Абяцаная зямля філаматаў. Навуковае падарожжа з Беларускім калегіюмам

18 октября 2017

У нядзелю 22 кастрычніка Беларускі Калегіюм запрашае ў навуковае падарожжа “Абяцаная зямля філаматаў” па маршруце:

Менск – Крашын – Новая Мыш – (Cталавічы) – Завоссе – Карчова (Туганавічы) – Свіцязь – Радагошча – Наваградак – Карэлічы – Вялікая Мядзвядка – Менск.

Сёлета споўнілася 200 гадоў таварыству філаматаў – таемнаму даследчыцкаму і патрыятычнаму згуртаванню студэнтаў Віленскага ўніверсітэту, з якога пачаліся нацыянальна-культурныя працэсы і вызвольныя рухі на беларускіх абсягах былой Рэчы Паспалітай.

Як жменька студэнтаў здолела абудзіць сваё пакаленьне, даць надзею краіне, напалохаць імперыю, ускалыхнуць Еўропу і паспрыяць сусветным зменам?

♦ Якую ролю дзейнасць і плёны філаматаў адыгралі ў фармаванні беларускай ідэнтычнасці?

♦ Якое месца займаюць філаматы і філарэты ў сучаснай беларускай сацыяльнай свядомасьці, культурнай прасторы ды інтэлектуальным дыскурсе?

♦ Як суадносіцца міжнародная вядомасць і слава многіх філаматаў і філарэтаў з беларускай самаацэнкай і вобразам Беларусі ў свеце?

Каб паразважаць над гэтымі пытаннямі і каб разам адзначыць гэты надзвычайны юбілей, мы выпраўляемся ў падарожжа па філамацкіх мясцінах, на зямлю, якая і яднала, і натхняла Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота, Ануфрыя Петрашкевіча, Ігната Дамейку

Мы наведаем той куток Беларусі, дзе нарадзіліся і выраслі трое з выбітных філаматаў – Адам Міцкевіч, Ян Чачот ды Ігнат Дамейка,  і дзе многія з сяброў таварыства бавілі свой вольны час, сустракаліся рзам ды абмяркоўвалі свае супольныя ідэі і планы.

Наш маршрут будзе пралягаць праз цікавыя мясціны Баранавіччыны, Навагрудчыны і Карэліччыны, уключна са старажытнай сталіцай Вялікага Княства, з легендарным Навагрудкам. Мы наведаем два музэі Адама Міцкевіча – у Завоссі і ў Наваградку, даследуем два касцёлы з прадметамі інтэр’еру велізарнай значнасці і прыгажосці – у Крашыне і ў Новай Мышы. Мы убачым помнікі філаматам у Новай Мышы, Навагрудку, Карэлічах і Вялікай Мядзьвядцы, месцы, дзе 215 год таму нарадзіўся славуты герой Чылі, філамат Ігнат Дамейка. Пастаім каля славутага “камяня філарэтаў”, ля якога, паводле традыцыі, сябры таварыстваў збіраліся на свае таемныя сходы, а таксама прыпынімся ля чароўнай Свіцязі – возера, пра якое Ян Чачот, Ануфры Петрашкевіч ды Адам Міцкевіч складалі вершы, паэмы і балады.

Падчас падарожжа мы зможам вывучыць колькі філамацкіх песень ды паспяваць іх разам, ажыўляючы наноў нашую двухсотгадовую спадчыну.

Вядзе падарожжа доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая – бібліст, філосаф, культуролаг, дырэктар Беларускага Калегіюму.

Арганізатар падарожжа – культурна-асветніцкая ўстанова “Культура роднага краю”.

Кошт падарожжа – 40 рублёў, студэнтам Калегіюму, заўсёднікам вандровак Культуры роднага краю ды групам ад 4-х чалавек – 37 рублёў. Музеі аплачваюцца асобна.

Атрымаць дадатковую інфармацыю і запісацца ў навуковае падарожжа можна па тэлефонах:  +375-44-5386283 і +375-25-5458430 (Валерыя).

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар