Адам Міхнік. Старонкі жыцця.

14 снежня 2018

17 снежня Лятучы ўніверсітэт і Галерэя Тut.by запрашаюць абмеркаваць вострыя пытанні сучаснасці з легендарным польскім дысыдэнтам, грамадскім дзеячом і журналістам Адамам Міхнікам.

Прапануем вам кароткі канспект-біяграфію выступоўцы:

1961-1962 г. – падлеткам Адам Міхнік удзельнічае ў дыскусійным клубе “Клуб крывога кола”, праз які прайшлі многія дзеячы будучай апазіцыі.

1962 г.  – арганізуе свой “Клуб шукальнікаў супярэчнасцяў”, дзе дыскутавалі над рознымі пытаннямі змены палітычнай сістэмы сучаснай Польшчы, чыталі тэксты “левых” класікаў.

1965 г. – часова пазбаўлены права навучацца на Гістарычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта за распаўсюд адкрытага ліста Яцка Куроня да чальцоў Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі

1966 г.  – арганізуе на факультэце дыскусійную сустрэчу з філосафам Лешкам Калакоўскім, за што пазней быў яшчэ раз пазбаўлены права навучання на факультэце.

Ад 1965 году яму забаронена друкаваць уласныя тэксты, але Міхнік піша і друкуецца пад псеўданімамі.

1968 г. – актыўны ўдзельнік масавых студэнцкіх працэсаў у Польшчы

4 сакавіка 1968 г. – канчаткова выключаны з універсітэту за інфармаванне французскага рэпарцёра пра маніфестацыю супраць цэнзурнай забароны тэатральнай пастаноўкі “Дзядоў” Міцкевіча (рэж. Казімеж Дэймэк). Праз пару дзён пасля гэтага быў арыштаваны, а ў 1969 г. прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі. Звольнены праз амністыю ў 1969 годзе, аднак яму было забаронена навучанне ва ўсіх вышэшых навучальных установах.

1968 год. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej

Пачатак 70-ых: атрымаўшы дазвол працягнуць вучобу ва ўніверсітэце экстэрнам скончыў Гістарычны факультэт Познаньскага ўніверсітэта (1975)

1975-1976 г. – быў адным з падпісантаў  “Ліста 59” (інш.назва Мемарыял 59) – адкрыты ліст польскіх інтэлектуалаў супраць зменаў у Канстытуцыі, якія б зацвярджалі кіруючую ролю камуністычнай партыі і вечны саюз з СССР. У лісце пісалася, між іншым, пра тое, што Канстытуцыя павінна гарантаваць грамадзянам перад усім наступныя правы: свабода сумлення і рэлігійных практык; свабода працы; свабода слова і інфармацыі; свабода навукі.

Красавік 1977 г. – Адам Міхнік становіцца актыўным дзеячам Камітэту абароны працаўнікоў.

1977 г. – адзін з ідэёлагаў і заснавальнікаў Таварыства Навуковых Курсаў, у межах якога потым дзейнічаў Лятучы ўніверсітэт.

1977 г. – Адам Міхнік выдаў першую кнігу “Касцёл. Левіца. Дыялог”, у якой упершыню прагучала думка аб патрэбе дыялогу паміж двумя ўплывовымі на той час, але канфліктуючымі паміж сабой апазіцыйнымі рухамі – Касцёлам і “левымі”. Пазней менавіта з гэтага кампраміса і вырасце феномен Салідарнасці.

9 лістапада 1977 г. – ў доме прафесара Уладзілава Куніцкага-Гольдфінгера адбылася лекцыя Адама Міхніка “З палітычнай гісторыі Народнай Польшчы”  (Z dziejów politycznych Polski Ludowej), якой распачалася дзейнасць Лятучага ўніверсітэта ў Польшчы. У лекцыі ўдзельнічала каля 70 слухачоў, у далейшым менавіта лекцыі Адама Міхніка збіралі вылікія аўдыторыі (пад 100 удзельнікаў).

Прадстаўнікі КОРа і Хартыі 77 сустракаюцца на гары Снежка, на чэшска-польскай мяжы, лета 1978 г. Злева: Марта Кубісова, Вацлаў Гавел, Адам Міхнік, Яцэк Курань, Антоні Мацэрэвіч, Ян Ліцінскі. 

1977-1987 г. – рэдактар і супрацоўнік незалежных падпольных выданняў “Інфармацыйны бюлетэнь”, “Крытыка”, “Запіс”. Да канца 70-ых быў каля 100 разоў затрыманы, некалькі разоў быў моцна збіты.

Верасень 1980  – быў арыштаваны (з-за серыі забастовак на Узбярэжжы).

13 снежня 1981 г. пасля ўвядзення ваеннага стану ў Польшчы, Адама Міхніка хацелі выдаліць з Польшчы. Пасля адмовы дабравольна пакінуць край, ён быў абвінавачаны ў спробе зрынуць сацыялістычны строй і заключаны пад варту. Арышт цягнуўся да 1984 г. (без судовага пастанаўлення)

1985 г. – зноў арыштаваны і пазбаўлены свабоды на 3 гады за ўдзел ў спробе арганізацыі забастоўкі ў Гданьску

1988 г. – дарадца неафіцыйнага Каардынацыйнага камітэта Леха Валенсы, а затым – чалец Грамадзянскага Камітэта.

1989 г. – прымае актыўны ўдзел ў серыі перамоваў камуністычнага ўраду з прадстаўнікамі “Салідарнасці” (так званыя перамовы Круглага стала). Пасля гэтага атрымлівае ад Леха Валенсы заданне арганізаваць вялікую агульнапольскую газету, якая б стала афіцыйным СМІ Грамадзянскага камітэта. Так паўстала “Gazeta Wyborcza”, а рэдактарам стаў Адам Міхнік.

“Круглы стол”. 1989 год.

4 чэрвеня 1989 г. Адам Міхнік атрымаў мандат пасла да Сейма. Балатаваўся ў Бытомскай акрузе як прадстаўнік Грамадзянскага Камітэту пры Леху Валенсе і ў першым туры атрымаў больш за 70% галасоў.

У перыяд з 12 красавіка па  27 чэрвеня 1990 г. разам з трыма іншымі асобамі (гісторыкамі Анджэем Айнэнкелем і Ежы Холзэрэм, а таксама дырэктарам Архіва Новых Актаў Багданам Кролем) атрымаў доступ да выбранай часткі архіваў Міністэрства ўнутраных спраў. Гэтая група атрымала назву “Камісія Міхніка”. Вынікам трохмесячнай працы стаў рапарт, у якім сцвярджалася пра некамплектнасць архіваў.

1990 г. – крупны палітычны канфлікт, дзе галоўным ідэёлагам аднаго з бакоў быў Адам Міхнік у апазіцыі да Леха Валенсы. У верасні 1990 г. “Салідарнасць” разрывае свае сувязі з “Газетай Выборчай”, а Лех Валенса пажадаў звальнення Адама Міхніка з пасады галоўнага рэдактара. Сам Адам Міхнік спачатку быў гатовы сысці, але члены рэдакцыі былі супраць.

Адам Міхнік неаднойчы выступаў публічна з заклікам пра абаліцыю для тых, хто быў адказны за ваенны стан. Казаў пра гэта і ў 1991 годзе падчас лекцыі ва Універсітэце Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне, у артыкуле “20 гадоў пасля” (2001 г.), таксама 13 снежня 2005 года, у гадавіну ўвядзення ваеннага стану ў Польшчы, калі прамовіў лекцыю ў Варшаўскім універсітэце, у якой папрасіў пра абаліцыю ў публічным звароце да прэзідэнта Леха Качыньскага.

Адам Міхнік шырока публікаваўся ў вядомых перыядычных выданнях – Der Spiegel, Le Mond, El Pais, The Washington Post, напісаў некалькі кніг: “Касцёл. Левіца. Дыялог”, “Польскія дыялогі”, “Лісты з турмы”, “Лісты свабоды”. Атрымаў ступень доктара honoris causa Новай школы сацыяльных даследаванняў у Нью-Йорку, Універсітэта Мінесоты, Коледжа штата Канэктікут.

1986 г. – Адам Міхнік стаў лаурэатам прэміі Р. Кэнэдзі ў галіне праў чалавека.

1989 – лаурэат прэміі Юркоўскага, Чалавек Еўропы 1989 года.

1995  – лаурэат прэміі міжнароднага саюза журналістаў Еўропы.

1996 г., травень – атрымаў медаль у галіне журналістыкі АБСЕ.

1999 – выйграў журналісцкі прыз Франсіско Керэкедо, лаурэат Prix de la Liberte французскага PEN-клуба.

Травень 2006 г. – паводле спісу брытанскай газеты FinancialTimes  Адам Міхнік быў названы адным з 20 найбольш уплывовых журналістаў свету.

Адам Міхнік “(НЕ)СВАЯ КРАІНА”

17 снежня

19:00

Галерэя Тut.by (пр-т. Дзяржынскага, 57)

Колькасць месцаў абмежаваная! Для ўдзелу неабходна ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА.

Сачыць за навінамі мерапрыемаства можна праз спецыяльную старонку на ФБ.

Паказ фільма “Міхнік: “Будзь реалістам, патрабуй немагчымага” адбудзецца ў межах фестываля дакументальных фільмаў пра правы чалавека WATCH DOCS Belarus 2018 15 снежня (19-00, Культурны хаб OK16, вул. Кастрычніцкая, 16)