Дзень Іншага горада з «Лятучым»

01 сентября 2017

Перфоманс з нечаканымі прапановамі да насельнікаў Кастрычніцкай вуліцы і дыскусія пра разнастайнасць памяці і практыкі ў далейшым лёсе Курапатаў, пераўтварэнне закінутай гарадзенскай пусткі ў інклюзіўную прастору і стварэнне інтэрактыўнай карты грамадскіх прастор Менску.

КАЛІ:9 верасня з 13:00 да 20:00

ДЗЕ: Прастора “ЦЭХ” (вул. Кастрычніцкая, 16)

Па-новаму зірнуць на горад і гарадскія прасторы і разам падумаць аб тым, наколькі Іншымі яны могуць быць, запрашае  Школа “Гарадскія грамадскія прасторы: устойлівае развіццё”.

Гэта адукацыйная праграма, што мае мэтай развіццё ўяўленняў і практык працы з гарадскімі грамадскімі прасторамі. Яна арганізавана Лятучым Універсітэтам у партнёрстве з таварыствам “Зялёная сетка”, альманахам “Гарадскія тактыкі”, “Архітэктурным Бюро 35” і беларускай партыяй “Зялёныя”. Школа ажыццяўляе ўжо другі выпуск. Сёлета агульнай рамкай праграмы стала канцэпцыя “Зялёны горад”.

Выпускнікі Школы – маладыя архітэктары, урбаністы, грамадскія актывісты – прэзентуюць вынікі групавой даследніцкай практыкі і ўласныя праекты развіцця грамадскіх прастор.

Прэзентацыя, што прадугледжвае не толькі знаёмства з даследваннямі і праектамі, але і актыўную дыскусію, у якой могуць паўдзельнічаць усе прысутныя, будзе праходзіць 9 верасня з 13:00 да 20:00 у прасторы “ЦЭХ” (вул. Кастрычніцкая, 16). Уваход вольны!

 Праграма презентацыі

вынікаў Школы “Гарадскія грамадскія прасторы: устойлівае развіццё”

 9 верасня 13.00-20.00, прастора “ЦЭХ”, вул. Кастрычніцкая, 16

 13.00-13.30 – Прэзентацыя Школы “Гарадскія грамадскія прасторы: ўстойлівае развіццё”.

13.30-14.00 – Прэзентацыя 9-га нумара альманаху “Гарадскія Тактыкі” на тэму “Горад: асяродак, супольнасць, вобраз дзеяння”.

14.00-15.00 – Прэзентацыя даследвання “Мапа грамадскіх/публічных прастораў Менску”. Цьютары: Зміцер Гаўрусік, Зміцер Задорын

Мапа грамадскіх прастораў Менску засноўваецца на дапушчэнні, што грамадская прастора горада – гэта месца, якое актыўна выкарыстоўваецца яго жыхарамі і прыезджымі ў самых разнастайных мэтах. Чым больш функцый рэалізуецца ў прасторы, тым яна, зазвычай, лепш. Проста месцы скупнасці людзей (прыпынкі, прыкладам) яшчэ не з’яўляюцца па вызначэнні грамадскімі прасторамі, але могуць імі станавіцца, калі “абрастаюць” дадатковымі функцыямі. Публічная прастора ўспрымаецца як вышэйшая форма грамадскай прасторы, што спрыяе працягламу знаходжанню, знаёмству з новымі людзьмі, і самарэалізацыі індывіда.

Наша мэта – вызначыць каштоўнасць і патэнцыял грамадскай прасторы горада, выявіць праблемы ў структуры яго выкарыстання і стварыць платформу для прапановы магчымых шляхоў іх развязання.

15.20-16.20 – Прэзентацыя даследвання “Курапаты як месца памяці і грамадская прастора”. Цьютары: Таццяна Вадалажская, Андрэй Ягораў, Іван Вядзенін

Курапаты – унікальная з’ява, дзе ў адным месцы сыйшліся і розныя практыкі памяці, і актуальныя палітычныя пытанні, і праблемы грамадскіх прастораў. Спрэчкі і канфлікты розных групаў інтарэсаў вакол гэтага месца абвастраюць праблемы і патрабуюць пошука ідэй і накірункаў для іх вырашэння. Для адных гэта месца памяці і смутку, для другіх культурны ландшафт, а для трэціх проста месца шпацыру. Што ж рабіць з гэтым месцам? Пакінуць усё як ёсць? Паставіць помнік, царкву, мемарыял да ўжо наяўных драўляных крыжоў, прынесеных людзьмі? Калі там канфліктная сітуацыя, сутыкненне інтарэсаў?

Даследаванне скіравана на высвятленне структуры адносінаў і ўзаемадачыненняў розных суб’ектаў вакол зместу памяці, каштоўнасцяў, супольнай дзейнасці і камунікацыі. Што аб’ядноўвае, а што раздзяляе? Якой бачыцца будучыня? Куды варта скіроўваць увагу і высілкі?

16.40-17.40 – Прэзентацыя даследвання “Трансфармацыя “шэрай зялёнай зоны” ў грамадскую прастору. Дзевятоўка, Гродна”. Цьютары: Анастасія Дарафеева, Ірына Сухій

“Шэрыя зялёныя зоны” — тэрмін, які даследчая група вынайшла для пазначэння нядобраўпарадкаваных гарадскіх тэрыторый – пустак, “недапаркаў”, закінутых сквераў, што застаюцца па-за ўвагай уладаў і мясцовых жыхароў і выкарыстоўваюцца максімум для транзіту.

Пры гэтым мясцовыя жыхары маюць шмат патрэбаў, якія маглі б быць рэалізаваныя пры пераўтварэнні гэтых тэрыторый у грамадскія прасторы. Вывучыць гэтыя патрэбы і стварыць новы вобраз “шэрай зялёнай зоны”, які б дазволіў збалансаваць інтарэсы большасці зацікаўленых паспрабавалі пры дапамозе даследвання, праведзенага ў раёне Дзевятоўка ў Гродна.

18.00-19.00 – “Кастрычніцкая: неідэальная і бязглуздая”. Перформанс-маніфестацыя. Прэзентацыя вынікаў даследавання супольнасці і гарадскога ландшафту. Цьютары: Іван Краўцоў, Маргарыта Лазарэнкава

Вуліца Кастрычніцкая – як адна з самых атмасферных грамадскіх прастораў – стваралася высілкамі гарадской супольнасці для саміх жа гарадскіх жыхароў. Тут сфармаваўся свой сацыяльны мікраклімат, які натуральным чынам трансфармуецца з цягам часу, сутак і дзён тыдня. Больш за 30 рэзідэнтаў вуліцы штодня напаўняюць гэтую прастору сваёй творчай энергіяй і праектамі.

У межах даследавання вырашылі даведацца, як мікраклімат Кастрычніцкай адрэагуе на прыход буйнага банка, якія засцярогі маюць на гэты конт рэзідэнты вуліцы, а таксама якія агульныя каштоўнасці яднаюць жыхароў і наведвальнікаў Кастрычніцкай. Па выніках даследавання супольнасці і гарадскога ландшафту адбудзецца перфоманс-маніфестацыя.

19.00-20.00 – Урачыстае ўручэнне дыпломаў

Сычыце за навінамі на старонке мерапрыемства ў ФБ!

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар