Адкрыты ліст у абарону А.Чарнякевіча

10 кастрычніка 2012

да міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь С. А. Маскевіча, да кіраўніцтва Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы.

Навуковая супольнасць гісторыкаў як у Беларусі, так і за межамі краіны, з непакоем успрыняла звальненне з працы па надуманых прычынах дацэнта ГрДУ вядомага гісторыка Андрэя Чарнякевіча.

Абставіны звальнення сведчаць, што сапраўднай яго прычынай стала не парушэнне працоўнай дысцыпліны (два спазненні на лекцыю і замена з калегай па дазволе кіраўніка), а ўдзел А. Чарнякевіча ў напісанні кнігі «Гродназнаўства».

У найгоршых традыцыях камуністычнага таталітарызму некаторыя службовыя асобы праявілі недарэчную «ідэалагічную пільнасць» адносна працы, якая прайшла прафесійнае рэцэнзаванне, двойчы друкавалася ўніверсітэцкім выдавецтвам і рэкамендавана да ўжывання ў гарадзенскіх школах на факультатыўнай аснове.

У прыватнасці, раздражненне чыноўнікаў выклікала змяшчэнне ў кнізе гістарычных і дзяржаўных сімвалаў Беларусі — герба «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга.

Сп. Андрэй Чарнякевіч — прафесійны гісторык, які стварае свае працы, кіруючыся навуковым сумленнем, а не ідэалагічнымі інструкцыямі чарговай улады.

Ягонае звальненне мы ўспрымаем як пераслед за навуковую добрасумленнасць, як забарону на прафесію. Трэба адзначыць, што гэта далёка не першы падобны выпадак у найноўшай гісторыі Беларусі. Для некаторых чыноўнікаў становіцца нормай практыка выгнання з працы прадстаўнікоў гуманітарных навук, якія імкнуцца прафесійна выконваць свае абавязкі.

Чакаем ад кіраўніцтва ўніверсітэта і Міністэрства адукацыі аднаўлення на пасадзе кваліфікаванага спецыяліста-выкладчыка, які за 11 гадоў працы не меў ніводнага спагнання. Нагадваем, што апошнюю ацэнку як прарэктару С. У. Агіявец, так і рэктаруЯ. А. Роўбу, міністру С. А. Маскевічу ды іншым датычным да справы асобам, будзем ставіць мы, гісторыкі.

Падпісалася больш за 350 чалавек: навукоўцы, інтэлектуалы, студэнты, культурныя дзеячы і проста грамадзяне Беларусі.

Чытаць цалкам  http://nn.by/index.php?c=ar&i=81339&c2=araddcompa#startcommentform