Летняя школа Лятучага ўніверсітэта

Апублікавана: 22.05.2017

Лятучы ўніверсітэт запрашае сяброў супольнасці і ўсіх зацікаўленых на сёмую летнюю школу! Школа будзе праходзіць ад 30 чэрвеня да 3 ліпеня 2017 г. на вядомым хутары ШабліДэдлайн падачы заявак – да 15 чэрвеня!

Слова «школа» паходзіць ад грэцкага «scole» – вольны час. Гэта час для таго, каб думаць, марыць і развівацца, пакідаючы на нейкі час штодзённыя клопаты і практычныя задачы. Асноўная мэта летніх школ – камунікацыя паміж актыўнымі ўдзельнікамі супольнасці, рэфлексія і абмеркаванне вынікаў працы, а таксама фармуляваннне асноўных задач і перспектыў дзейнасці, праграмаванне наступнага кроку ў развіцці.

Першая Летняя школа "Лятучага" (2011 год)

Сёлета тэма школы наўпрост звязана з інтэлектуальнай працай апошніх гадоў, дзе мы імкнуліся ўявіць будучыню і вынайсці месца ўніверсітэта ў ёй.

“Гэты дзіўны новы свет”

У праграме Летняй школы традыцыйна запланавана некалькі фарматаў працы і камунікацыі:

1. Пленарныя даклады і дыскусіі, дзе адбываецца агульнае абмеркаванне тэмы школы:

- Ці адбываецца змена парадыгмы (анталогіі) развіцця? Як магчыма і трэба мысліць новы час: постмадэрн, гульня, інфармацыйная эпоха, інавацыйная эпоха?

- Рэфлексія, здзіўленне, камунікацыя -  базавыя інтэлектуальныя працэсы і мысленне новай эпохі.

- Сучасныя кропкі інтэлектуальнага напружання: месцы, тэмы, абставіны.

- Універсітэт у новых варунках: сацыяльны інстытут, супольнасць і з’ява. Куды рухацца Лятучаму ўніверсітэту?

- Новы чалавек – чалавечыя якасці і кампетэнцыі. “Іншы” – Хто гэта ці Што гэта?

- Інавацыі і традыцыі: суадносіны і ўзаемадачыненне.

- Ідэнтычнасць як выклік у эпоху зменаў і  інавацый.

Пленарнае пасежджанне. V Летнік Лятучага ўніверсітэта (2015 год)

2. “Адкрытая кафедра” — магчымасць кожнаму з удзельнікаў Летняй школы прапанаваць усім астатнім сваю тэму для дыскусіі, прэзентацыі, лекцыі ці майстар-класа. “Адкрытая кафедра” будзе арганізавана па прынцыпе баркэмпа: удзельнікі заяўляюць гатоўнасць правесці дыскусію, семінар, лекцыю, майстар-клас і г.д. Агульны спіс прапаноў аб’яўляецца публічна, каб усе астатнія ўдзельнікі вызначыліся са сваім жаданнем паслухаць-паўдзельнічаць. Затым складаецца зручны графік правядзення ўсяго, што сустрэла падтрымку сярод удзельнікаў.

Летнік 2013 года. "Лад жыцця Лятучага ўніверсітэта: прастора і час, этас і стыль"

3. Клубная прастора і культурна-спартыўна-забаўляльная праграма — магчымасць разнастаіць вольны час рознымі формамі камунікацыі, гульні, перфомансу, адкрытая для творчага самавыяўлення і вольнай камунікацыі прастора (увечары).

V Летнік Лятучага ўніверсітэта (2015 год)

Летнік будзе адбывацца на вядомым хутары Шаблі. Умовы будуць даволі аскетычныя: намёты ці падлога/матрацы/раскладушкі пад дахам.

Працягваючы традыцыю, мы арганізуем гэты летнік выключна за ўласныя сродкі, тым самым фармуючы адказную і жыццяздольную супольнасць.

Асабісты ўнёсак будзе складаць 40 даляраў (у бел.рублях па курсе, за ўсе чатыры дні летніка). Прапануем чальцам супольнасці, калі ёсць такая магчымасць і жаданне, рабіць унёсак не толькі за сябе, але і “за таго хлопца  (ці дзяўчыну :))”. Дадатковыя сродкі мы выкарыстаем для запрашэння цікавых гасцей, а таксама для падтрымкі тых, каму асабістыя фінансавыя абставіны не дазваляюць прыняць удзел у летніку.

Каб заявіцца на ўдзел у летніку, просім Вас запоўніць рэгістрацыйную Заяўку.

Дэдлайн падачы заявак – да 15 чэрвеня!

Па дадковых пытаннях звяртайцеся да Тацяны Вадалажскай па пошце flyuniby@gmail.com, +375296754625 

Прыгадаць ці даведацца больш пра мінулыя Летнікі Лятучага ўніверсітэта можна тут: 

 Летнія школы Лятучага ўніверсітэта

Share: