Мінулая будучыня Беларусі: запавет Ігната Абдзіраловіча

22 жніўня 2016

Канспект лекцыі Паўла Баркоўскага.

Лекцыя прачытана 17 снежня 2015 г. у Гародні ў межах цыкла “Спадчына Ігната Абдзіраловіча”.

Канспект падрыхтаваны Аксанай Шэлест.

Сёння ў нас з вамі лекцыя з цыкла, які прысвечаны Ігнату Абдзіраловічу. Гэты цыкл паўстаў як плён разумення таго, што ў нас ёсць надзвычай важны для развіцця Беларусі досвед мыслення, якому ўжо хутка споўніцца сто год, і які быў амаль не заўважаны на той час, калі паўстаў. Не заўважаны праз тыя палітычныя абставіны, якія існавалі на той момант, і праз тое, што аўтар гэтых ідэяў вельмі рана сканаў. На жаль, была такая бяда ў Беларусі: у дваццатым стагоддзі вельмі шмат нашых таленавітых суайчыннікаў вельмі рана сышлі з жыцця, і праз гэта не змаглі рэалізавацца напоўніцу.

Сёння нам вельмі важна зноў звярнуцца да гэтай спадчыны не толькі таму, што мы мусім шанаваць традыцыю, а таму, што гэтая спадчына аказваецца для нас вельмі актуальнай, шмат што нам прапануючы і прамаўляючы. І менавіта з гэтай прычыны было вырашана звярнуцца менавіта да творчасці Ігната Абдзіраловіча – па сутнасці, першага беларускага мысляра, які паставіў пытанне не пра мінулае Беларусі, і не пра яе актуальны, цяперашні стан, а пра будучыню, пра тое, кім быць беларусам і як ім далей развівацца, куды ім далей ісці. І гэтае пытанне – такога футуралагічнага кшталту – застаецца і на сёння адным з найбольш прынцыповых, найбольш балючых пытанняў, на якія мы маем шукаць адказ.

Перад тым, як мы пагаворым, як жа бачыў будучыню Беларусі Ігнат Абдзіраловіч, трэба сказаць колькі словаў пра тое, а што мы ведаем пра гэтага мысляра. Ігнат Канчэўскі, Ігнат Уладзіміравіч, калі ўжо зусім дакладна, быў вельмі ўражаны раманам-аповедам Максіма Гарэцкага “Дзве душы” і ўзяў імя галоўнага героя – Ігната Абдзіраловіча – у якасці творчага псеўданіма. Можа сапраўды імкнучыся паказаць, што сваё месца ён гэтаксама ацэньвае як падвойнае. Герой гэтага знакамітага твора ўвесь час вагаўся паміж дзвюма душамі: сялянскай, якая дасталася яму ад маці, і шляхецкай, якую ён атрымаў праз выхаванне і навучанне ў, па сутнасці, прыёмнай сям’і. У выпадку Абдзіраловіча гэта сапраўды момант цывілізацыйнай нявызначанасці, пра якую ён піша у сваім эсэі “Адвечным шляхам”. Нявызначанасці, якая не магла яму даць магчымасці канчаткова атаясамляць сябе ані з праваслаўнымі, ані з каталікамі; ані з палякамі, ані з літоўцамі, ані з расейцамі. Падобная нявызначанасць увесь час стварала тую плыткую ідэнтычнасць, якая вызначала жыхароў менавіта гэтых тэрыторый. Беларусам апошнія два ці тры стагоддзі даводзілася гартавацца ў такой плыткай індэнтычнасці, увесь час не маючы магчымасці вольна сказаць: “мы нешта асобнае, мы маем сваю пэўную індэнтычнасць”. І таму вобраз Абдзіраловіча для Ігната Канчэўскага быў такой вось метафарай. Метафарай яго самога – як творцы і як чалавека, які таксама стаіць на асабістам раздарожжы, на ростанях між рознымі культурамі, рознымі магчымасцямі.

Акрамя таго, што Абдзіраловіч быў філосафам, ён быў неблагім паэтам. Яму належаць некалькі вельмі цікавых вершаў, адзін з іх называецца “Вераснёвае пано”. Я вам нават яго зачытаю сёння, каб трохі пагрузіць вас у аўру гэтай асобы, гэтага чалавека. “Вераснёвае пано”, верш, які выйшаў ў 23-ім годзе пад псеўданімам “Ганна Галубянка”:

Ў Бернардынскай прысадзе шапочуць пажоўклыя лісці,

Ледзь прыкметны на сцежках бліскучыя скуркі каштанаў,

І вада ў Вялейцы, ад зімна сіней і празрысцей,

Гаманіць з камянём аб працёкшых гадох без устану…

…I выходзіць між дрэў, ў патаёмную вечара пору,

Князь апошні Літвы, ў хвалях гаснучых зыбкага свету,

З барадой кучаравай – даспелых каштанаў калёру,

Са струсёвым пяром, што, як воблак, пад чорным берэтам.

I, суваючысь крокам павольным па сцежынках саду,

Ён усходзе на гору, падходзіць да вежы цаглянай

I, апёршысь рукой пад плашчом на злачоную шпаду,

На прыціхшае месца глядзіць аж да самага рана…

І чакае… пакуль не засмуціцца ноч над ракою,

Над вадой пабялеўшай прытуляцца сонныя мары

І ў празрыстай імгле паплывуць лебядзі чарадою,

А над іскрамі росаў праблісне апратка Барбары…

Як бычыце, гэты чалавек сумяшчае ў сабе не толькі талент мысляра, але і паэтычны дар, які, мабыць, быў найбольш запатрабаваны на перыяд пачатку дваццатага стагоддзя. Ігнату Абдзіраловічу не пашанцавала ў тым, што ён не змог разгарнуць гэты свой талент. Тое, што мы ведаем пра яго творчасць – гэта некалькі вершаў і знакаміты эсэй “Адвечным шляхам”, пра які беларусы даведваюцца ўжо хутчэй у васьмідзесятыя-дзевяностыя гады двадцатага стагоддзя, калі яго нарэшце дазваляюць да друку. Гэта ўжо за часамі позняй перабудовы і набыцця незалежнасці. І вось у гэты час Ігнат Абдзіраловіч ужо надзейна ўпісваецца ў нашу інтэлектуальную традыцыю, адкуль ён спачатку быў фактычна выкінуты.

Трэба сказаць, што гэта чалавек вельмі цікавага лёсу, ён доўгі час быў уцягнуты ў кааператыўны рух у Беларусі, вучыўся ў сямнаццатым годзе ў Народным універсітэте ў Пецярбургу. Да гэтага ён вывучаў філалогію, але праз вайну мусіў прапыніць навучанне. Потым ён пайшоў працаваць ужо не паводле сваёй пачатковай філалагічнай скіраванасці, а ў рэчышчы кааператыўнага руху. Калі разглядаць, што такое кааператыўны рух, то Ігнат Канчэўскі ў ім досыць цікавая і значная фігура, прынамсі, што тычыцца Віленскага краю і гэтага перыяду – пачатку дваццатых гадоў. Але мы пра гэта пагаворым трохі пазней, зараз нам гэта трэба толькі для кантэксту, каб разумець, чым займаўся гэты чалавек. У дваццатыя гады ён выкладаў на кааператыўных курсах у Вільне. Гэта быў чалавек вельмі розных інтэлектуальных цікавасцяў. Напрыклад, яго можна запісаць у заснавальнікі беларускага рушэння йогі, ён быў фактычна адным з арганізатараў першага такога “клуба” йогі у Вільне на той час, бо цікавіўся ўсходнімі медытатыўнымі практыкамі.

Цікава, што ягоны брат, Арсэн Канчэўскі, быў вядомым дзеячам сацыялістычнага кірунку. За часамі польскай акупацыі, дзейнасці Юзафа Пілсудскага, узначальваў тут рэвалюцыйную партыю, пасля быў чальцом бальшавіцкай арганізацыі, і досыць шмат сваёй энэргіі траціў на стварэнне – як ім тады хацелася верыць – самастойнай Беларусі, якая ішла б сваім сапраўдным, народным шляхам. Трагедыя многіх беларусаў у заходнім краі, на “крэсах”, у тым, што яны вельмі моцна рамантызавалі тое, што адбывалася на ўсходзе, у той частцы Беларусі, якая засталася за бальшавікамі. Цікава, што ў Ігната Канчэўскага як раз ніколі такой ілюзіі не было. Сам ён быў водле перакананняў эсэрам, але, папрацаваўшы з бальшавікамі, добра зразумеў цану таго, што адбываецца на ўсходзе, і таму стаўленне да бальшавіцкай авантуры ў яго было адмысловае. І гэтае стаўленне ён адмыслова выказвае ў сваім эсэе. А вось ягоны брат больш рамантызуе тое, што адбываецца на ўсходзе, і лічыць, што менавіта праз Савецкую Беларусь ёсць шанец для беларусаў стацца самабытным народам са сваім самастойным лёсам, што не магчыма зрабіць пры паляках.

Мы павінны разумець той эсэй, пра які мы пераважна будзем гаварыць, “Адвечным шляхам”, які выйшаў у Вільні ў дваццать трэцім годзе, фактычна за год да смерці самога Ігната Канчэўскага, з улікам усіх гэтых абставінаў. Гэта праца, якая паўстала ў вельмі няпростых жыццёвых, палітычных і эканамічных умовах. Бо Вільня на той час – гэта сталіца такой вельмі цікавай напаўпрызнанай дзяржаўнасці як “Сярэдняя Літва”, якую палякі зрабілі ў якасці сваеасаблівай марыянеткі, пратэктарату фактычна пад сваім кіраўніцтвам, і якая на той час была супрацьпастаўлена бальшавіцкаму праэкту літоўска-беларускай ССР. Фактычна гэта быў край, які пераходзіў з адных рук у іншыя. Гэта край, які памятаў пра сваю ролю культурнага цэнтру, цэнтру задзіночання беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Але які таксама разумеў, што вырашэнне гэтых пытанняў цяпер не заўжды залежыць ад волі саміх беларусаў. І тыя горкія разважанні, якія робіць Ігнат Канчэўскі ў сваім эсэе – гэта таксама даніна часу, таму што ён разумее, наколькі няпроста ў падобных варунках прапаноўваць нешта сваё для беларусаў, нешта такое, каб беларусы маглі ўзяць за пэўную праграму дзеяння, за пэўны ідэал, да якога яны мусяць імкнуцца. Прычым ідэал – што для Абдзіраловіча вельмі істотна – не месіянскага тыпу, не кшталту таго, што: “Вось мы, беларусы, лепшыя з усіх славянаў, лепшыя з усіх эўрапейцаў, мы ведаем лепшы шлях у будучыню і павядзем за сабой народы”. Ён кажа пра крывадушнасць падобнага кшталту месіянізму, таму што прыводзіць ён да вялікай крыві, але не да развіцця народу. Той ідэал, які хоча прапанаваць Ігнат Абдзіраловіч – гэта ідэал Беларусі самабытнай, творчай і шматкультурнай. І вось пра тое, як выйсці на гэты ідэал, мы сёння трошкі і пагаворым. Пагаворым пра тое, чым гэты ідэал можа быць цікавым нам сёння, чаму ён не застаўся недзе ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя, і чаму амаль праз сто год ён застаецца для нас такім жа ідэалам, пра які можна думаць; больш за тое, які можна спрабаваць рэалізоўваць.

Калі паглядзець на сам эсэй Абдзіраловіча, то ў ім можна ўбачыць тры істотныя тэмы, пра якія сёння варта думаць. Першая тэма – гэта Беларусь паміж Захадам і Ўсходам. Гэта найбольш вядомая частка разважанняў Абдзіраловіча проста таму, што яна найбольш простая і папулярная, для большасці людзей яе найпрасцей запомніць. Другая тэма – творчае развіццё, якая рэалізуецца ў ідэі “ліючаяся формы”. Гэта ідэя, якая была недаацененая за тым часам, а сёння яна нас можа вабіць сваёй перспектывай пошуку аўнтэнтычнай нацыянальнай формы развіцця культуры і грамадства. І трэцяя важная тэма, якую закранае Абдзіраловіч– гэта тэма развіцця грамадства праз матыў кааперацыі, як яго бачыць Ігнат Канчэўскі ў дваццатыя гады. Ён перагукаецца з тым матывам грамадзянскай супольнасці, які мы сёння ставім на павестку як найбольш актуальны. Вось гэтыя тры тэмы мы будзем з вамі трымаць на ўвазе, калі будзем гаварыць пра Абдзіраловіча, і глядзець, наколькі кожная з іх выводзіць нас на актуальныя пытанні сённяшняга часу.

Пачнем з першай тэмы: Беларусь паміж Захадам і Ўсходам. Што істотна для Ігната Абдзіраловіча ў гэтым пытанні? Для яго гэта не простая канстатацыя геапалітычнай сітуацыі. Вось так атрымалася, што беларусы жывуць паміж каталіцкай цывілізацыяй Польшчы і праваслаўнай цывілізацыяй Расіі, і таму мы знаходзімся паміж жорнамі, якія паступова перамолваюць нас на гэтым цывілізацыйным разломе. Ён ведае пра існаванне такога разлома і канстатуе яго як нейкую гістарычную непазбежнасць, кажа, што ён праходзіць, на няшчасце, праз нас. Дакладней, праз нас, украінцаў і балканскіх славянаў. І гэты разлом не дае нашым народам заставацца ў межах той альбо іншай вызначанай формы жыцця, вызначанай палітычнай, эканамічнай і грамадскай структуры. Але што цікава: для Абдзіраловіча гэта не толькі праклён беларусаў, гэта і наш вялікі шанец. Пра гэта таксама варта памятаць. Чым для Абдзіраловіча наогул з’яўляюцца гэтыя два бакі рознага цывілізацыйнага кірунку? Для яго важна не тое, што ўяўляе сабой на той час палітычны праект Польшчы ці Расіі. І нават не тое, што звычайна асацыююць з культурнымі адрозненнямі расійцаў і заходніх эўрапейцаў. Для Абдзіраловіча гэта хутчэй супрацьстаянне двух варожых, супрацьлеглых, але падобных па сваёй сутнасці спосабаў развіцця культуры і жыцця, якія пайшлі з аднаго і таго же вектару – з вектару развіцця ўсей эўрапейскай цывілізацыі. Абдзіраловіч гэта схоплівае наступным чынам, ён кажа: была старажытная цывілізацыя элінаў, якая перадала эстафету Рыму. Гэтая магутная антычная цывілізацыя спарадзіла вельмі яскравыя формы жыцця – палітычныя, адміністрацыйныя, прававыя, маральныя, культурныя і гэтак далей. Антычная спадчына да сёння застаецца для ўсіх эўрапейцаў, напэўна, асноўным, што нас грунтуе. Вы можаце не памятаць уласных, напрыклад, славянскіх, міфаў, але міфы старажытнай Грэцыі кожны з вас перакажа. У гэтым сэнсе антычнасць дала нам узор, дала нам форму жыцця. Але распад антычнай цывілізацыі быў непазбежны, як лічыць Абдзіраловіч, бо тая цывілізацыя сустрэлася з крызісам несупадзення індывіда і грамадства. І, ня вырашыўшы гэтую праблему, гэтая цывілізацыя сканала, а пазнейшыя варвары скарысталі для сябе гэтую знешнюю форму антычнай цывілізацыі і культуры, бо яна была надта прынадная дзеля таго, каб збудаваць уласнае войска, уласныя дзяржаўныя ўтварэнні, уласную культуру. Форму яны скарысталі, а вось дух – дух антычнай цывілізацыі – яны не маглі узнавіць. І таму ім засталіся гэтыя перанятыя формы, але без істотнага духоўнага зместу, які б адпавядаў уласна варункам жыцця гэтых народаў. Калі скарыстацца метафарай, то гэта як нейкай марской жывёліне знайсці пакінутую шкарлупіну, і ў яе ўціснуць сваё цела, каб яго абараніць. Але што адбываецца пры гэтым з целам? Яно вымушана дэфармавацца пад гэтую шкарлупіну, пад гэтую ракавіну.

І тое ж самае адбываецца з народамі, якія прымаюць антычную спадчыну. Яны вымушаны сябе ўціскаць у гэтыя пакінутыя формы антычнага жыцця, але жыць іншым імпэтам, іншай думкай, чым жылі грэкі ці рымляне, і таму яны дэфармуюць свае нутраное напружанне ў гэтым фармальным накірунку. І Абдзіраловіч кажа, што пайшлі два ўзоры гэтай антычнай спадчыны: адзін пайшоў праз Рым, а іншы пайшоў праз Візантыю. Візантыйскі ўзор, які перанялі нашы ўсходнія суседзі – гэта ўзор маналітнасці, ці адзінадуш’я, адзінаўладдзя ў пытаннях да жыцця і ўспрымання ўсяго. Умоўны ўсходні чалавек – гэта чалавек монаідэі, монажыцця, ён не гатовы да нейкіх палавінчатых формаў, яму патрэбна ўсё адразу. Калі любоў, дык любоў да канца, без усялякіх агаворак: альбо ты мяне любіш, тады ты мой брат і я табе ўсё аддам, альбо ты мне вораг. Таму альбо ўкраінцы для нас браты, альбо ўсіх расстраляць, бо яны здраднікі. Гэта тая форма жыцця, якую, лічыць Абдзіраловіч, нашыя суседзі-маскавіты, расіяне, бяруць з візантыйскага канону, з таго канону, дзе ідэя монакультуры дамінуе. Ім не трэба розных вектараў развіцця, ім трэба цэльнае жыццё, нешта адное, адна ідэя, ў якую можна верыць усёй сваёй душой. А што гэта за ідэя – ідэя цара, камунізму, сусветнай рэлігіі, ці ідэя рускага свету – гэта для іх неістотна; галоўнае – гэта веданне адной формы.

Заходняя цывілізацыя (у вобразе Польшчы) для Абдзіраловіча – гэта іншы кірунак, дзе пануе ідэя, якую паэтычна сфармуляваў Мао Цзэдун: “Няхай квітнее сотня кветак”. Гэта ідэя таго, што немагчыма звесці ўсё жыццё да нейкай адзінай формы. Што ў жыцці шмат адценняў, шмат розных варункаў развіцця, і таму трэба мець талерантнасць да ўсіх гэтых варункаў, трэба прымаць існаванне розных поглядоў, меркаванняў, розных тыпаў жыцця, ладаў жыцця, і ўсе яны могуць суіснаваць. Гэта, наадварот, не маналітнасць, а расцярушанасць палітычнага і духоўнага жыцця. Абдзіраловіч знаходзіць на Захадзе шмат прыкладаў таго, што яго культура – гэта культура шматлікіх формаў.

Але па сутнасці, як кажа Абдзіраловіч, калі мы паглядзім на наступствы прыходу той альбо іншай формы для беларусаў, то пабачым, што яны вонкава адрозніваюцца, але па сваіх дзеяннях для беларусаў яны фактычна падобныя. І тыя, і другія імкнуцца адно да гвалту, але пад рознымі ідэалогічнымі соўсамі. Праблема нашых усходніх “братоў”, маскавітаў, што яны прыходзяць да нас і кажуць: будзьце такімі, як мы, і тады мы вас будзем любіць. Кіньце сваю беларушчыну, рабіцеся намі, рускімі, і тады ў нас будзе нейкае адзінае жыццё, адзіная ідэя на ўсіх, і мы будзем разам рабіць лепшую будучыню, мы будзем вашымі найлепшымі братамі. Ідэя “рускага свету”, якая сёння вельмі громка агучаная, – гэта ж не нейкая новая ідэя, гэта выцягнутая са старога куфара і трохі атрэсеная ад нафталіну ідэя славянскага свету пад начальствам рускага народа. Памятаеце Пушкіна? Славянские ль ручьи сольются в русском море? Оно ль иссякнет? Вот вопрос”. Сапраўды, для рускіх характэрны гэты месіянскі пафас: што мы маем намер стаць аб’ядноўчым цэнтрам для ўсіх славянскіх народаў, усе славяне мусяць быць з намі, і тады мы разам збудуем сваю самабытную цывілізацыю, якая “дагоніць і перагоніць” Захад, створыць прарыў у духоўным і іншым плане, які нікому і не сніўся. І беларусам ёсць сціплае месца на гэтым велічным Тытаніку ўсходняй славянскай цывілізацыі. Гэтая форма не ведае літасці да тых, хто мае нейкі сумнеў, што варта такі праэкт рэалізоўваць, альбо да тых, хто мае іншае меркаванне наконт таго, куды трэба рухацца гэтаму параходу. Шмат беларусаў у дваццатыя-трыццатыя гады загінулі таму, што дазвалялі сабе сумнявацца, ці варта будаваць камунізм так, як кажуць з Масквы, напрыклад. Да таго ж камуністы, кшталту Ігнатоўскага і іншых, якія стаялі за паўставаннем Беларускай Савецкай Рэспублікі ў канцы 19-х пачатку 20-х гадоў ХХ ст.

Калі ж казаць пра кірунак з Захаду, то і тут, кажа Абдзіраловіч, мы сустракаемся з сітуацыяй мягкага гвалту, ці захопу, але пад маскай дружалюбства і ветлівасці. Палякі ці іншыя заходнія эўрапейцы не маюць супер-месіянскіх праэктаў, лічыць Абдзіраловіч. Затое яны маюць свой прагматычны інтарэс. Прагматычны інтарэс паляка – не захапіць Маскву ці Прагу, але зрабіць Польшчу “od morza do morza”. І вось так не пашанцавала беларусам, што гэтае “od morza do morza” уключае ў сябе тыя самыя “kresy wschodnie”, якія для палякаў таксама родная зямля. Калі яны маюць такую прагматычную ідэю, прагматычна-рамантычную, яны яе будуць рэалізоўваць праз гвалт, хоць і ў больш цывілізаваных формах. Але для тых, хто будзе знаходзіцца ў вязніцах, ці знойдзе сваю смерць праз дзейнасць сакрэтных службаў, ня вельмі істотна: бальшавікі ці дэфензіва пусцілі цябе “у расход”. Адпаведна, заходняя цывілізацыя для Абдзіраловіча – гэта цывілізацыя формы, якая можа быць мазаічнай, больш размаітай, і яна прапануе нам вельмі добрыя каштоўнасці. Каштоўнасці лібералізму, дэмакратыі, індывідуальнай свабоды. Тое, што мы мусім шанаваць у сабе. Але ж вельмі часта разыходзяцца гэтыя добрыя словы са справай. Кажуць вельмі прыгожа, а робяць прама супрацьлеглае. І вось для Абдзіраловіча гэтая сітуацыя выбару паміж двума ліхамі для беларуса – гэта выбар без выбару. Альбо мы мусім прыняць такую форму развіцця культуры і дзяржаўнасці, калі ўсё аб’ядноўваецца пад адным цэнтрам, і ўсе мы мусім стройнымі шыхтамі будаваць адную нацыю, ідэю, культуру. Альбо мы мусім ісці ў заходнім кірунку, і там мы будзем мець магчымасць канкурэнцыі розных накірункаў, розных пачаткаў, але, тым не менш, гэта ўсё роўна будзе выпадак, калі некага сапраўднага развіцця ў нас не будзе. Будзе канкурэнцыя паміж існымі формамі жыцця, якія прызнаныя легітымнымі. Усё, што не прызнаецца легітымным у Заходняй цывілізацыі напачатку развіцця – адкідаецца. І гэта будуе такую мяшчанскую цывілізацыю, цывілізацыю, якая добра ведае свае межы: тут можна, а тут ужо нельга, ніякіх вам сацыяльных эксперыментаў.

