Антрапалагічны шок: Беларусь пасля Чарнобыля

18 красавіка 2017

Чацвертае паседжанне «Клуба вуснага гісторыка» будзе прысвечана Чарнобыльскай катастрофе.

Кожная гадавіна Чарнобыльскай катастрофы прымушае чарговы раз падумаць, ці зрабілі мы якія-кольвек высновы з той страшнай падзеі і ці вырашылі з вялікай колькасці праблем хоць якую частку.

Аднак, кожная спроба размаўляць на тэму постчарнобыльскга свету выяўляе важную акалічнасць: мы не можам думаць пра будучыню, пакуль не разбярэмся з мінулым.

Так склалася, што Чарнобыль ніколі не быў у мэйнстрыме гуманітарыстыкі: гісторыкі, сацыёлагі, філосафы цікавіліся гэтай тэмай мала і час ад часу. Парадаксальна, але па-за дыскурсам апынуліся галоўныя героі – людзі, якія на свае вочы бычылі тыя падзеі і самі ў іх удзельнічалі. Не проста сведкі часу, але сведкі сацыяльнага, палітычнага і экалагічнага пералому. Таму ўсё яшчэ актуальнай застаецца праца са сведкамі, бо без гэтага проста немагчыма будзе пабачыць поўную карціну.

Менавіта ўспаміны будуць у цэнтры даклада гісторыка Аляксандра Далгоўскага, які даследуе Чарнобыль і яго наступствы не толькі ў архівах і бібліятэках, але і ў  інтэрв’ю з людзьмі.

«Антрапалагічны шок? Рэакцыі ў БССР на Чарнобыльскую катастрофу» – так называецца даклад, з якім плануе выступіць даследчык. Як успрыняла насельніцтва Беларусі Чарнобыльскую катастрофу, як функцыяваў савецкі крызісны мэнэджмент і як ўдалося ва ўмовах палітыкі галоснасці і перабудовы замоўчваць наступствы трагедыі – вось яго галоўныя пункты.

Экалагічны актывіст Уладзімір Валодзін раскажа пра ініцыятывы, што ўзніклі пасля аварыі і працягваюць існаваць зараз. Якім кірункам удалося дасягнуць найбольшага поспеху, і што засталося па-за ўвагай даследчыкаў і актывістаў. Акром таго, раскажа Уладзімер Валодзін і пра асобаў, якія стаялі ля вытокаў постчарнобыльскіх арганізацый.

Мадэратар сустрэчы – Ірына Кашталян.

Паседжанне адбудзецца 21 красавіка ў 18.30 у Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25). Уваход вольны.