Гісторыя ідэй ХХ ст. у адной кнізе

23 жніўня 2017

Пачаўся збор сродкаў на выданне  «Тэорыі літаратуры ХХ ст».

Студэнты ў беларускіх вну дагэтуль вывучаюць тэорыю літаратуры або паводле савецкіх падручнікаў, або паводле расійскіх ці беларускіх, якія ўсё адно заснаваныя на (пост)савецкіх шаблонах і ідэалагічных штампах. Як вынік, агульная гуманітарная адукацыя ў Беларусі існуе асінхронна з сусветнай гуманістыкай. Базавыя паняцці заходняга свету нічога не кажуць выпускнікам айчынных філфакаў. Дапытлівыя студэнты і аспіранты дойдуць да ведаў самі, насуперак абставінам: перакладуць, адкапаюць патрэбную інфармацыю ў бібліятэках ці інтэрнэце. Але агульны фон ад гэтага не мяняецца.

Менавіта таму каманда праекта, у якую ўваходзяць  Марына Шода, Святлана Рогач, Марыя Пушкіна, Таццяна Нядбай, Лявон Баршчэўскі, Ганна Бутырчык ды іншыя, пераклалі на беларускую мову «Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя» — грунтоўнае акадэмічнае выданне, якое змяшчае найбольш поўнае апісанне ўсяго, што адбывалася ў сусветнай гуманістыцы за апошнюю сотню гадоў.

Анна Бужыньска і Міхал Павел Маркоўскі ў адной кнізе апісваюць найважнейшыя тэорыі літаратуры мінулага стагоддзя ад псіхааналізу да посткаланіялізму. Аўтары прыклалі ўсе намаганні, каб багацце зместу і кампетэнтны аналіз ішлі ў пары з яснасцю і празрыстасцю расповеду. Кожнай з асобных плыняў тэорыі літаратуры прысвечаны асобны раздзел, дапоўнены карыснымі дадаткамі: тлумачэннем ключавых паняццяў, храналогіяй і шырокай бібліяграфіяй. Несумнеўным плюсам з’яўляецца таксама вобразная мова, дзякуючы якой кніга проста цудоўна чытаецца. Напрыканцы змешчаная раскладная “мапа” тэорый літаратуры. Дзякуючы гэтаму кнігу можна параіць не толькі будучым літаратуразнаўцам, але ўсім студэнтам гуманітарных спецыяльнасцей. Выданне тычыцца не толькі літаратуры, а шырока закранае філасофію, мовазнаўства, культуралогію, з’яўляецца па сутнасці зборнікам ідэяў, без ведання якіх сёння складана ўявіць сабе адукаванага чалавека. Такога выдання яшчэ не было. Кніга была абсалютнай навінкай на польскім рынку і зробіць рэвалюцыю ў беларускай гуманітарыстыцы.

Задача праекта — не проста надрукаваць гэтае больш чым 600-старонкавае выданне, але і распаўсюдзіць па бібліятэках і гуманітарных асяродках Беларусі, каб доступ да гэтай кнігі атрымала як мага больш студэнтаў і выкладчыкаў.

Вы можаце перадзамовіць сабе гэту кнігу, падрымаць і дапамагчы здзейсніцца гэтаму праекту на платформе Тalaka.by

Пяць аргументаў ад Максіма Жбанкова, чаму варта падтрымаць выданне:

  • Гэта змястоўны, кампактны і пераканальны агляд асноўных канцэпцый, тэорыі і ідэй дадзенай тэме. Ён адначасова інфарматыўны і лёгкі для разумення, што дае магчымасьць самастойнага засваення матэрыялу – то бок стварае новыя перспектывы беларускамоўнай гуманітарнай (сама)адукацыі. Прасцей кажучы, заахвочвае да мыслення.
  • Істотныя мэтадалагічныя плюсы выдання — рэгулярнае і трапнае пазначэнне культурнага, грамадскага і персанальнага кантэксту з’яўлення і эвалюцыі тэарэтычных плыняў і навуковых школ, удалае выкарыстанне храналагічных табліц. Усё гэта дапамагае чытачу скласці агульнае сістэмнае ўяўленне пра эвалюцыю гуманітарных ведаў і абставінаў ягоных трансфармацый. 
  • Кніга вылучаецца актыўным пашырэньнем беларускамоўнага прафесійнага слоўніка, эфектыўнай распрацоўкай айчыннага гуманітарнага дыскурсу. Яна спрыяе далейшаму развіццю беларускага мыслення праз далучэнне да падставовых парадыгмаў сучаснага інтэлектуалізму на карысць развіццю свядомасці нацыі.
  • Дадзенае выданьне фармальна выглядае як універсітэцкі падручнік тэорыі літаратуры – але паводле свайго зместу і арганізацыі мае значна шырэйшы патэнцыял. Фактычна мы маем справу з якасным аглядам тэорыі культуры ў яе гістарычным развіцці – выдатна адаптаваным для патрэбаў шырокага кола чытачоў, з дакладнымі вызначэннямі, трапнымі заўвагамі, слушнымі высновамі.  
  • Гэтая кніга адначасова гадуе “актыўнага чытача” і дасведчанага аўтара. Яна далучае беларускамоўнага чытача да моцнага рэсурсу ідэяў ды канцэптаў, без якога цяжка лічыць сябе адукаванай асобай. Выданне будзе істотным і значным не толькі для студэнтаў-гуманітарыяў шырокага профілю, але й для ўсіх, хто марыць аб нацыянальнай вышэйшай адукацыі еўрапейскага ўзроўню. Але пакуль мае замест яе адзінае гэтую кнігу – як стартавую магчымасць і пункт адліку

Сваім унёскам вы рухаеце наперад айчынную гуманітарыстыку, ствараеце беларускі інтэлектуальны дыскурс, робіце яго сучасным і ўключаеце ў сусветны кантэкст. 

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар