Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?

Апублікавана: 21.04.2017

28 красавіка 2017 г. у крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” адбудзецца адкрытая дыскусія на тэму «Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?».

Дыскусія арганізуецца ў межах праграмы "CHOICE: Cultural Heritage – Opportunity for Civic Engagement", якая рээалізуецца ва Украіне, Беларусі, Арменіі, Малдове пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Асноўны змест, які прапануецца да абмеркавання, – напрацоўкі і рэкамендацыі па працы ў сектары гісторыка-культурнай спадчыны, зробленыя цягам амаль двух год разгортвання праграмы CHOICE.

Праграма CHOICE разглядае культурную спадчыну як рэсурс для развіцця мясцовых суполак, умацаванне сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Удзел па краіне бяруць 10 праектаў, прысвечаных як матэрыяльнай, так і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыне. Завяршыцца праект у чэрвені бягучага года. 

Першая з дзвюх запланаваных дыскусій ад CHOICE-Беларусь будзе прысвечаная асаблівасцям беларускага кантэксту працы з гісторыка-культурнай спадчынай, асноўным фактарам і выклікам, з якімі сутыкаюцца адмыслоўцы штодзень. Асобная ўвага будзе нададзеная магчымасцям фармавання новай, грамадзянскай суб’ектнасці ў вырашэнні супольных прафесійных пытанняў аховы і інтэрпрэтацыі нашай спадчыны.

У размове прымуць удзел эксперты: 
- Андрэй Ягораў, дырэктар “Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі”, палітолаг, аналітык;
- Ігар Раханскі, рэстаўратар, кіраўнік праектнага бюро Беларускага камітэта ICOMOS;
- Уладзімір Мацкевіч, метадолог, філосаф, аналітык, грамадскі дзеяч;
- Сцяпан Стурэйка, культурніцкі антраполаг, выкладчык, даследчык;
- Ігар Чарняўскі, экс-загадчык упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі;
- Антон Астаповіч, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”

Аналагічныя дыскусіі пройдуць у Арменіі, Малдове і Украіне. Кароткае ўступленне ад імя праекта зробіць Антанэла Вальмарбіда, кіраўнік ALDA (Італія), партнёра і фундатара праграмы.

Далучайцеся! Удзел у мерапрыемстве магчымы па папярэдняй рэгістрацыіhttps://goo.gl/forms/jvomBj7cc75JAjrJ3
Канчатковы тэрмін рэгістрацыі - 27 красавіка, 12:00.
 

28 красавіка 2017
Крэатыўная прастора “ЦЭХ”, Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16, 2-гі паверх. 
Рэгістрацыя: 18:30. 
Пачатак: 19:00

 

Share: