З архіва беларускага мыслення: Андрэй Казакевіч. Пра калёнію.

Апублікавана: 29.10.2015

Зараз наша дзяржава існуе. Сума дзеянняў нацыянальных палітычных актораў, хаатычнае ўздзеянне заходніх дэмакратычных рэжымаў і традыцыйны ўплыў былое метраполіі сталі чыннікам узнікнення нашае аўтэнтычнае ўстойлівае канфігурацыі адносінаў улады…

                Паўлюк Быкоўскі. “Праект “Рэспубліка Беларусь”.

 

Задача практыкаў вызваленьня — знайсьці мову пра Сябе,  кантэкстуальную, неўнівэрсальную мову, якая паўстае з сытуацыі вызваленьня ў канкрэтны час і ад канкрэтнага Знешняга.

 Дзюсэль.

 

Досьвед каляніяльнага, безумоўна, спэцыфічны для кожнага народа і кожнае імпэрыі.  Наколькі Беларусь, як палітычная і культурная сістэма, можа быць апісаная ў тэрмінах каляніяльнае залежнасьці і ў якой ступені такое апісаньне валодае кагнітыўнай і мэтадалягічнай вартасьцю? Тут трэба дыстанцавацца ад непасрэдных каштоўнасных ацэнак. Не апэлюючы да ідэалягемаў, мы ня можам абгрунтаваць, што калёнія, як статус для пэўных супольнасьцяў, гэта «паталягічна». У наш пост-палітычны час цьвердзіць (ці, прынамсі, «абгрунтавана» даказваць), што фэўдальная сацыяльная сыстэма станаў лепей, чым сучасная «клясавая», а імпэрыя ёсць «супольнасцю», адзіна прыдатнай для нармальнага развіцьця народаў і г.д., не складана і нават проста. Таму, пакінуўшы ўбаку “спрэчкі пра карыснасць”, паспрабуем  зрабіць акцэнт на даследаваньні структуры залежнасьці як мэтадзе вызначэньня і апісаньня беларускае палітычнае рэчаіснасьці. Карыснасьць апісаньня Беларусі ў «сыстэме калёніі» вынікае з рэальнае эфэктыўнасьці і здольнасьці знаходзіць анамаліі і вызначаць паталёгіі палітычнага жыцьця, якія ігнаруюцца  «звычайнай» аналітыкай. У той час як канцэпту «незалежнае дзяржавы» ў сучасных умовах бракуе метадалагічнай яснасьці. Апісаньне ў вызначанам мэтадзе ўяўляецца карысным для разуменьня анамалій беларускае палітычнае рэальнасьці, такіх як: эгзагенная карэляцыя палітычных рэйтынгаў1 , канфігурацыі партыйнае сыстэмы, грамадзянскае супольнасьці, мэханізму прыняцьця палітычных рашэньняў,  формаў арганізацыі інфармацыйнае прасторы, ідэалягічных сыстэмаў і, галоўнае, акрэсленьня сутнасьці сучаснае  культурнае сытуацыі.

Стан  калёніі — ня проста ўсталяваньне  зьнешняга дыктату, але і зьмена структуры легітымнасьці і тапалёгіі крыніцаў улады. Сутнасьць зьмены — у паўставаньні «заўсёды прысутнага Зьнешняга», таго, што не ўтрымліваецца ў межах Беларусі, але  прысутнічае ў якасьці сілы дамінаваньня амаль у кожнай палітычнай падзеі. Без аналізу канцэнтраванага, нацыянальна і геапалітычна жорстка акрэсьленага Зьнешняга і тэрытарыяльная сытуацыя ня можа быць цалкам зразуметая.  У пэўных выпадках  беларускую палітычную рэальнасьць можна in viva даследаваць і тлумачыць у сыстэмах каардынат каляніяльнага дамінаваньня значна больш эфектыўна, чым праз традыцыйныя «правінцыйныя» ці «ўнівэрсалісцкія» дыскурсы. У той самы час апісаньне Беларусі ў «сыстэме калёніі» ня можа быць цалкам задавальняючым. Упісаньне Беларусі ў каардынаты знешняе залежнасьці ёсьць першым элементам больш поўнага канцэпту яе тоеснасьці і  інтэрсуб’ектыўнасьці, як своеасаблівай мутацыі посткаляніяльнай сутнасьці. Гэта павінна ўважацца за асноўную мэту посткаляніяльнай і постімпэрскай рэфлексыі над Беларусьсю.

Вызначэньне каляніяльнае сыстэмы мае значныя «палітычна-некарэктныя» абавязкі, таму разгледзім беларускую сытуацыю максымальна фармальна, абмежаваўшы сфэру дасьледваньня нэапанславісцкай (нэапанрусісцкай) ідэалёгіяй, якая зараз з’яўляецца паў-афіцыйнай,  як і яе непасрэдная гістарычная аснова –  заходнерусізм. Такім чынам, прадметам апісаньня зьяўляецца Ідэалягічная інтэрпрэтацыя Беларусі, як несамастойнага суб’екту. Корпус тэкстаў, якія сталі крыніцай для  выяўленьня наяўнасьці прыкметаў каляніяльнае сыстэмы ў гэтай ідэалёгіі, складаецца з клясычнага заходне-русізма XIX—пач.XX стагодзьдзя і яго розных сучасных варыянтаў. Большасьці тэкстаў, асабліва сучаснага перыяду, на жаль кан’юнктурныя. Ім бракуе “тэарэтычнасьці” і самастойнае дыскурсіўнасці, аднак у цэлым яны выразна акрэсліваюць “каляніяльную” візію Беларусі. Такім чынам, як яны бачаць Беларусь:

Першай і асноўнай сыстэмна-стваральнай для падвалінаў каланіяльнага мысленьня зьяўляецца тэза: Беларусь ня ёсьць суб’ект. Галоўнай каляніяльнай практыкай: рэдукцыя - Беларусь ёсць аб’ект. Перафармуляваўшы Леві-Строса, можна сказаць, што для Зьнешняга (Расіі) Беларусь ня ёсьць суб’ектам у сваёй найчысцейшай форме, сутнасьць Беларусі і яе «мейсца» адкрываецца толькі праз акт маніпуляцыі  з боку Зьнешняга. Нутраны бок Беларусі ня можа быць выяўлены нават у акце самаадмаўленьня. Само паўставаньне пытаньня суб’ектнасьці ў межах вызначанае сыстэмы немагчымае, бо супярэчыць аснове яе сацыяльнае практыкі.

Сапраўды каляніяльнымі, аднак, можна назваць ня проста адносіны «панаваньня над аб’ектам», але толькі над тым, што сама-ўсьведамляецца  суб’ектам і ад якога тым ня менш патрабуюць быць (ці прынамсі выконваць функцыю) аб’екта. Толькі пасьля вызначэньня Іншага, які дамінуе над аб’ектам, і суб’екта (ці ўзьнікаючае суб’ектнасьці) можна акрэсьліць канфігурацыю беларускае каляніяльнае сытуацыі.

 Сутнасьць таго, што можна назваць «беларускім каляніялізмам», палягае ў сучасным культурным і палітычным канфлікце паміж рэдукцыяй, гэта значыць ператварэннем «беларускай супольнасці» ў аб’ект абмену, і сцьвярджэньнем «натуральнае суб’ектнасьці», якая імкнецца адмаўляць саму наяўнасьць інтэнцый абвясьціць сябе неіснуючай. Каляніяльным  зьяўляюцца ня проста «панаваньне над аб’ектам», але толькі панаваньне над тоеснасьцю, якая артыкулюе сваю суб’ектнасьць і ад якой патрабуецца быць (ці прынамсі выконваць функцыю) аб’ектам. Вышэйзгаданыя пазыцыі несумяшчальныя, і таму знаходзяцца ў стане перманэнтнага канфлікту.  Праблема ня можа быць вырашаная ў межах дыялёгу з захаваньнем status quo,  з прычыны натуральнае непараўнальнасьці пазыцыяў контрагентаў. Таму для палітычнае рэальнасьці безсэнсоўна выходзіць за межы гэтае дылемы: альбо агент павінен рэдукаваць Іншае, альбо  быць рэдукаваным. Сутнасьцю адносінаў паміж рэдукцыяй і вызваленьнем ёсьць канфлікт. Альбо — альбо.  Альбо разбурэньне плыні рэдукцыі, альбо разбурэньне суб’ектнасьці. Трэці шлях — які-небудзь Mitsein — немагчымы проста тэхналягічна2 .

Функцыянаваньне каляніяльнае ідэалёгіі, аднак, адметна ня толькі сваім афіцыйным статусам, але і значнай «укарэненасьцю» ў сацыяльныя практыкі, «татальнасьцю», якая хутчэй дазваляе анты-ідэалёгіям3  капіраваць сваю структуру, чым ствараць нешта аўтэнтычнае (па-за-каляніяльнае).

Практыкі вызваленьня маюць сваімі наступствамі паўстаньне ў лепшым выпадку па-за-каляніяльнае, у горшым — непасрэдна посткаляніяльнае рэчаіснасьці, якія зьяўляюцца рознымі формамі посткаляніяльнае стадыі4 . Для Беларусі і посткаляніяльныя і антыкаляніяльная стадыі, на жаль, супадаюць. Ёсьць натуральнае разуменьне, што анты-каляніялізм павінен «высьпець», каб натуральна перайсьці ў стан post, аднак часу і прасторы для высьпяваньня ён ня мае. Сам стан дзяржаўнасьці ня можа быць дакладна  апісаны ці то як ужо-не-калёнія, ці то як яшчэ-не-калёнія, альбо  як constant-калёнія. У вызначанай сытуацыі пост-каляніяльнае ўтварае ўстойлівы сынтэтычны комплекс з анты-, і толькі пасля пост-анты-супольнасьць пачынае вызначаць канфігурацыю сваіх адносінаў з метраполіяй. Гэта выразна выяўляецца ў канфігурацыі сістэм «беларускага вызваленьня», цела свядомага (узніклага) і цела адмаўлення (паўстаньня-ад) з’яўляюцца тоеснымі5 , што можна прагледзець у генеалёгіі беларускага «адраджэньня» і  «пахаваньня» апошніх двух стагодзьдзяў. Узнікла-бунтуючы комплекс6  сфарміраваў контр-агента каляніяльнае ідэалёгіі, суб’екта, які супраціўляецца рэдукцыі, што фактычна і завершыла фармаваньне асновы мінулага і сучаснага палітычнага й культурнага канфлікту на Беларусі.

Непасрэдныя  ідэалягічныя практыкі рэдукцыі беларускае суб’ектнасьці досыць разнастайныя, аднак могуць быць кадыфікаваныя ў наступныя асноўныя формы:

Аб’ект, сэктар паверхні. Найбольш распаўсюджаны сюжет рэфлексыі над Беларусьсю ў межах каляніяльнага дыскурсу зьвязаны з патрабаваньнем ад яе выконваць пэўныя функкцыі для Іншага ці, ў адпаведнасьці з лёгікай дыскурсу, для сабе як сэктара паверхні Адзінага маналіту мэтраполіі. Сэктар-Беларусь павінен прадстаўляць прастору для дзейнасьці мэтраполіі, зьвязваць яе тэрыторыі, акумуляваць патокі рэсурсаў, быць санітарнаю зонаю ( павінен быць, і больш ні чым быць не павінен). Рэалізацыя функцыяў — натуральны абавязак Сэктару, выкананьне якога ёсьць для яго ўмовай існаваньня ў якасьці акрэсленай і інтэграванай тэрыторыі.

Статус Беларусі ў мысьленьні Іншага гамалягічны статусу літаратуры (як і навукі, філязофіі і іншых інтэлектуальна-эстэтычных практыкаў) у мэханістычным грамадзтве (прыватным прыкладам якога зьяўляецца грамадзтва таталітарнае). Літаратура павінна «забясьпечваць» грамадзтва ідэаламі, яна павінна забаўляць насельніцтва, павінна фарміраваць аптымістычны светапогляд, павінна пацвярджаць і распаўсюджваць ідэалёгію, павінна… Увогуле ніякай літаратуры для літаратуры быць ня можа, яна ня можа мець нейкае сваёй этыкі ці тэлеалёгіі развіцьця, і не таму, што ня здольная (такое пытаньне абсурднае ў сваёй аснове), але таму што ёсьць прыладай, функцыяй абслугоўваньня сыстэмы. У межах мысьленьня мэханістычнага грамадзтва нельга ўявіць, як магчымая аўтаномія таго, што ёсьць толькі прыладаю, ня можна ж лічыць магчымым існаваньне асфальту для асфальту, а мікрасхемы для яе самой. Заўважым, што прынцыповым зьяўляецца менавіта «усьведамленьне немагчымасьці», а  не барацьба  з заганаю «літаратурнага эгаізму» як гэткаю. Таму дэвіяцыя ад сацыяльнае функцыі заўсёды інтэрпрэтуецца як паталягічная і ненатуральная зьява.

Як і літаратура, «там» Беларусь ня мысьліцца як нешта здольнае да самастойнага развіцьця, тым больш да сваёй функцыі. Натуральна, што імкненьне да такой аўтаноміі ня проста паталягічнае, але і звычайна зьвязваецца са зьнешнім пранікненьнем («польскай інтрыгай», антырускімі сіламі Захаду). Беларусь-для-сябе такая ж недарэчнасць, як асфальт дзеля асфальту ў «функцыяналіскай» сьвядомасьці.

 Адрознасьць. Аналітыка «мясцовае» рэальнасьці заўсёды сутыкалася з тым, што можна назваць прэзумпцыяй адрознасьці7 , зьмест  непасрэднага адрозненьня-ад8  (мова, традыцыя, антрапалёгія і г.д.) ня мае значэньня. Канцэптуальным зьяўляецца прызнаньне структуры «адрозненьня-ад», як  a priori першага кроку рэфлексыі над беларускім ляндшафтам. Вызначанае правіла пасьлядоўна выконваецца і тады, калі неабходна даводзіць адсутнасьць адрозненьня (нават у часы адсутнасьці «прадмету» адрозніваньня — самой акрэсьленай ідэі Беларусі ў сяр. XIXст). Прынцыповаю ёсьць устойлівая наяўнасьць пэўнае структуры, якая прымушае апраўдваць ці тлумачыць гэтую адрознасьць. Неабходнасьць тлумачэньня аднолькава прысутнічае і ў апалёгіі рэдукцыі Беларусі, і ў дыскурсах беларускіх ідэалёгій, дзе робяцца спробы кадыфікацыі падвалінаў беларускае суб’ектнасьці.

Усталяванне новае сыстэмы сымбалічнае калянізацыі Беларусі ў XIX ст. выяўляе дзьве асноўныя тэорыі адрознасьці — хваробу і рэгіяналізм. І першая і другая структурна адпавядаюць выключна аб’ектнай інтэрпрэтацыі Беларусі.

Хвароба. Адрознасьць ад мэтраполіі як хвароба часткі  Агульнага. Нятоеснасьць з мэтраполіяй выглядае як праява патагенэзу. Прастора хваробы цела калёніі плоская, адрозненьні сымптому (праявы захворваньня), патагенэзу (чыньніка сымптому) і эпізоду ігнаруюцца. «У гэтай сымулятыўнай прасторы, дзе размеркаваньні ў часе сыходзяцца і накладваюцца, падабенства згортваецца да ідэнтычнасьці (М. Фуко). Паходжаньне адрознасьці ня ўплывае на вызначэньне яго як паталёгіі, мае значэньне толькі фіксацыя факту адхіленьня ад «нармальнага» стану. Любая своеасаблівасьць ёсьць сымптом-паталёгія. «Няправільнае» (у сэнсе не мэтрапольнае) вымаўленьне гуку «г» без сумневу павінна быць наступствам польскае калянізацыі, слова «дзякуй» — забруджваньне «рускае» мовы нямецкім Denken і г.д. Усё, ад мовы і звычаяў, этнічнае псіхалёгіі і гістарычнага досьведу, ёсць хвароба.

Сутнасьць хваробы-адрознасьці ад мэтраполіі палягае ў зьнешняй «інфэкцыі»: «Некалькі стагодзьдзяў іншароднага ўплыву старшэнна забрудзілі гэтую частку цела Агульнага».  Формула ўнівэрсальная і мае трывалую структуру. Замест «стагодзьдзяў» можа паўстаць любы прамежак часу — год, эпоха, 1990—1994 гг. — прамежак часу можна лічыць першым элемэнтам канфігурацыі хваробы,  другі ўтрымлівае крыніцу інфэкцыі  — у XIXст. гэта была пераважна Польшча, польская культура і «лацінская вера» з супольнымі дыскурсамі, зараз —  пераважна Захад, у неафіцыйнай панрусісцкай ідэалёгіі захавалі сваю значнасьць габрэі, палякі і нават балты.

Рэгіяналізм. У сыстэме рэгіёну адрознасьць-ад падпарадкоўваецца ня прынцыпу «хваробы», калі нятоеснасьць у адносінах да мэтраполіі адназначна разглядаецца як адхіленьне ад нормы, але прынцыпу «мяжы рэдукцыі»9 . Адрознасьць інтэрпрэтуецца, як рэгіянальная асаблівасьць. Ступень дазволенай асаблівасьці вызначаецца мяжою, якая і падзяляе рэгіянальную асаблівасць ад нацыянальнае. Мяжа мае сымбалічнае значэньне і агарожвае тое, што да яе (рэгіянальная адрознасьць — дазволеная асаблівасьць10 , якая не перашкаджае рэдукцыі рэгіёна да статусу аб’екта) і тое, што за ёю («нацыянальная» асаблівасьць (Іншасьць), што паўстае прынамсі як протасуб’ектнасьць). Адрозненьні, якія могуць інтэрпрэтавацца як рэгіянальныя, прызнаюцца і могуць нават «падтрымлівацца» у той ступені, у якой яны не пагражаюць «цэласнасьці» — функцыянаваньне мовы ў ізаляванай сфэры літаратуры і фальклёру, сам фальклёр і г.д. Тое, што імкнецца быць за мяжою, зьяўляецца «не-нормай» і павінна мець экзагеннае («уплыў», «забруджваньне») ці паталягічнае паходжаньне, каб не супярэчыць статусу аб’екта. Мяжа рэдукцыі дазваляе акрэсьліць прыручаную Іншасьць у свім натуральным асяродзьдзі —  у фальклёрнай і «простай» культуры. Сацыяльныя і культурныя страты мэтраполіі ад наяўнасьці адрознасьці ў такіх умовах зводзяцца да мінімуму. Акрамя таго, зьмяншаецца рызыка памнажэньня і самапамнажэньня Іншага, бо яно надзейна абмежавана рамкамі сваёй сацыяльнае нішы. У фальклёрным варыянце ‘нацыянальная’ культура знаходзіцца ў сваім натуральным стане «супадзеньня сваёй рэгіянальнае сутнасьці», стабільнай і бясьпечнай. Культурны бар’ер і «нізкі», з пункту гледжаньня сымбалічнае гіерархіі, культурны статус носьбітаў такое культуры ёсць кампэнсацыя за дазвол «трошкі адрозьнівацца». Іншасьць, каб быць бяспечнай, павінна суправаджацца пэўным дыскамфортам ці «нізавымі», у сацыяльным пляне, практыкамі, што з  пункту гледжаньня мэтраполіі павінна  забясьпечваць палітычную стабільнасьць. Іншае падтрымліваецца ня ‘ўтульнасьцю’ і камфортам, што забясьпечвае культурны масыў мэтраполіі, але натуральнасьцю: ‘родная мова’, ‘простая культура’, «спадчына» і іншыя сымболі, якія апелююць да роду, традыцыі.  Супярэчнасьць і напруга ў выбары паміж утульнасьцю і натуральнасьцю і нараджае поле існаваньня рэгіянальнае асаблівасьці як свойскае Іншасьці рэгіёна-аб’екта. Заставацца ў натуральным стане значыць пазбаўляцца пэўнае «макрасацыялягічнае» зручнасьці і абмяжоўваць магчымасьць руху ў сацыяльнай прасторы, пазбаўленьне натуральнасьці значыць разрыў з традыцыяй і разбурэньне культурнае тоеснасьці, што таксама мае свае нэгатыўныя наступствы для суб’екту. У кожным выпадку індывід павінен сплочваць палітычныя выдаткі і парушэньне балянсу, гэта значыць пераход мяжы рэдукцыі ў культурных практыках (наданьне рэгіянальнаму статусу «нацыянальнага» і г.д.) ёсьць адзіны сродак пазьбегнуць  выплаты ці перанесьці апошнюю на іншыя сацыяльныя групы. Аднак гэта значыць замену «утаймаванае» адрознасьці на радыкальную Іншасьць, што пагражае кантролю Зьнешняга над калянізаванай тэрыторыяй і не можа быць дазволена мэтраполіяй.

Рэгіён-аб’ект, суб-суб’ектнасьць. Два праэкты рэдукцыі. У сувязі з вышэй згаданым неабходна акрэсьліць структурную адрознасьць паміж суб’ектнасьцю тоеснасьці, якая прызнаецца рэгіянальнай, у супрацьвагу «нацыянальнай».  Рэгіён — ня проста частка цэлага, але безсуб’ектная частка. Калі, напрыклад, Беларусь як беларускі праэкт ХХ стагодзьдзя апісваецца як частка Эўропы, апеляцыя да цэлага — Эўропы — паводле сваёй структуры значна розьніцца ад апэляцыі да цэлага — Расеі. Тут палягае асноўнае «анталягічнае» супрацьстаяньне двух накірункаў разгортваньня беларускага кантэксту. Эўропа ёсць звыш структурай, бо, натуральна, Эўропа існуе толькі як цэлае, «аб’яднанае з частак»,  — суб’ектаў (ці субсуб’ектаў) і функцыянуе культурна і палітычна як звыш-суб’ект, прыналежнасьць да якога не адмаўляе хоць часткова і рэдукаваную, але суб’ектнасьць. У адносінах да Расеі сытуацыя зусім іншая. Расея не зьяўляецца звыш-суб’ектам, яе ідэнтычнасць непарыўна звязаная з этнічна рускаю асноваю, таму быцьцё-яе-часткаю, значыць існаваньне як аб’ект, канцэпт «агульнае дзяржавы», “імпэрыі” як над-структуры зьяўляецца ў лепшым выпадку яшчэ не распрацаванай «думкай пра магчымы праект». Калі размова ідзе пра “агульную” культуру, то ў палітыка-культурных  практыках гэта значыць прызнаньне этнічнай расейскай культурнай ідэнтычнасці ў якасьці «сваёй» і далучэнне да яе ў якасьці эпізода альбо другаснай ідэалягізаванай і правінцыйнае часткі. Расея па сваёй сутнасьці нацыянальная  дзяржава, што ня толькі ніколі не адмаўляецца, але і старанна пацьвярджаецца ў каланіяльным дыскурсе, таму яна ня можа быць  над-структураю ў прынцыпе. Рэгіён-Беларусь, інтэграваны ў «расейскаю прастору», ёсьць аб’ект-рэгіён, які  не павінен быць больш чым аб’ектам ні ў палітычных, ні ў сацыяльных, ні ў культурных практыках.

Аб’ект дамінаваньня. Альбо мы, альбо яны. Гістарычная традыцыя каляніяльнага дыскурсу ў міжнародна палітычным аспэкце ўважала і ўважае Беларусь за «поле барацьбы» паміж заходнім-чужынскім уплывам і сваім-усходнім (Усход заўсёды тоесны Расеі). Калі часткова пакінуць па-за ўвагаю сам ідэлягічны канструкт, які сцьвярджае свае «спрадвечныя правы» і чужую «спрадвечную агрэсію» ў адносінах да «Між-Віцебска-Берасцейскай» тэрыторыі, то канфігурацыя адносінаў да Беларусі як аб’екту міжнароднае палітыкі ўтварае тое, што звычайна называюць сыстэмай «мы альбо яны». 

«Нэўтральная зона — нічыйная зямля — заўсёды павінна некаму належаць, пытаньне толькі — каму?», «Зямля павінна належыць Нам, таму што ў адвортным выпадку яна будзе належыць Ім». «Мы павінны наступаць, таму што наступаюць яны, уладу над тэрыторыяй трэба трымаць, каб у адваротным выпадку яна не перайшла да Іх».

 Мы і Яны — транс-, экза-сіла, якая дастаткова дасканалая, каб не звяртаць увагі на сэнс аўтахтоннасьці. Прыняцьцё сыстэмы «мы альбо яны» і настойлівая апэляцыя да яе ёсьць сьцьвярджэньне ў сыстэме каляніяльнага мысленьня абсалютнае канвертуемасьці Беларусі як сацыяльнае прасторы; гэта значыць радыкальны варыянт рэдукцыі яе як суб’екта. Беларусь з пункту гледжаньня каляніяльнае сыстэмы ёсьць аб’ектам абмену паміж канфліктуючымі мэтраполіямі. Абмен не накладае на ўдзельнікаў міжнародна-палітычнага пагадненьня ніякіх дадатковых выдаткаў, акрамя ліквідацыі ўплыву мэтраполіі-суперніка.  Абмен ні ў якім разе не значыць, што Беларусі можа падтрымаць адзін з бакоў між-мэтрапольнага супрацьстаяньня. Рэч ня выбірае сабе гаспадара — адзіным выхадам з «сыстэмы абмену» для Беларусі, з пункту гледжаньня каляніяльнае ідэалягіі, зьяўляецца зьніжэньне яе «канвертуемасьці», гэта значыць, ператварэньне ў частку (сэктар) Расеі, на што і накіраваныя сацыяльныя практыкі «сыстэмы калёніі». «Альбо — альбо» паступова павінна стаць «толькі гісторыяй» і саступіць мейсца міту «канчатковага набыцьця», які аднак як інтэграванае цэлае будзе ўтрымліваць «памяць» пра пакуты «сыстэмы абмену». Апэляцыя да мінулага і павінна будзе рэпрэсаваць інтэнцыі да паўстаньня суб’ектнасьці і стаць трывалаю асноваю інкарпарацыі.

На закачэньне паспрабуем акрэсьліць сацыяльны аспэкт функцыянаваньня каляніяльнага ў Беларусі, якое непасрэдна зьнітаванае з асаблівасьцямі працэсу мадэрнізацыі  яе грамадства, а таксама з сэрыяй перанесеных гуманітарных катастрофаў. Катастрофы аказалі значны ўплыў на разьвіцьцё нацыі, бо мелі наступствы татальных сацыяльна-культурных рэвалюцый: Першая сусьветная вайна (комплекс шматлікіх акупацый, камуністычнае рэвалюцыі, аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці, нацыянальнага падзелу, партызанскай вайны), Другая сусьветная вайна, савецкая індустрыялізацыя — кожная з гэтых «падзеяў» суцэльна зьмяняла беларускі палітычны, культурны, этнічны і сацыяльны ляндшафт, нараджаючы фактычна новыя  грамадзтвы.

Палітычныя катаклізмы беларускага вызвалення  ад БНР і БССР да ўрбанізацыі ды асіміляцыі сталі чыньнікамі значных зьменаў у характары існаваньня Беларускага, якое паступова сымбалізавалася і набыла сучасную ізаляваную культурную і сацыяльную прастору. Пакрысе адбылася новая інстытуалізацыя каляніяльных адносінаў, аформілася ўстойлівая сымбалічная гіерархія, якая вызначала мейсца функцыянаваньня нацыянальнай культуры, дазволенасьць і ўзроўні «бяспечнасьці» яе ўжываньня.  Сфармаваліся сымбалічныя грамадзкія тыпы беларусаў («паўнавартасных, савецкіх беларусаў», «нацыяналістаў», «калхознікаў»), кожны зь якіх меў сваю свабоду дачыненьняў з беларускай культурай, «дазвол» на яе выкарыстаньне, свой узровень нэгатыўнага і пазітыўнага, а таксама сваю сацыяльна-палітычную ролю. Фарміраваліся культурныя «касты», якім дазвалялася мець асаблівыя адносіны да беларускага, у абмен на сымбалічную дыстанцыю да грамадскага і паўсядзённага жыцьця, а таксама  функцыянальную замкнёнасьць: «пісьменьнікі», «мастакі» і г.д. Каляніяльная сымбалічная і сацыяльная гіерархія  непасрэдна эвалюцыянавала ў новую палітычную рэальнасьць Рэспублікі Беларусь.

Фактычна, працэсы калянізацыі — неад’емная частка працэсу фарміраваньня мадэрнага беларускага грамадзтва. Разам  з гвалтам вайны, рэпрэсій, індустрыалізацыі Беларусі як часткі Імпэрыі вясковае грамадзтва прымала новы грамадзкі лад, урбанізаваны і суцэльна не-традыцыйны, новую ідэалёгію, сацыяльныя дачыненьні і новую культурную сыстэму. Бяз гэтага цяжка ўявіць сутнасьць сучаснага сацыяльнага і культурнага канфлікту.  Першапачаткова створаныя энергіяй прымусу і дыктату, гэтыя сілы ва ўмовах савецкага грамадзтва ператвараліся ў галоўную прадукцыйную сілу сацыяльных супярэчнасьцяў, якія ў сучаснай Беларусі чамусьці ўспрымаюцца як новыя, пост-савецкія. Усталяваньне новых культурна-сацыяльных адносінаў было неабходна з пунткту гледжаньня кантролю, аднак хутка канфлікт пачаў працаваць як крыніца псыхічнае агрэсіі й задавальненьня, у значнай ступені аўтаномна накладаючыся на сацыяльную структуру новага індустрыяльнага грамадзтва.

Кожная новая ідэалёгія — палітычная, філязофская, рэлігійная —, калі яна спрабуе быць укарэненай у «тутэйшы» кантэкст, утвараецца менавіта гэтым новым складам міжкультурных і сацыяльных адносінаў і будуецца ў адпаведнасьці зь іх канфігурацыяй. Гэтыя адносіны ня толькі вызначаюць вонкавую структуру, але кранаюць і больш глыбокія пласты беларускіх культурных практыкаў. Яны вызначаюць узор стварэньня экзістэнцыйных канцэптаў нацыянальнага існаваньня: «сацыяльнае і нацыянальнае пагрозы», трывогі і адчаю перад «стратай тоеснасьці», чыньнікаў і формаў культурнага і сацыяльнага «адчужэньня» і г. д., якія шырока функцыянуюць у грамадзтве нават у  ідэалогіях, якія імкнуцца быць альтэрнатыўнымі. Гэтая сацыяльная і культурная прастора,  рамкі якой склаліся ў адказ на  сутыкненьне практыкаў вызваленьня і рэальнасьці зьнешняга дамінаваньня у час нараджэньня мадэрнага беларускага грамадзтва, стала крыніцай устойлівых культурных адносінаў, якія, без сумневу, будуць мець значны ўплыў на далейшае развіцьцё беларускага палітычнага і культурнага ладу.

 

Зацемы

 1 Эгзагенная карэляцыя - залежнасьць зьмены нутраных паказчыкаў ад зьнешніх фактараў, напрыклад, рэйтынгу прэзыдэнта Беларусі ад рэйтынгу прэзыдэнта Расеі: выбраньне «моцнага» Пуціна, замест «слабога» Ельцына выклікала ў 2000 г. катастрафічнае падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі. Існуюць залежнасьці і паміж папулярнасьцю гамалягічных партыяў, таму папулярнасць беларускіх камуністаў залежыць ад формы прадстаўленьня расеійскага камуністычнага руху  праз «універсальныя» расейскія СМІ, мясцовага «Яблока» ад поспехаў іх расеійскай метраполіі, што з’яўляецца вынікам каляніяльнай канфігурацыі інфармацыйнай прасторы.

 2 Фактычна, ліквідацыя  самой магчымасьці рэдукцыі і ёсць першая стадыя беларускага вызваленьня.

 3 Анты-каляніяльным ідэялёгіям, створаным для супрацьдзеяньня знешняму дамінаваньню і здольным функцыянаваць толькі як сродак супрадзеяння вонкавай залежнасьці, утварая з контрагентам - метраполіяй - поле «натуральна-антаганістычнай гульні».

 4 Тут  неабходна зазначыць рознасьць посткаляніяльнасьці нацыяў, у якіх атрымалась, прынамсі, дэкалянізаваць уласную тэрыторыю ды атрымаць пэўную ступень суб’ектнасьці  і нацыяў, якія у посткаляніяльнай стадыі канчасткова пераўтварыліся ў этнаграфічны рэлікт, альбо страцілі тоеснасьць і для якіх посткаляніяльная рэфлексія ёсць толькі «роздум на руінах».

 5 Маецца на ўвазе супадзеньне у беларускім выпадку двух этапаў вызваленьня: узнікненьне тоеснасьці, якая жадае вызваліцца і ейнае адмаўленьне існае сыстэмы дамінаваньня (паўстання-ад). Для беларускіх практык вызваленьня ўзнікненьне і ёсць адмаўленьне.

 6  Комплекс утвораны злучэньнем  інтэнцый узнікненьня тоеснасьці з бунтам супраць сістэмы дамінавання.

 7 “Адрозненьне ня мае ані сінтэза, ані апасрэдаваньня, ані прымірэньня, але, адворотна, толькі настойлівасьць дыфэрэнцыацыі” (Ж. Дэлёз).

 8  Адрозненьне-ад: адродненьне, якое  ўспрымаецца як падстава размежаваньня дзвюх тоеснасьцяў.

 9 Мяжа рэдукціі - дэмаркацыя бяспечных і небяспечных адрозненьняў цэнтру і перыфэрыі: усё, што небяспечна, выклікае імкненьне метраполіі да сымбалічнай рэдукцыі.

 10  «Утаймаванае», «свойскае» Іншае.

Share: