Лятучы запрашае на новы адукацыйны фармат. Вучымся разам!

18 жніўня 2021

Пачыналі глядзець відэакурсы на платформе Лятучага, але не было з кім абмеркаваць і ў каго запытаць? Не было каму падштурхнуць, каб рухацца далей? Знаёмая сітуацыя? 

Мы прыдумалі, як вам дапамагчы. Дакладней, як арганізаваць супольную працу і дапамогу ў вывучэнні новых курсаў.

Лятучы запрашае на новы адукацыйны фармат: групавое дыскусійнае самастойнае вывучэнне анлайн-курсаў (тут важныя і змястоўныя ўсе словы).

31 жніўня распачынаем працаваць над курсам Уладзімера Мацкевіча “Грамадзянская супольнасць: насуперак відавочнасці”

Як гэта будзе адбывацца?

  1. Збіраецца група 15-20 чалавек.
  2. Да кожнага занятка вам трэба будзе самастойна прайсці адну тэму (паслухаць відэа і прачытаць дадатковыя матэрыялы)
  3. Раз на тыдзень група збіраецца (анлайн), каб абмеркаваць засвоеныя веды, супольна разабрацца ў праблемах. Гэта адбываецца шляхам дыскусіі з мадэратарам, але без выкладчыка.
  4. Прайшоўшы паступова тэму за тэмай, удзельнікі курса пішуць выніковае эсэ.
  5. Эсэ абмяркоўваюцца групай з удзелам выкладчыка, аўтара курса.

Па выніках удзельнікі атрымліваюць сэртыфікаты.

Наша мэта – стварыць умовы, каб вы не проста праслухалі курс, але праверылі свае думкі і разуменні, пачалі сваю інтэлектуальную працу супольна з тымі, хто таксама шукае адказаў на пытанні і праблемы.

Курс Уладзімера Мацкевіча “Грамадзянская супольнасць: насуперак відавочнасці” гэта магчымасць разабрацца ў падставах узнікнення і развіцця грамадзянскай супольнасці. Цягам вывучэння вы зразумееце, як звязана прыватнае і грамадскае меркаванне, як яны суадносяцца з грамадзянскай пазыцыяй. Разбярэцеся, у чым блізкія і чым адрозніваюцца дзяржава, нацыя, грамадзянская супольнасць. Прааналізуеце фактары, што спрыяюць развіццю грамадзянскай супольнасці, ці пагражаюць ёй.

 

Пачатак заняткаў 31 жніўня. Заняткі будуць адбывацца кожны аўторак, увечары. Курс разлічаны на 8 заняткаў.

Для таго, каб далучыцца, зарэгіструйцеся, калі ласка, да 25 жніўня (уключна). 

ФОРМА РЭГІСТРАЦЫІ