Праблемныя публічныя дыскусіі

Дыскусіі для нас - месца для сутыкнення і абмеркавання найбольш вострых пытанняў у развіцці краіны, да якога далучаюцца не толькі мысляры і інтэлектуалы, але і тыя суб’екты ды актары, якія рэалізуюць практычныя праграмы.

Дыскусія "Ці існуе сучаснае мысленне"

Мы прызвычаіліся, што выкладчыкі ўніверсітэтаў не спрачаюцца, не дыскутуюць адзін з адным. Што дыскусія – гэта проста размова экспертаў, далёкая ад таго, каб убачыць там сутыкненне пазіцый, крытыку і аргументацыю. Што месца філасофіі – у тоўстых кніжках на пыльных паліцах. Выкладчыкі Лятучага ўніверсітэту Уладзімір Мацкевіч, Павел Баркоўскі і прадстаўнікі “Філасофскай Прасторы” дыскутуюць пра тое, “Ці існуе сучаснае мысленне?”. Патрэба разабрацца і суаднесці розныя пазіцыі па гэтай тэме ўзнікла з таго, што зараз у рамках двух базавых курсаў Лятучага універсітэта – “Увядзенне ў сістэмны падыход” і “Уводзіны ў філасофію” — закранаюцца пытанні розных формаў або тыпаў мыслення, іх падстаў і межаў. Гэтая тэма уяўляецца вельмі актуальнай і важнай ў святле ўстановак універсітэта на засваенне і культываванне мысленне, на развіццё нацыі і культуры.

Дыскусія «Гісторыя Гісторыкаў» і пазагістарычная практыка: як магчыма прафесійнае гісторыяпісанне сёння?

Праца з мінулым сёння не з’яўляецца справай выключна гісторыкаў, да яе звяртаюцца палітолагі, сацыёлагі, а таксама палітыкі і грамадскія дзеячы. З іншага боку, гісторыя як навуковая дысцыпліна і гісторыкі, якія валодаюць адмысловымі метадамі і ведамі, прэтэндуюць на асаблівы статус у працы з мінулым. Ці магчыма сумясціць прафесіяналізм гістарычнай дысцыпліны з задачамі і патрэбамі іншых – пазагістарычных — культурных, палітычных ці даследчых практык? Ці можна знайсці месца для працы гісторыка ў гэтых практыках і ці могуць гісторыкі крытычна і рэфлексійна падысці да сваёй дысцыпліны, каб «сумясціць» яе з патрэбамі іншых? Усе гэтыя пытанні актуалізуюць «ўнутраныя» праблемы гісторыі як навуковай дысцыпліны. Наяўнасць дзвюх палярных пазіцый, назавем іх умоўна «аб’ектывісцкай» і «рэканструктывісцкай», і мноства прамежкавых поглядаў на гісторыю паміж дзвюма крайнімі пазіцыямі спрыялі фрагментацыі традыцыйнай «акадэмічнай гісторыі» і абумовілі актуальнасць фундаментальнага для прафесійных гісторыкаў пытання: «Што ўяўляе сабой« гісторыяпісанне »як форма працы з мінулым? ». І адказ на гэтае пытанне ўжо немагчыма шукаць толькі ўнутры самой гісторыі.

Дыскусія “Пераклады на беларускую мову: персанальныя авантуры альбо паспалітыя стратэгіі?”

Публічная дыскусія ставіць сабе за мэту ўзмацненне цікавасці да развіцця культурніцкіх праектаў на беларускай мове ў нашым грамадстве, а таксама спрычыняе да выпрацоўкі сумесных стратэгіяў дзейнасці вядучых прадстаўнікоў галіны перакладу праз абмеркаванне і праграмаванне існуючай сітуацыі. Удзельнікі могуць прадставіць экспертную пазіцыю ў якасці панэлістаў, выказаць сваё меркаванне ў дыскусіі, а галоўнае – паспрабаваць выпрацаваць супольныя падыходы да развіцця сітуацыі і заключыць паміж сабой адпаведныя пагадненні.

Дыскусія “Ці ёсць супярэчлівасць беларускай і літоўскай візіі гісторыі ВКЛ навуковай і палітычнай праблемай?”

Развіццё беларускага нацыянальнага руху з другой паловы ХІХ ст. будавалася на гістарычнай традыцыі дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага. Але віхуры развала Расійскай імперыі і стварэння Савецкага Саюза, вынішчэнне найвыбітнейшых гісторыкаў падчас сталінскіх рэпрэсій, жорсткая гістарычная палітыка камуністычных уладаў прывялі да часовай “амнезіі” – забыцця спадчыны ВКЛ у беларускім кантэксце. Якім жа чынам можна падзяліць спадчыну вялікай данацыянальнай дзяржавы паміж сучаснымі нацыямі? Ці будзе агульнае мінулае падставай для сяброўства ці прывядзе да крыўдаў і раз’яднанасці? Якую ролю ў гэтых працэсах прысвойвання спадчыны ВКЛ у сучасным грамадстве мусяць гуляць гісторыкі? Ці можна знайсці такі падыход да мінулага, які дазволіць ўмацаваць нацыянальную ідэнтычнасць і гістарычную памяць, але не створыць пры гэтым непераадольных бар’ераў паміж суседзямі?

Дискуссия "Авторское право: выход из правового нигилизма"

Параллельно существует два явления. С одной стороны, практика общественных отношений, где обмен продуктами интеллектуальной работы становится всё быстрее, а с появлением интернета стал и очень доступным. А с другой стороны, есть практика законодательства: правила, которые большинство действий пользователя (свободное копирование, изменение, изучение, воспроизводство в публичных местах, обмен) квалифицируют как нарушение – это закон «Об авторском праве и смежных правах». Расхождение правовых норм с реалиями общественного поведения, настроения и готовности придерживаться правил характерно для сегодняшней ситуации в Беларуси. Но такое резкое различие практики и теории трудно найти в других законах. Учитывая тенденцию увеличения проникновения цифровых технологий в общество (более 50% населения в Интернете), проблема несоблюдения «Авторского права» будет возрастать. Тут возникает вопрос. Что же не так в ситуации? Большинство граждан ведёт себя неправильно, или всё же закон был принят, не учитывая местных условий? Среди дискутантов – юрист, директор УП «Надежные программы» Людмила Чекина, эксперт аналитической группы E-Belarus Марина Соколова, продюсер группы «Ляпис Трубецкой» Евгений Колмыков. Ведущие дискуссии – сооснователь сообщества «Пиратский центр» Михаил Волчек и директор «Центра европейской трансформации» Андрей Егоров.

Дыскусія "Білінгвізм як культурная стратэгія. Шлях да росквіту ці заняпаду?"

“Моўнае пытанне” — адно з найбольш вострых і праблемных для беларусаў. Кожная культурная падзея нацыянальнага значэння выклікае спрэчкі па вызначэнні “сваё” і “чужое”, беларускае альбо савецкае\расейскае… І моўны крытэрый звычайна становіцца вызначальным аргументам. Дадалі паліва ў палымяныя дыскусіі і ўкраінскія падзеі, надаўшы моцы як моўным рыгарыстам, якія пужаюць “выратавальніцкай” стратэгіяй расійскай акупацыі, так і прыхільнікам кампрамісаў як шляху выратавання ад грамадзянскай вайны. Гэта сітуацыя чарговы раз раскалола беларускае грамадства і абвастрыла праблему мовы як прыкметы нацыі. Але яна ж і вымушае да пошуку агульнага шляху і сінхроннага рушэння як адказу на выклік свету, які змянуўся за апошнія некалькі месяцаў. Удзельнікі — Ул. Мацкевіч, Ю.Чарняўская, В.Акудовіч. Вядучыя: І.Бабкоў і А.Ягораў

Лекцыя і дыскусія "Спрэчныя праблемы Берасцейскай уніі    ў гісторыі народаў Рэчы Паспалітай"

У канцы ХVI ст. на тэрыторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы (актуальныя землі  Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны), адбылася знакавая гістарычная падзея, праявы і вынікі якой да сённяшняга дня адчувальныя ў розных сферах грамадскага, палітычнага, культурнага жыцця рэгіёну. Не дзівіць, што Берасцейская царкоўная ўнія 1596 г., гісторыя уніяцкай царквы і яе асобных тэрытарыяльна-адміністрацыйных структур сталі аднымі з ключавых даследчыцкіх праблем у беларускай, украінскай, польскай гістарыяграфіях. І больш за тое - пытанне Берасцейскай ўніі дагэтуль з’яўляецца прадметам вострых навуковых і пазанавуковых дыскусій. Ці была Берасцейская ўнія інспіраваная знешнімі сіламі, ці стала вынікам трансфармацый самой Царквы? Ці працягвала грэка-каталіцкая царква ўсходне-хрысціянскую традыцыю? Як сучасная гістарычная навука пазначае тое, што сталася ў выніку сутыкнення двух культурна-рэлігійных светаў — заходне- і ўсходнехрысціянскага? Якія падставы ёсць для такіх інтэрпрэтацый? Лектар украінскі гісторык, прафесар Драгобыцкага ўніверсітэта імя Івана Франка (Львоўская вобласць);Леанід Цімашэнка. Вядоўца сустрэчы - кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч (Інстытут гісторыі НАН Беларусі).

Дыскусія "Топас і праксіс інтэлектуала"

Даволі проста распавесці чалавеку пра тыя рэчы, для якіх можна знайсці нейкае больш-менш канкрэтнае вызначэнне, вымярэнне, уяўленне. Калі гэта прастора — у яе павінны быць свае м2, калі час — свае хвіліны, гадзіны, дні, гады, калі шлях — у яго павінна быць свая адлегласць і г.д. Значна цяжэй перадаць тое, да чаго наўпрост не дакранешся, не зважыш і не змерыш — што даецца праз індывідуальнае перажыванне пэўнага досведу. Не так складана распавесці пра ўніверсітэт як адукацыйную і даследчыцкую дзейнасць. А калі ўніверсітэт — гэта, перш за ўсё, асяроддзе , адмысловы лад жыцця, этыка і нават этыкет? Калі гэта сістэма каштоўнасцей і ідэалаў, увасобленых у традыцыях, нормах і стылі жыцця? І тым больш, калі гэтыя традыцыі і нормы не перададзены нам старэйшымі пакаленнямі, а наноў зараджаюцца, усталёўваюцца і культывуюцца тымі, хто становіцца часткай універсітэцкай супольнасці.

Дыскусія "Першая сусветная вайна, фармаванне нацый і паўставанне дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы"

Першая сусветная вайна на Захадзе называецца Вялікай. Але для Беларусі яна заўжды ў ценю іншай Вялікай вайны – Айчыннай. Хоць абедзве падзеі перагарнулі ўвесь сусвет, змянілі межы ва ўсім рэгіёне і пакінулі на Беларусі крывавы след, але адну вайну мы памятаем, а пра другую практычна забыліся. Чаму так адбылося? 100–гадовы юбілей ад пачатку Першай сусветнай вайны – выдатная нагода, каб узгадаць пра гэту падзею і яе значэнне для нашай краіны. Які ўплыў аказала Першая сусветная вайна на палітычную і сацыяльную сітуацыю ў нашым рэгіёне? Як разгортвалася нацыянальнае будаўніцтва ў ваеннай віхуры? Ці выглядала б па-іншаму палітычная мапа Еўропы, калі б не адбылася вайна? Ці можна назваць паўставанне беларускай дзяржаўнасці "вынікам" Першай сусветнай вайны? Удзельнікі: доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук (Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук), кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі (БДУ), доктар гісторыі Рымантас Мікніс (Інстытут гісторыі Літвы), доктар гісторыі Яанна Героўска-Калаўр (Інстытут гісторыі Польскай акадэміі навук). Мадэратар дыскусіі – кандыдат гістарычных навук Алесь Пашкевіч.

Дыскусія "Бітва пад Оршай праз 500 год: асаблівасці нацыянальных інтэрпрэтацый"

У пачатку 1990-х гадоў на хвалі нацыянальнага адраджэння пашырылася і традыцыя адзначаць угодкі Аршанскай бітвы як Дзень беларускай вайсковай славы. Гэта не толькі звязвала беларускую нацыянальную ідэю са спадчынай Вялікага Княства, але і дазваляла выбудаваць свой гонар і сваю свядомасць у супрацьпастаўленні пераможаным. Ушанаванне Аршанскай бітвы непазбежна палітызавалася, і на доўгі час яна стала замоўчванай праз афіцыйны дыскурс. Але разам з тым не знікаюць і пытанні гістарыяграфічнага кшталту – а што мы ведаем дакладна пра гэту бітву? Да гэтага часу гісторыкамі з розных краін абмяркоўваецца ход і масштаб бітвы. Часта гэтыя спрэчкі набываюць зноў сувязь з нацыяльна-палітычным кантэкстам, погляды і тлумачэнні вызначаюцца ў залежнасці ад ідэалагічных пазіцый аўтараў. У межах дадзенай дыскусіі плануецца звярнуцца зноў да першакрыніцы ўсіх гэтых спрэчак – Аршанскай бітвы. Гісторыкі-спецыялісты абмяркуюць сучасны стан даследаванняў гэтай падзеі, асноўныя канфліктныя кропкі і падыходы да інтэпрэтацыі гэтай перамогі. І не пазбегнуць пытання: як зараз у розных краінах, якія маюць дачыненне да гэтай бітвы (Беларусь, Літва, Расія, Україна), узгадваецца гэта бітва?

Дыскусія "Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь"

Дыскусія скіроўвае нас да праблемы незавершанасці этнакультурнай самаідэнтыфікацыі беларусаў: Як і дзе мы “знаходзім сябе”? У якіх межах вызначаем – геаграфічных, палітычных, культурных? Калі ўспрымаць мапы як своеасаблівую оптыку канкрэтнай эпохі, то наколькі здольныя старажытныя мапы стаць  сродкам трансфармацыі свядомасці сучасных беларусаў? Над гэтымі і іншымі пытаннямі разважаюць запрошаныя дыскутанты – філосаф і літаратар Ігар Бабкоў, багаслоў і культуролаг Ірына Дубянецкая, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў, філосаф Аляксандр Сарна. Вядучы дыскусіі – філосаф Павел Баркоўскі.

Дыскусія "Традыцыя і мысьленьне"

Нагодай для дыскусіі стаў выхад кнігі эсэ Міхаіла Баярына "Самабыцьцё". Кніга філосафа і санскрытолага Міхаіла Баярына прысвечана ўводзінам у мову і традыцыю Ведаў. Аўтар вызначае яе як спробу перакінуць мост над прорвай паміж традыцыйным і сучасным мысленнем. Што такое Традыцыя? Як і адкуль здабываецца Пераемнасць? Ці ёсць месца для Новага ў свеце Спадчыны? Ці можа насамрэч прыметнік "традыцыйны" дапасоўвацца да свету, культуры, грамадства, мыслення? Што такое мысленне ў Традыцыі, мысленне супраць Традыцыі і мысленне насустрач Традыцыі? - гэтымі пытаннямі можа быць акрэслена тэма абмеркавання. У дыскусіі бяруць удзел філосаф і мэтадолаг Уладзімір Мацкевіч, а таксама філосаф і паэт Ігар Бабкоў.