І вось сітуацыя паміж “разудаласцю” і прагай да сацыяльных эксперыментаў Усхода, і вось гэтай, вельмі дакладнай і вельмі зануднай мяшчанскай прыродай Захаду, – гэта для беларуса такія арэлі, на якія сядаць не хочацца. І, кажа Абдзіраловіч, мы й не мусім на іх сядаць. І там, і там, па сутнасці, так і не вырашана галоўнае пытанне. Пытанне, на якім “зламалася” антычная цывілізацыя. Пытанне суіснавання і судачынення індывіда і грамадства. Асобнай індывідуальнасьці, як жыццёвай адзінкі, і грамадства, як хаўруса людзей, якія могуць узаемадзейнічаць паміж сабой не на аснове гвалту альбо прымусу. І цяпер вось, маючы гэта на ўвазе, мы можам перайсці да другой ідэі, ідэі творчасці, якая ўвасабляецца для Ігната Абдзіраловіча ў вобраз “ліючаяся формы”.

Трэба адзначыць, што творчасць на той момант – гэта адна з найбольш прадуктыўных філасофскіх ідэй, якая здабывае сабе вельмі шмат прыхільнікаў. Не столькі нават тут, колькі ў заходніх краінах Эўропы. Адзін з першых, хто пранізліва агучыў гэту ідэю, быў французскі філосаф, вельмі цікавы мысляр – Анры Бэргсон. Гэта, дарэчы, адзіны сучасны Абдзіраловічу філосаф, якога ён узгадывае ў сваім тэксце. Бэргсон быў прадстаўніком плыні “філасофіі жыцця”. Чым цікава гэта філасофія для нас? Анры Бэргсон напісаў некалькі вельмі цікавых працаў напачатку 20-га стагоддзя, найбольш вядомая і цытаваная з іх – “Творчая эвалюцыя”. Праца выйшла у 1907-м годзе. Бэргсон здолеў у вельмі прывабнай літаратурнай форме перадаць істотныя філасофскія ідэі, якія разгортваліся ў гэты час. А што гэта за ідэя, якая так завабіла Ігната Канчэўскага, што ён па сутнасці творча перепрацаваў яе для сваёй патрэбы? Гэта ідэя таго, што ў жыцці чалавека і ў жыцці прыроды няма дыскрэтных формаў, то бок няма асобных момантаў ці асобных рэчаў. Ёсць жыццё як плынь, як працягласць, як тое, што доўжыцца. Мы прызвычаіліся разглядаць сваё жыццё па днях, ці па нейкіх датах, перыядах: вось маё дзяцінства, вось юнацтва. Разглядаючы сваё жыццё такім чынам, мы яго разбіваем на нейкія адрэзкі, дзе мы жывем нібыта рознымі жыццямі. А Бэргсон на гэта кажа: даруйце, гэта ўсё адна і тая ж плынь жыцця, якая шукае свае формы выражэння. І вось ідэя творчай эвалюцыі, да якой ён прыходзіць, гэта ідэя таго, што сапраўды ёсць нейкі такі момант узаемадзеяння паміж творчым духам, які існуе ў чалавека, і той матэрыяй, у якой чалавек мусіць існаваць. Матэрыя для яго, адпаведна, тое, што дае канечныя формы для выражэння чалавечай суб’ектыўнасці. Матэрыя – гэта свет у ягонай канкрэтнасці і мностве тых рэчаў, якія чалавек можа сабе знайсці. А чалавечы дух – гэта тое, што рушыць нас да выяўлення нейкай творчай і духоўнай энергіі.

І вось гэты вобраз, вобраз двух па сутнасці пачаткаў, вельмі ўдала абыграны ў Абдзіраловіча ў вобразе Маці-матэрыі і творчага духа Купалы. Маці-матэрыя і Купала для Абдзіраловіча – увасабленне гэтых двух пачаткаў. Калі чалавек жыве чужым жыццём, яму насамрэч лягчэй, бо ён можа прыняць на сябе нейкую гатовую праграмму існавання. Ну, напрыклад, вам бацькі з маленства скажуць: трэба адвучыцца, знайсці добрую працу, ажаніцца, нарадзіць столькі-та дзяцей і передаць ім пасля нейкую спадчыну. Вось вам гатовая праграмма жыцця. Не трэба думаць, трэба толькі “птушачкамі” памячаць кожнага разу: “прайшоў чарговую дыстанцыю”. І такое жыццё, як сказалі б Бэргсон і Абдзіраловіч, гэта жыццё ў сталых формах, калі мы прымаем замест уласнага творчага імпэту нейкія не намі спароджаныя формы гэтага жыцця. А вось сапраўднае жыццё для экзістэнцыялістаў – гэта жыццё пакутлівае, жыццё ў сталых сумневах, у выбары, які чалавек мусіць рабіць штодзённа. Быць тым альбо іншым, рабіць так альбо гэтак. Увесь час выпрабоўваць, увесь час знаходзіцца на вастрыні, фактычна, жыцця і смерці. І вось гэта той ідэал, які, можа, і не быў выказаны Абдзіраловічам у такой экзістэнцыялісцкай дакладнасці і яскравасці, але які быў для яго ідэалам несупыннай творчасці. Творчасці, якая мусіць пранізваць чалавечую культуру, чалавечае жыццё.

Трэба разумець, што для Абдзіраловіча творчасць не сягае толькі той вобласці, якую мы зараз называем “творчай галіной”, гэта не толькі мастацкі хаўрус, не толькі дзейнасць дызайнераў, архітэктараў, мастакоў. Для Абдзіраловіча творчасць – гэта ўніверсальны панятак. Панятак, які пранізвае жыццё кожнага чалавека. Творчасць – гэта прынцып існавання, калі ты ўвесь час мусіш браць не гатовыя формы і варыянты, зробленыя не табой, але ты імкнешся рабіць нешта сваё, тое, што найбольш пасуе тваёй духоўнай існасці, твайму духоўнаму жыццю. Таму нутраному імпэту, што ёсць у чалавека.

Мы прызвычаіліся думаць, што такі імпэт ёсць не ў кожнага. Мы кажам, што ёсць творчыя асобы, у якіх там нешта палыхае, нейкі ў іх ёсць творчы неспакой, а звычайным людзям гэта не патрэбна. Абдзіраловіч таксама не з’яўляецца такім ужо рамантыкам і ідэялістам, каб казаць, што творчасць – гэта такі відавочны для кожнага індывіда спосаб існавання, але ён кажа, што творчасць – гэта па сутнасці той ідэал, на які трэба арыентавацца кожнаму чалавеку. Ён кажа, што, відавочна, немагчыма, каб учорашні раб стаўся сёння гаспадаром свайго жыцця, альбо ўчорашні чалавек з бедным духоўным жыццём стаўся сёння багатыром духу. Гэтаму трэба вучыцца, і вучыць грамадства. На самым элементарным узроўні. То бок, ён выходзіць на пытанне: адкуль народу знайсці крыніцы для развіцця гэтай творчасці. Гэта мусіць быць не асобная авантура аднаго чалавека, гэта мусіць быць грамадскі праект. Таму ён яго і фармулюе як праект для беларусаў і для Беларусі, а не толькі для развіцця творчай асобы. Для яго творчасць – гэта той прынцып, які мы можам пакласці ў аснову нашага духоўнага жыцця, нашай культуры.

Прынцып гэтай творчасці ён метафарычна ілюструе праз вобраз “ліючаяся формы”. Што такое “ліючаяся форма”? Гэта форма, якая насамрэч, па вялікім рахунку, формай не з’яўляецца. Бо форма – гэта нешта сталае, што захоўвае сябе. А ліючаяся форма – гэта форма, якая ўвесь час змяняецца. Як тая гэраклітава рака, якая ўвесь час цячэ і ў якую нельга ўвайсці двойчы. Форма, якая ўвесь час змяняе сябе – дзеля чаго? Дзеля таго, што яна ўвесь час імкнецца быць найбольш адпаведнай жыццю, з якой яна сыходзіць. Гэта вельмі істотна для Абдзіраловіча. Што жыццё – жыццё асобнага чалавека, таксама як жыццё грамадскае – не мусіць быць запхнутае ў нейкую адзіную, хай сабе і самую шыкоўную, форму. Бо творчы дух, які сядзіць у кожным чалавеке, у кожным народзе – ён куды шырэйшы і куды амбітнейшы за кожную форму. І калі мы застанемся у межах адной формы, мы рана ці позна згінем.

Тут на яго, дарэчы, паўплывала ідэя іншага істотнага мысляра пачатку ХХ-га стагоддзя. Гэта Освальд Шпэнглер, “Заняпад Эўропы”. Заняпад Захаду, які Шпэнглер канстатаваў яшчэ сто год таму, ён звязваў менавіта з тым жа самым, што і Абдзіраловіч. Ён кажа: чаму Захад сёння у крызе, якая вядзе яго фактычна да смерці? Таму што ён перастаў быць культурай, якая развіваецца, і ператварыўся ў цывілізацыю, якая ёсць застылай і мёртвай формай культуры. У мысленні Шпэнглера кожны народ, кожная нацыя праходзіць пэўны цыкл развіцця, падобны на цыкл развіцця жывога цела: ёсць свая маладосць, сталасць і свая старасць. І вось маладосць і сталасць для такога народа – гэта для Шпэнглера ёсць развіццё сваёй самабытнай культуры. Калі ствараецца тое, чым можа ганарыцца гэты народ. Гэта ягоная паэзія, філасофія, палітычныя і грамадскія формы жыцця. Пасля, калі культура ўваходзіць у стадыю стагнацыі і заняпаду, яна ператвараецца ў цывілізацыю, гэта значыць – у культуру застылых формаў, дзе ўжо ідзе не развіццё, а захаванне таго, што было напачатку. Проста пераказванне і шматлікае паўтарэнне ўсяго таго, што адбывалася раней. І Абдзіраловіч, хаця не ўзгадвае Шпэнглера нідзе наўпрост, фактычна паўтарае яго думку: цывілізацыя, калі яна застаецца застылай формай – гэта мёртвая цывілізацыя. Гэта цывілізацыя, якая ўжо ад самога пачатку скіраваная да смерці, а не да жыцця. І наша задача – не ўціснуцца на той ці іншы бок арэляў, паміраць пад гэту ці тую музыку, а існаваць дзеля жыцця – свайго жыцця. А гэта значыць, рабіць тое, што будзе адпавядаць уласна беларускаму духу. Уласна беларускаму праекту культуры, грамадства і палітыкі.

І гэта павінна быць развіццё, якое не будзе развіццём у межах адзінай абранай формы. Гэта павінна быць развіццё, якое будзе ўвесь час зыходзіць з актуальнай патрэбы беларускага існавання. Таму тут форма павінна адпавядаць зместу, а змест форме. Зместам будзе нашае духоўнае жыццё, нашыя патрэбы і выклікі сённяшняга дня, а форма – гэта тое, што будзе найбольш дакладным выражэннем гэтых патрэбаў, гэтых пытанняў. То бок гэта заклік да таго, каб мы не ставіліся занадта рупліва да сваёй традыцыі, да сваёй мінуўшчыны. Можа, гісторыкам гэта не спадабаецца, але Абдзіраловіч лічыць, што вялікая бяда сённяшніх народаў у тым, што яны вельмі рупліва ставяцца да таго, што было зроблена раней. Яны калекцыянуюць спараджэнні творчага духу мінулых эпохаў і лічаць, што калі яны будуць увесь час перабіраць гэтыя свае калекцыі, увесь час узнаўляць гэтыя формы існавання, у іх усё будзе належным чынам. А Абдзіраловіч кажа, што не. Ня трэба захоўваць ранейшыя стварэнні нашага духу, бо яны абцяжарваюць нашае жыццё сёння. Гэта як чалавеку важна час ад часу рабіць поўную прыборку дома, калі выкідаюць старыя сувеніры, нейкія рэчы, што звязваюць нас з мінулым досведам. Чаму? Бо чалавеку варта абнаўляцца. Яму варта ісці наперад, бо калі ён нясе за сваімі плячыма вялікі багаж усіх сваіх мінулых формаў, яны яго вельмі ацягчаюць, ён ня можа рухацца.

Гэта адбываецца с культурамі гэтак жа сама, як з людзьмі, піша Абдзіраловіч. Калі нашая культура будзе імкнуцца проста існаваць у адзінай беларускай форме жыцця – яна прайграе. Яна вымушана ўвесь час шукаць ліючуюся форму, якая будзе ліцца разам з нашым духам і не спыняцца ніколі, шукаць увесь час найбольш адпаведныя, найбольш актуальныя формы існавання. Трэба змяняцца, змяняць свае палітычныя, грамадскія інстытуты, змяняцца культурна, быць у сталым пошуку новых форм. Вось гэтая ідэя, такая мадэрнісцкая, ідэя суцэльная навіны, калі трэба ўвесь час змяняцца, змяняцца і змяняцца… Яна можа падацца вельмі небеларускай, не тыпова беларускай, бо ёсць стэрыятып беларускай кансерватыўнасці, што нашае грамадства не вельмі прымае ўсялякую навіну: лепш каб было так, як звычайна – як было заўсёды, так хай яно і ідзе. Для Абдзіраловіча гэта было тым, што нас спыняе, стрымлівае ў нашым развіцці. Варта стаць куды менш кансерватыўнымі ў сваіх поглядах і ў сваіх жыццёвых амбіцыях. Для Абдзіраловіча адзіны спосаб змяніцца – гэта пайсці на прынцып творчага існавання, жыцця як творчасці. Кожны чалавек творца, прынамсі сам сабе. Ягонае жыццё – гэта першы клопат ягонай творчасці.

Гэта ідэя творчасці, “ліючаяся форма”, з’яўляецца на сёння выклікам для нас, бо і сёння мы сустракаемся з тымі ж самымі пытаннямі. Ці нам пераймаць заходнія ўзоры дэмакратыі, формы палітычнага і грамадскага жыцця? Альбо варта ствараць нешта сваё? Альбо варта звярнуцца да таго, што адбываецца на ўсходзе, у Расіі, або дзе-небудзь у Казахстане, і пераймаць іх формы жыцця? Гэта тое ж самае пытанне, і шмат хто адказвае: так, трэба ісці следам за больш моцнымі цывілізацыямі і рабіць, як яны. А пасля, калі мы зробім, як яны, то можа быць у нас будзе шанец зрабіць штосці сваё. Абдзіраловіч прапануе іншы варыянт – цалкам адмовіцца ад гэтага хібнага шляху і ісці шляхам самабытным, не капіявання чужога досведу, а пошуку таго, што найлепш адпавядае сёння нам самім. Калі нам адпавядае нешта з таго, што ўжо калісці прыймалася іншымі народамі – нічога страшнага. Калі нам сёння патрэбна такая ж форма, якая была ў немцаў 30 год таму, няхай мы прымем гэтую форму, галоўнае, каб мы не прынялі яе як канчатковую і ўзор нашага жыцця на стагоддзе наперад. Каб мы ведалі, што зараз мы прынялі такую форму, а праз 10 год нам спатрэбіцца іншая форма, якая будзе, можа, не ад немца, а ад сінгапурца, а можа і зусім нова-навіна. І гэта будзе форма, у якой беларускае жыццё будзе знаходзіць сваё аўтэнтычнае выражэнне.

І нарэшце апошняя тэма, з якой бы хацелася разабрацца. Гэта тэма развіцця асобы ў межах грамадства. Я ўжо казаў, што для Абдзіраловіча гэта вельмі істотны пункт, які мае сапраўды важную цывілізацыйную значнасць. Пункт, звязаны з тым, што чалавек з аднаго боку існуе як індывід, як асоба, якая мае свае сэнсы існавання, свае прыватныя задачы, а з іншага богу – гэта член хаўрусу, член грамады. Чалавек не можа існаваць зусім сам-насам, ён мусіць сябе рэалізоўваць у межах грамадства. І ўвесь чась паўстае пытанне: ці можа чалавек знайсці такі ж творчы імпульс для развіцця сябе навонкі, калі ён дзейнічае разам з іншымі людзьмі, які ён знаходзіць унутры сябе? Вельмі проста быць мастаком ці творчай асобай, калі справа тычыцца індывідуальнай творчасці. Вось я такі мастак, што захацеў, тое сабе і намаляваў. І ніхто не зробіць мне крытыкі, калі я працую. Гэта мой спосаб самавыражэння, я тут сам сабе пан. А калі мы хочам зрабіць нешта разам? Тут мы мусім так ці інакш неяк дамаўляцца паміж сабой. Там, дзе пачынаюцца гэтыя дамаўленні, там людзі і схільныя да вонкавых формаў. Бо, калі ёсць агульная вонкавая форма, то ўсім зразумела, як ёй карыстацца. Напрыклад, калі ёсць агульны закон, усе ведаюць, як ім карыстацца. І, адпаведна, усе жывуць і карыстаюцца агульнымі формамі. А вось ці магчама такое існаванне грамадства, калі б мы маглі дзейнічаць разам, хаўрусам, але не праз гвалт грамадства над асобай, не праз прымус рабіць тое самае, што ўсе робяць, калі ўсе шыхтамі робяць адно і тое ж, а каб грамадства само па сабе развівалася творча, каб складалася хаўрусная форма творчага жыцця і развіцця?

І Абдзіраловіч бачыць пэўныя ўдалыя, на яго думку, прыклады таго, як людзі могуць жыць грамадою і пры гэтым не стрымліваць творчыя імпульсы адзін аднаго. Вось быў цудоўны гістарычны прыклад: Запарожская Сеча. Шмат чаго кажуць пра казакаў, і добрага і благога, але чым нам цікавы гэты досвед Сечы? Туды збіраліся людзі, перадусім вольныя, якія сваю свабоду і волю ставілі вышэй за іншыя чыннікі жыцця. І гэта свабода, хаця і магла выражацца ў нейкіх дзікіх формах, але гэта была свабода рабіць нешта сваё. І там яны збіраліся на такіх прынцыпах, калі не было нейкага агульнага парадку, які змушаў іх рабіць толькі тое, што падпарадкуе іх аднаму закону ці прынцыпу жыцця. Такі анархічны рэжым існавання.

Падобныя формы існавання ён таксама бачыць у “сябрынах” ці “дружынах”, якія былі формамі калектыўнага гаспадарання ў пэўныя часы існавання Беларусі. Калі людзі збіраліся ў ватагі і, напрыклад, разам шлі выконваць нейкую працу. Селі на чаўны, сплавалі куды-небудзь, а пасля дзялілі разам заробленае. Гэта таксама форма кааперацыі, калі людзі супрацоўнічалі камандай і мелі свой інтарэс і мажлівасць сябе рэалізоўваць. Пры гэтым яны супрацоўнічаюць, але не душаць адзін аднаго. Такім прыкладам для Абдзіраловіча з’яўляўся кааператыўны рух, які разгортваўся ў тыя самыя двадцатыя гады мінулага стагоддзя. Што прывабнага ён бачыць у каператыўным руху? Кааператыў, нават у познесавецкіх формах, якія мы яшчэ можам памятаць, – гэта форма вольнага аб’яднання грамадзянаў дзеля дасягнення пэўных патрэбаў, інтарэсаў, якія яны супольна ажыццяўляюць і якія вядуць іх звычайна да паляпшэння дабрабыту. Кааператывы звычайна кіруюцца нейкімі эканамічнымі фактарамі, хаця былі і жыллёвыя кааператывы, якія былі звязаныя з жаданнем пабудаваць уласны дом. Гэтыя формы кааперацыі пабудаваныя на тым жа прынцыпе, лічыць Абдзіраловіч, што і тая форма, якую мы шукаем. Гэта прынцып “мноства не падаўляе адзінку”. Ніхто не робіць вялікага ціску на іншага, усе рашэнні прымаюцца супольна. Усе амбіцыі так з’яднаныя, што кожная амбіцыя ідзе на карысць цэламу, а не насуперак. І фактычна, як заўважае Абдзіраловіч, такая кааперацыя – форма выхавання творчай асобы, калі людзі будуць вучыцца на такіх прыкладах не планавай гаспадарцы, як было ў Савецкім Саюзе, калі цэнтр вырашае, што рабіць, уніз спускаецца план і ўсе робяць, а калі чалавек сам сабе можа паставіць мэты і задачы, сам можа знайсці найлепшыя рашэнні гэтых задач, і зрабіць гэта такімі шляхамі, якія яму падаюцца найбольш зручнымі. І нават калі кан’юнктура змяняецца, змяняюцца ўмовы гаспадарання ці прававая база, гэтыя каператыўныя адзінкі – вельмі гібкія і жыццяздольныя.

І фактычна тое, пра што гаворыць Абдзіраловіч сто год таму, вельмі нагадвае тое, што мы сёння кажам пра развіццё грамадзянскай супольнасці. Што такое грамадзянская супольнасць, пра якую мараць беларускія незалежныя палітыкі апошнія дзесяцігоддзі? Трэба, каб не ўсё належыла дзяржаве, а каб людзі вырашалі свае справы самі. Гэта і развіццё мясцовага самакіравання, і незалежная грамадзянская супольнасць. То бок, тая супольнасць грамадзян, якая можа адстойваць свой грамадскі інтарэс, і казаць, нават дзяржаве: “Стоп, тут мы самі лепш ведаем, як трэба развіваць варункі культурнага, альбо грамадскага, альбо нават і палітычнага жыцця ў рэгіёне. Мы можам зрабіць лепш самі, бо мы лепш ведаем сітуацыю, лепш ведаем тое, што нам трэба, і нам тут жыць”. І такая грамадзянская супольнасць складае анцітэзу ці супрацьвагу вось гэтаму, зыходзячаму зверху ціску: “рабіце так, як мы кажам”.

То бок, такая форма кааперацыі, суіснавання прадугледжвае тое, што грамадзяне маюць уласную ініцыятыву, маюць уласныя мэты і інтарэсы, якія яны гатовы адстойваць, яны маюць супольныя амбіцыі, якія яны гатовы рэалізоўваць – не адзін супраць аднаго, а разам адзін з адным, дапамагаючы адзін аднаму, разумеючы, што гэта іх супольны інтарэс. І не абстрактны інтарэс, – абстрактны дзяржаўны ці абстрактна ідэйны, – гэта інтарэс жыцця тут і зараз. І развіццё грамадзянскай супольнасці сёння – гэта таксама пытанне таго, каб людзі вярнуліся зноў да ініцыятывы, каб жыць і тварыць, а не выконваць нейкія загады, існаваць у формах, навязаных звонку.

Вось што стаіць за ідэалам грамадзянскай супольнасці тут і зараз, і тое, пра што казаў Канчэўскі ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Што можа існаваць форма супольнага жыцця для людзей, калі яны не душаць адзін аднога, не замінаюць адзін адному, а наадварот, дапамагаюць адзін адному выхоўвацца ў творчым духу. І праз гэта робяць тое, што стварае плён жыцця, тое, чым можна пасля ганарыцца. І вось фактычна гэта тыя ўрокі і запаветы, пра якія нам апавядае Абдзіраловіч. Запаветы пра тое, што ня трэба залазіць на чужыя арэлі, варта знаходзіць сваё месца. Гэта месца варта шукаць не ў атрыманні чужой застылай формы, а ў пошуку сваёй зменлівай ліючаяся формы існавання. І па-трэцяе, гэта пошук такой формы грамадскай арганізаванасці, калі мы не душым адзін аднога, не падпарадкоўваемся нейкаму ціску, загаду, калі мы можам працаваць супольна грамадою, талакою, калі заўгодна, і разам дбаць пра тое, што будзе рабіць наша жыццё лепшым, цікавейшім, разнастайнейшым і культурна багатым. І цяпер вы самі можаце меркаваць, ці актуальны для нас Абдзіраловіч сёння?