Дэбаты аб дэсаветызацыі ў гарадской прасторы. Досвед Беларусі

Апублікавана: 24.04.2017

29 красавіка 2017 г. у межах фестывалю "Эпоха рэвалюцый" Artes Liberalis запрашае на дэбаты аб дэсаветызацыі ў беларускай гарадской прасторы. Дэбаты пачнуцца ў 16-00 у "Галерэі Ў" (пр-т Незалежнасці, 37а).

Тэма дэсаветызацыі беларускіх гарадоў і мястэчак — перайменаванне вуліц, дэмантаж савецкай сімволікі і помнікаў — у апошні час усё часцей узнімаецца як у межах экспертных дыскусій, так і ў медыя. 

На дзяржаўным узроўні аб падобных зменах гаворка пакуль не вядзецца, палітыка гарадскіх уладаў носіць, хутчэй, выпадковы характар, не маючы якой-небудзь адзінай канцэпцыі. Так у Мінску за апошнія гады рамонтнымі работамі былі знішчаны некалькі савецкіх мазаік і дэкаратыўна-манументальных роспісаў на фасадах будынкаў, але адначасова падтрымана ініцыятыва Камуністычнай партыі Беларусі ўсталяваць чарговага Леніна ў горадзе, у той жа час у іншым гарадах зафіксаваныя «ціхія» выпадкі дэмантажа помніка савецкаму правадыру. Тады як у нашых суседзяў — Польшчы, Літвы, Украіны — працэс дэсаветызацыі гарадской прасторы адбываецца актыўна, часам нават агрэсіўна, што таксама выклікае спрэчкі і дэбаты.

У рамках дыскусіі прапануецца паразважаць над наступнымі пытаннямі:
— Што мы разумеем у прынцыпе пад (дэ)саветызацый гарадской прасторы?
— Якім чынам гэта можа адбывацца альбо ўжо адбываецца ў беларускіх гарадах?
— Што нам можа даць досвед суседзяў, у якіх гэтыя працэсы пачаліся раней? 

Экспертамі выступяць:
філосаф, культуролаг, куратарка, аўтарка і кіраўніца праекта Artes Liberales Альміра Усманава, мастацтвазнаўца і гісторык Сяргей Харэўскі, гісторык, культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка, кандыдат мастацтвазнаўца Аляксандр Зіменка, магістр філасофіі Кацярына Рускевіч, мастацтвазнаўца, магістр сацыялогіі Кацярына Янчэўская

Share: