Даведацца пра паэзію 30-х па працам сучасных творцаў: новы дыстанцыйны курс!

20 студзеня 2020

Калі вывучыць вершы паэтаў 30-х можна з панк-рокавых песень, а даведацца пра саміх літаратараў – з іх старонак на facebook, гэта азначае, што мы становімся больш грунтоўнымі і прыкметнымі ў культурнай прасторы глабальнага свету.

Беларусы ўжо не тыя абыякавыя людзі з анекдотаў. Мы становімся глыбей, мы паступова аднаўляем перарваную паслядоўнасць нашай гісторый, і гэта прыемна назіраць. 

Калі ў 2020-м ты яшчэ не абраў сабе любімчыка з літаратараў 30-х, то адстаеш ад трэндаў!

Akute выконвае верш Анатоля Вольнага, Re1іkt спявае Міхася Зарэцкага, здымаецца ўжо сёмы hіstory doc, а ты ўсё гэта прапусціў? Трэба наганяць, калі ёсць патрэба ды цікавасць да культурніцкага жыцця.

І тут табе выдатна паспрыяе новы лаканічны дыстанцыйны курс ад Тузіна гітоў і Лятучага ўніверсітэта.

Гэта надзвычай цікавы па канцэпцыі прадукт: з аднаго боку – гэта цэласны расповед пра велізарны выбух творчасці, бадай ці не адзін з самых вялікіх, але і самых кароткіх у гісторыі нашай з табой краіны 


З другога боку – гэта гісторыі пра 18 розных лёсаў, 18 вельмі розных творцаў.

Гэта, напрыклад, аповед пра юнака, які знішчаў у сваёй паэзіі ўсё рамантычная, усё далікатнае, бо верыў, што “рэальнае жыццё” новага часу патрабуе зусім іншых вершаў. 

Ці гісторыя пра мужнага ды ўпартага паэта, які даволі хутка зразумеў сапраўдную сітуацыю, і набыў пісталет, каб абараняцца ад супрацоўнікаў НКУС.

Ці аповесць пра стваральніка народнага тэатра, на імпрэзы якога сяляне таемна праходзілі граніцу, за што ў тыя часы, як мінімум, ссылалі.

Але самае галоўнае – гэта курс пра сучаснасць, пра наш з вамі час ды кантэкст! 

Тут гучыць рэп на словы Зямы Піваварава, прывід Валерыя Маракова з’яўляецца ў містычным кінадэтэктыве, разгортваецца любоўны трохкутнік у даследчым артыкуле, добра вядомыя беларусы агучваюць свае прачытанні вершаў паэтаў. Андрэй Хадановіч, Ганна Севярынец, Антон Рудак, Віктар Жыбуль ды іншыя паспяхова праводзяць імпрэзы

Тры гады запар праект “(НЕ)расстраляная паэзія” плённа існуе ў беларускай культурнай прасторы, і разам з сучаснымі творцамі ды далучыўшыміся беларусамі мы ствараем наш культурны кантэкст

Далучайся і ты! 

Дазнавайся болей пра сваё ў КУРСЕ  “(НЕ)РАССТРАЛЯНАЯ ПАЭЗІЯ: ВЯРТАННЕ Ў КУЛЬТУРНУЮ ПРАСТОРУ”