, што беларускіх песень у разы больш! І гэта толькі адзін аспект няведання свайго.

Няведанне гісторыі, геаграфіі, межаў стварае чорную дзірку ў свядомасці беларусаў. Пачынаюцца пошукі на вельмі павярхоўным узроўні. Сучасныя беларусы кажуць: не, мы не расейцы, мы іншыя! А чым іншыя, яны не ведаюць.

Ёсць маса глыбокіх пластоў, апісаных, і якія абмяркоўваліся стагоддзямі. А мы жывем цяпер так, нібыта да нас ніхто не жыў. Адна з праблем сучасных беларусаў — жыць без сваіх каранёў. Прызнаць пакаленне сваіх дзядоў за першых людзей, якія нарадзіліся на свеце. Гэта звязана з гістарычнымі калізіямі, якія нас прачысцілі і захавалі у Беларусі хутчэй сялянскую свядомасць, а яна не задумваецца над пытаннем «Дзе у Сусвеце плыве Беларусь?..».

Разуменне беларусаў, што тут — цэнтр свету. Да таго практычна кожны народ ведае свае сакральныя цэнтры па мапах. Спытайцеся пра гэта ў беларусаў… Альбо пра «лэй-лайнс» (англ. ley-lines — лініі энэргіі зямлі. — «ЕўраБеларусь»), пра якія ўжо ведаюць усе народы: культавыя аб’екты розных часоў, ад глыбокай старажытнасці да Сярэднявечча, альбо нават і да новых часоў. І калі з дапамогай лінейкі правесці па мапе лініі, на ёй апынуцца нейкія цэнтры.

У Беларусі яны таксама ёсць, але хто іх ведае з беларусаў, хто іх даследваў? Праблема беларусаў у тым, што мы вельмі мала даследуем саміх сябе. Скарбніцу, якую мы маем, мы не ўжываем.

Дзе гэтая мапа, звёрнутая унутр, якая насычае нас сваёй ідэнтычнасцю, злучае нас і вылучае з усіх астатніх народаў? А з іншага боку, дзе канчаецца паветра ў адным пакоі і пачынаецца ў другім? Межы — вельмі ўмоўная рэч. Межы народа заўсёды будуць мяккімі, як паветра, якое выдыхае адзін чалавек, і яно змешваецца з тым, якое выдыхае другі, правесці мяжу немагчыма.

Беларускія сталкеры павінны выскачыць з зоны

Філосаф і літаратар Ігар Бабкоў:

— Калі сур’ёзна паставіцца да рэвалюцыі ментальнай геаграфіі, сакральнай, і зразумець, як казаў Міхал Анемпадыстаў, што мапа — гэта зусім не пра межы, якія аддзяляюць нас ад суседзяў, а пра ўнутраную насычанасць сімвалічнай культурнай прасторы Беларусі.

Сапраўды, мы можам прыдумаць праект беларускай мапы ў віртуальный прасторы, максімальна насычаючы яго знакамі, сэнсамі, сімваламі і тым, што не можа вытрымаць папера: кожнае мястэчка, кожная кропачка, сакральнае месца адкрывалася ўглыб і распавядала само пра сябе.

Сёння ніхто, нажаль, не ходзіць у бібліятэкі і не чытае кніжкі, але мажліва зрабіць так, каб аднім клікам можна было выцягнуць адтуль і вярнуць традыцыю, і не толькі. То бок, мапа Беларусі можа быць сапраўды цікавым віртуальным праектам, формай, якая дазваляе аб’яднаць гісторыю, геаграфію, традыцыю, культуру, літаратуру і насыціць сэнсамі тэрыторыю.

Я прыгадаў п’есу Брайана Фрыла «Translations», якую шыкоўна паставіў у Купалаўскім тэатры Мікалай Пінігін. Паўночна-ірландскі драматург Фрыл напісаў якраз пра тое, як ангельскія акупацыйныя войскі ў XIX стагоддзі перапісваюць мапы Ірландыі, перакладаюць на ангельскую мову ўсе старажытныя ірландскія назвы. Ірландцы супрацьстаяць, хочуць захаваць сакральнасць. П’еса антыкаланіяльная па настроі, зразумела.

Расейцы, калі пераклалаі і паставілі гэтую п’есу ў Пецярбурзе, далі ёй назву «Нужен перевод». Уявіце сабе, п’еса пра пераклад стараірландскіх назваў на ангельскую мову, уся трагедыя на гэтым палягае. Якім ідыётам трэба быць, каб так перакласці п’есу! Каму «нужен перевод»?

Я да таго, што вялікія імперскія нацыі часта ўсвядамляюць сябе дэміўргамі, якія здольныя і маюць права татальна перапісваць прастору і сваіх суседзяў. У гэтым сэнсе, беларуская мапа — антыкаланіяльны праект супраціву.

Вельмі доўгі час сама Беларусь, яе праект, традыцыя нагадвалі зону ў «Сталкеры» Таркоўскага, паўзабароненую тэрыторыю. І вось адэпты беларушчыны — такія сталкеры, якія ішлі туды і праводзілі сваіх сяброў, прарываліся праз забароны.

У гэтым сэнсе, беларускі праект доўгі час спакушаў менавіта паўзабароненасцю, сакральнасцю. А высвятляецца, што такі праект — не для ўсіх. Ёсць тэрыторыя нармальнасці, і беларускаму праекту трэба вучыцца існаваць не толькі за калючым дротам, а сярод коміксаў, сучаснай цывілізацыі.

І мне здаецца, гэта і ёсць — самы вялікі выклік і разрыў, новыя тэрыторыі і тэхналогіі. Тая ж самая «Будзьма» робіць смешныя мультыкі — гэта зусім іншыя формы, якія нам часам здаюцца плыткімі ці не зусім культурнымі. Але тым не менш яны наперадзе.

Калі беларускі праект не пераскочыць туды, на новыя тэрыторыі, то так і застанецца зонай за калючым дротам, для вельмі абраных.

Антыдзяржаўныя выказванні і Мішэль Фуко

Калекцыянер мапаў і былы амбасадар па адмысловых даручэннях МЗС Беларусі, экс-старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА Уладзімір Шчасны:

— Спытайце ў Ашмянах, у Хоцімску, у Полацку, у Калінкавічах… Напрыклад, касманаўт катапультаваўся з сваёй ракеты і пытаецца: што гэта за краіна? Вы адкажаце: Беларусь. Пытае: хто вы? На 90 адсоткаў адкажаце: беларусы.

Так што гэтыя разважанні, якія мы сёння пачулі — дазвольце мне такую рэзкасць, — антыбеларускія і антыдзяржаўныя.

Чаму пра Беларусь не знаюць? Праблемы адукацыі замежнікаў. Яны мала ведаюць геаграфію. Так што гэта праблема часу. Галоўнае, што нас аб’ядноўвае — нашыя палітычныя межы.

Філосаф і літаратар Ігар Бабкоў:

— Ці не вы ў нас былі прадстаўніком Беларусі пры ЮНЭСКА? Вось я ўявіў сабе якога-небудзь французскага адміністратыўнага чыноўніка, які кажа Мішэлю Фуко, што той шмат разважае…

Ведаеце, французскія чыноўнікі прадаюць французскую тэорыю ва ўсе краіны і, наадварот, памнажаюць сімвалічны капітал. Яны не прыходзяць на дыскусіі Мішэля Фуко і не гавораць: прабачце, вы зашмат думаеце, і ўсё гэта — антыфранцузскае!

Замест таго, каб доктара тэалогіі (мае на ўвазе дыскутанта Ірыну Дубянецкую. — «ЕўраБеларусь»), ці там амаль доктара філасофскіх навук, ці геніяльнага дызайнера пасылаць па Парыжах і прадаваць нас як нацыянальны скарб, вы будзеце сядзець і распавядаць нам пра антыдзяржаўныя разважанні.

Абсалютна антыдзяржаўны, антыбеларускі нігіліст — якраз вы. Мы ствараем канкурэнтны прадукт — мысленне, а што вы стварылі на сваёй пасадзе, мне складана зразумець. А з вашай логікай наконт запытацца ў любога беларуса, я згодны. І гэта нармальна. Але ў дадатак да гэтага мы б хацелі насыціць прастору мысленнем, традыцыямі, парадаксальнымі думкамі. І калі мы пачынаем гэта рабіць, чыноўнікі пачынаюць нам казаць: вы робіце нешта не тое!

Калі прыгадваць ЮНЭСКА, скажу пра Оскара Мілаша. Ён пісаў па-французску і стаў геніяльным французскім паэтам-містыкам. Дзе была беларуская камісія ЮНЭСКА, і чаму Чэрэя, задрыпаная мясцовая бібліятэка, сама робіць працу, збіраючы матэрыял у Вільні?

Наступная дыскусія «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння» адбудзецца 13 жніўня.

Падзеі:
Тэмы: