Канферэнцыі

Канферэнцыі Лятучага ўніверсітэта складаюць традыцыю паглыблення ў сутнасныя праблемы, якія вызначаюць актуальныя суадносіны мыслення, чалавека, часу і прасторы. Гэтая праблематыка паступова разгортвалася на канферэнцыях Лятучага ўніверсітэта:

 

«Інтэлектуальная сітуацыя Беларусі: абставіны і самавызначэнне мыслення» (снежань, 2012).

У дыскусіі прадстаўнікоў акадэмічных супольнасцей, грамадскіх арганізацый, палітыкаў і дзеячоў культуры былі сфарміраваныя агульныя падставы самавызначэння ў сітуацыі і вызначана месца інтэлектуальнай супольнасці. Болей пра канферэнцыю. Матэрыялы.

Па выніках канферэнцыі быў выдадзены спtцыяльны нумар часопіса «Палітычная сфера»№ 21 (2) 2013. Інтэлектуальная сітуацыя (чытаць у pdf).  

 

«Пачатак і існаванне: спосабы вызначэння і спосаб дзеяння» (люты, 2014).

Канферэнцыя звярнулася да пытання існавання і існасці з’яваў, якія цяжка намацаць эмпірычна, але якія задаюць сэнс і накіраванасць нашых дзеянняў і жыцця, становяцца праблемай на шляху супольнай дзейнасці і разумення, напрыклад, нацыі, універсітэта, горада ці беларускай філасофіі. Болей пра канферэнцыю. Матэрыялы. 

    

 

«Новы «восевы час» і эпоха радыкальнага сумневу: выклікі для мыслення і практыкі» (люты, 2015).

Удзельнікі канферэнцыі паспрабавалі вызначыць сутнасць нашага часу як часу, калі трыкстэры, мысляры і творцы мусяць сфармуляваць новыя арыенціры, прапанаваць новыя каштоўнасці, задаўшы і стварыўшы такім чынам новыя сусветы ці цывілізацыі.

Болей пра канферэнцыю. Матэрыялы.

   

 

 “Уяўляючы Беларусь: вобразы і ідэі, праекты і ўтопіі” (сакавік, 2016).

Тэма канферэнцыі паўстала з актуальнага разумення стана беларускага грамадства, што апынулася ў сітуацыі страты арыенціраў, якія б маглі задаваць матывуючую карціну будучыні. Сёння мы можам паспрабаваць інтэлектуальнымі і культурнымі высілкамі “падняць неба”, прапанаваўшы вобразы, канцэпты, ідэі і нават фантазіі, якія вымагаюць не рэалізацыі, а супольнага ўяўлення, бачання і памкнення.

Болей пра канферэнцыю. Матэрыялы

  

 

«Тэхнікі і тэхналогіі чалавечага» (сакавік, 2017)

Ці можам мы на базе гуманітарнай веды не толькі тлумачыць і разумець, але і на практыцы адказваць на сучасныя выклікі? Адукацыя, медыя, навука, культура, PR, права, сфера паслугаў, новыя формы супольнай творчасці, стартапы – гэта і многае іншае так ці інакш стварае і ўзнаўляе Чалавечае ў Чалавеку. Якім чынам гэта адбываецца? Як гэта можна змяняць? Куды і навошта змяняць? Хто гэта робіць? І хто можа ці павінен несці адказнасць за такія змены?

Болей пра канферэнцыю. Матэрыялы