Фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” – 2019

28 студзеня 2019

22 студзеня у Прэс-клубе адбылася прэс-канферэнцыя, падчас якой каардынатары “Прадмовы” распавялі, чаго чакаць у гэтым годзе ад фестывалю інтэлектуальнай кнігі.

Каардынатары фестываля “Прадмова” / Еўрарадыё

Назадаем, 4-7 красавіка мае адбыцца ужо другі Фестываль, прысвечаны сучаснай беларускай кніге і асаблівасцям працэсу яе стварэння.

Першы такі фестываль адбыўся 27-31 траўня 2018 г., гэтая падзея аб’яднала сотні аматараў сучаснай кнігі: як тых, хто ўдзельнічае ў самім працэсе яе стварэння – выдаўцоў і рэдактараў, аўтараў і перакладчыкаў, мастакоў і дызайнераў, – гэтак і тых, хто з’яўляецца яе чытачамі.

“У Беларусі мала незалежных кніжных фестываляў, і “Прадмовай” мы хочам палепшыць сітуацыю. Мы будзем распавядаць пра якасную інтэлектуальную літаратуру. Рабіць лекцыі, майстар-класы, імкнуцца палепшыць і пашырыць становішча інтэлектуальнасці ў Беларусі”, — цытуе каардынатара фэсту, філосафа Паўла Баркоўскага “Еўрарадыё”.

Па словах арганізатараў, у гэтым годзе вядуцца перамовы з замежнымі пісьменнікамі, паэтамі і інтэлектуаламі, каб яны выступілі падчас фестывалю. На сённяшні дзень ёсць надзея сустрэцца ў межах фестывалю з Томасам Венцловай, кніга вершаў якога хутка выйдзе па-беларуску, вядомым і папулярным у Беларусі літаратарам Сяргеям Жаданам (падчас фестывалю плануецца прэзентацыя перакладу яго новай кнігі “Інтэрнат”, якую пераклала беларуская пісьменніца Наталка Бабіна). Таксама плануецца, што прыедзе фінская пісьменніца Софі Оксанен, знакамітая сваім раманам “Сталінскія каровы”, расійская паэтка Вера Паўлава і пісьменнік ды літаратуразнаўца Віктар Ерафееў.

Пашыраццы таксама і геаграфія падзей Фестывалю. Плануецца, што кожную суботу сакавіка у пяці гарадах Беларусі будуць праходзіць мерапрыемствы, дзе будуць выступаць мясцовыя творцы і прыезджыя госці. “Дакладна “Прадмова” будзе ў Горадні, Полацку, Брэсце, Гомелі. А вось пяты горад будзе вызначацца паводле галасавання, выйграе той, дзе будуць больш актыўныя і прагныя да ведаў жыхары”, — распавяла каардынатарка Дар’я Бялькевіч.

Падчас Феставалю пройдзе першае ўручэнне прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да беларускай кнігі, заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Саюзам дызайнераў і Лятучым універсітэтам.

“Паколькі ПЭНу вельмі важна працаваць у сферы беларускай кнігі, мы амаль штогод засноўвалі разнастайныя літаратурныя прэміі, якія цяпер уганароўваюць кнігі амаль што ва ўсіх жанрах. Але неяк заставалася па-за кадрам мастацкае афармленне кніг. З вокладкамі беларускіх кніг сітуацыя часам вельмі драматычная. Мы вырашылі назваць гэтую прэмію іменем Міхала Анемпадыстава. Звычайна прэміі ў нас называюцца імёнамі больш далёкімі ад нас. Нам вельмі хацелася пачаць канцэптуалізацыю герояў нашага часу, тых людзей, якія стварылі шмат для той рэчаіснасці, у якой мы сёння жывём, для беларускай культуры”, — распавяла Таццяна Нядбай.

Больш пра планы і цікавосткі “Прадмовы” можна даведацца з рэпартажу “Еўрарадыё”.

Таксама ва ўсіх жадаючых ёсць магчымасць далучыцца да правядзення Фестывалю: прапанаваць сваю ідэю імпрэзы (лекцыя, майстар-клас, дыскусія, конкурс, гульня ці ўдзел у кірмашы), ці стаць валанцерам фэста. Для гэтага трэба запоўніць анкету

Заяўкі прымаюцца да 12 лютага.

Тэмы: