Ідэя Універсітэта

«Мысленне» і «Беларусь» — два аб’екты, якімі апекуецца Лятучы ўніверсітэт. Нам важна, каб гэты клопат перадаваўся з пакалення ў пакаленне і беларуская інтэлектуальная традыцыя не перарывалася.

Менавіта гэтае стаўленне паварочвае нас да ідэі Універсітэта, уключэння ў яе распацоўку і пошук выхаду з крызісу сучасных форм увасаблення. Нам важна не проста стварыць правінцыйную копію больш ці менш удалых мадэлей Універсітэта, а вынайсці тую форму самаарганізацыі мыслення, адукацыі і культуры, якая будзе адпавядаць патрэбам развіцця Беларусі, яе будучыні. Таму пытанні зместу адукацыі, форм арганізацыі мыслення, выбудовы прасторы і існавання ўніверсітэцкай супольнасці з’яўляюцца адным з галоўных аб’ектаў нашага праектавання і пошуку. Паралельна з дзейнасцю ідзе далейшая распрацоўка самой ідэі, рэфлексія і крытыка знойдзеных фарматаў. Для нас важна, каб гнуткасць створанай структуры адпавядала пастаяннаму развіццю ідэі.

Ідэя Універсітэта развіваецца і распрацоўваецца ў спалучэнні з паўставаннем універсітэцкай супольнасці, праз якую інтэлектуальныя напрацоўкі атрымліваюць сваё рэальнае жыццё.

Пачынаючы з 2010 года, адзін ці два разы на месяц супольнасць збіраецца на ўніверсітэцкі семінар. За гэтыя гады на семінары абмяркоўваліся самыя розныя пытанні развіцця: ад гісторыі паўставання старажытных педагагічных сістэм да вырашэння практычных пытанняў працы Лятучага ўніверсітэта. Закраналіся праблемы, якія тычацца агульнага культурнага кантэксту (інфармацыйныя войны, культурная палітыка), і разгортвалася рэфлексія курсаў, семінараў і публічных лекцый. Універсітэцкі семінар да сёння з’яўляецца жывой формай водгуку на развіццё Лятучага ўніверсітэта.

Стратэгічныя пытанні развіцця традыцыйна распрацоўваюцца падчас арганізацыйна-дзейнасных гульняў і праектных сесій, якія з’яўляюцца формай нашага самапраграмавання.

У межах гульняў «Распрацоўка праграмы і стратэгіі стварэння Універсітэта ў сучаснай Беларусі» (2010) і «Лятучы ўніверсітэт у Беларусі: кіраванне развіццём» (2012) мы задалі стратэгічныя характарыстыкі Лятучага ўніверсітэта, сфармулявалі базавыя прынцыпы і накірункі развіцця.

Праектныя сэсіі сталі лагічным працягам гульнёвай практыкі, але ў зменшаным фармаце. У 2013 годзе адбылася праектная сесія «Канцэпцыя адукацыі ў Лятучым універсітэце». У 2014 годзе мы распрацоўвалі дарожную мапу развіцця падчас праектнай сэсіі «Магчымасці супольнага кіравання». Увесну 2015 года праектная сесія «Адукацыя і Універсітэт: ад акадэмічнай да ўніверсітэцкай супольнасці» была прысвечана развіццю адукацыйных працэсаў, а таксама стасункаў універсітэта і грамадства.

Галоўнай формай развіцця ўніверсітэцкай супольнасці сталі летнія школы, якія праходзяць штогод, пачынаючы з 2011 года. Слова «школа» паходзіць ад грэцкага scole, г.зн. вольны час. Гэта час для нядзейнасных заняткаў, якія, на самой справе, толькі і дазваляюць думаць, марыць і развівацца па-за межамі штодзённых клопатаў і практычных задач. Асноўная мэта летніх школ — камунікацыя паміж актыўнымі ўдзельнікамі супольнасці, рэфлексія і абмеркаванне вынікаў працы, а таксама фармуляваннне асноўных задач і перспектыў далейшага развіцця. Летнікі сталі ўлюбленай формай завяршэння напружанага ўніверсітэцкага года, яны спалучаюць неверагоднае інтэлектуальнае напружанне і інтэнсіўныя асабістыя камунікацыі, зварот да супольных планаў развіцця і магчымасць падзяліцца думкамі і напрацоўкамі на самыя розныя тэмы. На летнікі Лятучага ўніверсітэта заўсёды прыязджаюць не толькі людзі, якія актыўна ўключаныя ва ўніверсітэцкае жыццё, але і тыя, хто шукае ўнікальнай магчымасці патрапіць у прастору і асяродак, працяты мысленнем і адчуваннем супольнасці.

 

Інавацыі і правакацыі

У пошуках сучасных формы і зместу Універсітэта Лятучы ўніверсітэт развівае свае падыходы, намацваючы прапановы па фармаванню асяродку сучаснага мыслення і аднаўлення культуры. У жыцці і дзейнасці Лятучага ўніверсітэта мы ўвасабляем некалькі «правакацыйных» ідэй.

«Педагогіка ідэалу». Зварот да «датэхналагічных» форм адукацыі і выхавання, якія забяспечваюць перадачу новым пакаленням складаных, творчых відаў дзейнасці. Тут настаўнікі не ёсць транслятары дысціплінарнай веды, а майстры сваёй справы, якія самі па сабе з’яуляюцца носьбітамі цэласнага комплексу майстэрства: светапогляду, маральных і этычных прынцыпаў, самавызначэння ў культуры і грамадстве, прафесійнага этасу, а таксама ведаў, метадаў і падыходаў да сваёй справы.

«Універсітэт не для студэнтаў». Гэты правакацыўны прынцып акцэнтуе наш ідэйны і дзейнасны супраціў шырокай тэндэнцыі спажывецкага стаўлення да адукацыі і мыслення. Менавіта ўспрыняцце ўніверсітэта як месца атрымання паслугі выціскае з яго мысленне, спрыяе дэградацыі супольнасці і ўніверсітэцкага этасу. Таму ў Лятучым універсітэце рэдка выкарыстоўваецца падзел на «студэнтаў» і «выкладчыкаў». Гэта прастора, дзе кожны, каго вабіць мысленне і развіццё сваёй індывідуальнасці, можа знайсці месца. Мы арынтуемся на стварэнне якаснага асяродку такіх людзей. Тут няма «адукацыйных стандартаў», каб атрымаць пасведчанне, а ёсць высокія арыенціры, увасобленыя ў мыслярах, дзеячах і інтэлектуалах. Усе, хто прыходзіць у Лятучы ўніверстэт, самі адказваюць за свой рух і свае поспехі.

«Універсітэт гульні». Лятучы ўніверсітэт — гэта гульня. Гэта сучасная форма арганізацыі мыслення, у якой пераадольваецца разрыў паміж тэорыяй і практыкай, здымаюцца праблемы падзелу на навуковыя дысцыпліны і эклектычнасць міждысцыплінарных штудый, вырашаюцца пытанні няспыннага росту ведаў і немагчымасці чалавека знайсці арыенціры і падмуркі для мыслення і дзейнасці ў сучасным свеце. Мы ўпэўнены, што Homo ludens — гэта не мінулае чалавецтва, а яго будучыня. Мы гуляем ва Універсітэт і ствараем яго як новы сусвет.

Развагі і ідэі пра месца і змястоўнае насычэнне сучаснага ўніверсітэта ў кантэксце адукацыйных выклікаў прадстаўленае ў дыстанцыйным курсеСовременное образование: радикальные изменения” (У.Мацкевіч, Т.Вадалажская)