"Простыя словы" Вайцюшкевіча

Апублікавана: 8.05.2017

Вядомы спявак і кампазітар Зміцер Вайцюшкевіч напісаў кнігу падарожных нататак “Простыя словы”.

У чарзе на мяжы, лежачы па зламаным аўто, у кабіне далёкасяжнай фуры Зміцер занатоўваў пра ўсё-ўсенькае: што цікавіць, непакоіць і натхняе. Пра ўласныя прэзідэнцкія амбіцыі і дыету Памідорава, пра першае каханне і вопыты ўласнага хутаранства, пра Беласточчыну і Вільню, пра светлую будучыню і цёмныя закуткі музыкантавай душы.

“Мяне здзівіла як са словаў, з размоваў пакрысе склалася невялічкая, але кніжачка, – кажа Зміцер Вайцюшкевіч. – І для мяне гэта таксама, можа, не такі вялікі, як акіян ці Нёман, але цуд.”

Рэдактарам кнігі выступіў культуразнаўца і калумніст Максім Жбанкоў. Перадмову напісаў Уладзімір Някляеў, а ілюстравала кнігу мастачка Ева Гілевіч. Кніга выйшла ў выдавецтве “Логвінаў”.

Аўтар прадставіць “Простыя словы” 16 траўня ў мінскай кнігарні “Логвінаў” (Незалежнасці 37а) і падпіша ўсім ахвочым асобнікі кнігі. Пачатак а 19.

Урывак з кнігі “Простыя словы” можна прачытаць тут

Share: