Беларуская адукацыя паміж глабальнымі выклікамі і мясцовай палітыкай

05 сакавіка 2018

13 сакавіка ў гарадзенскім “Цэнтры гарадскога жыцця” адбудзецца сустрэча з Уладзімірам Мацкевічам і Таццянай Вадалажскай.

Праблемы адукацыі – тэма не толькі вечная, але і надзвычай актуальная. З захапленнем і трымценнем мы чытаем прагнозы пра будучыню і змены ў патрабаваннях да адукацыі новага чалавека, пра эксперыменты ў фінскіх школах, пра неверагодныя магчымасці новых праграм. Пры гэтым назіраем вакол і знаходзім сябе ўключанымі ў мясцовыя практыкі: выгнання выкладчыкаў з універсітэтаў, разбурэння навуковых школ, рэгулявання кожнага кроку, перавядзення нормаў балонскага працэсу ў малаасэнсаваны спіс фармальных патрабаванняў.

Дык дзе ж Беларусь знаходзіць сябе ў працэсах радыкальных адукацыйных зменаў? Як вызначацца ў гэтых складаных абставінах? Якія пытанні і праблемы актуальныя ў беларускім кантэксце? На што арыентавацца кожнаму і супольна?

Пра гэтыя пытанні мы пагаварым падчас сустрэчы з аўтарамі дыстанцыйнага курсу “Сучасная адукацыя: радыкальныя змены” – Уладзімірам Мацкевічам, філосафам, метадолагам, заснавальнікам Лятучага ўніверсітэта і Таццянай Вадалажскай, сацыёлагам, метадолагам, праграмным каардынатарам Лятучага ўніверсітэта.

13 сакавіка (аўторак)

19.00

“Цэнтр гарадскога жыцця”

Гродна, вул. Савецкая 3-5 (уваход праз арку)

Сустрэча адбудзецца ў межах кампаніі Лятучага ўніверсітэту ВЕДЫ online, што арганізуе серыю дыскусійных сустрэчаў у гарадах Беларусі з выкладчыкамі нашай дыстанцыйнай платформы. Анлайн і афлайн – два бакі адукацыйнага і мысленчага працэсу. Анлайн – гэта зручнасць, дасяжнасць і новыя магчымасць. Але ёсць і іншы бок. Нішто не заменіць сустрэчы чалавека з чалавекам сам-насам у тым, каб набыць разуменне, адшукаць адказы на вострыя і складаныя пытанні. Дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэту прапануе анлайн-курсы, каб увайсці ў тэму, засвоіць базавыя веды і зразумець, з кім са спецыялістаў ды навукоўцаў варта далей разгортваць камунікацыю, куды паглыбляцца. Сустрэчы “у жывую” – магчымасць для супольнага абмеркавання праблем, асэнсавання пытанняў, крытыкі і рэфлексіі.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар