HOMO HISTORICUS 2020. Збор тэкстаў у новы выпуск

07 лютага 2020

Рэдакцыя HOMO HISTORICUS (Гадавік антрапалагічнай гісторыі, рэдактар Алесь Смалянчук) абвяшчае збор тэкстаў для тома VI гадавіка “БІЯГРАФІЯ НАВУКІ – БІЯГРАФІЯ/АЎТАБІЯГРАФІЯ НАВУКОЎЦА“.

 Як і папярэдні том (2019), ён будзе галоўным чынам прысвечаны гісторыі навукі і “гісторыі жыцця” навукоўца. Вядома, што не можа быць ідэі без асобы аўтара. Кожны навуковец мае асабістае жыццё, якое спалучаецца з прагай дайсці да ісціны, адказаць на пэўныя выклікі эпохі ў навуковай сферы. Прапануем навукоўцам задумацца над наступнымі пытаннямі:

Як становяцца навукоўцамі? Дзе вытокі імкнення знайсці ісціну? Як нараджаюцца гіпотэзы, канцэпцыі і тэорыі? З чаго складаецца іх біяграфія? Як асабістае жыццё (“гісторыя жыцця”) навукоўца ўплывае на навуковыя даследаванні? Як паўстаюць навуковыя школы, і ў якой ступені асобы заснавальнікаў вызначаюць працягласць іх існавання?

Апрача навуковых артыкулаў плануецца публікацыя ўспамінаў пра навукоўцаў і ўласнае жыццё ў навуцы. Пры гэтым Рэдакцыя спадзяецца, што дасланыя ўспаміны не будуць нагадваць наведванне “кургана славы”. Біяграфія навукі – гэта не толькі гісторыя поспеху. Вельмі часта гэта гісторыя няспраўджаных канцэпцый і тэорый, расчараванняў у выбары даследчага метаду, а таксама паразаў ідэі не толькі ў выніку навуковых дыскусій і эксперыментаў.

Таксама плануецца публікацыя тэкстаў іншай праблематыкі, аўтары якіх будуць імкнуцца да пашырэння антрапалагічнага стылю мыслення ў аналізе мінулага.

Часопіс выходзіць у электронным фармаце. Аўтары тэкстаў атрымаюць таксама папяровыя асобнікі тома VI.

Тэксты збіраюцца да 31 верасня 2020 г.

Артыкулы, рэцэнзіі, успаміны, падрыхтаваныя да публікацыі дакументы (у т. л. з асабістых архіваў) можна дасылаць Аляксандру Смаленчуку на адрасы: ales.ramuma @ gmail.com; aleksander.smalianchuk @ ispan.waw.pl

Мова тэкстаў – беларуская, руская, польская, украінская і англійская. Рэзюме – на англійскай і беларускай мовах (не болей 300 словаў).

Звычайны памер тэксту ад 0,5 да 1,0 д.а. (20-40 тыс. знакаў).

Аўтары таксама павінна прыслаць кароткія звесткі пра сябе: навуковая ступень, пасада, сфера навуковых інтарэсаў, асноўныя публікацыі (не болей пяці).

Усе тэксты рэцэнзуюцца.

Патрабаванні да афармлення тэкстаў

Тэксты рыхтуюцца ў MS-Word (шрыфт – Times New Roman, 12).

Палі: верхняе і ніжняе – 2 см, правае – 1, левае – 3.

Пры ўжыванні скарачэнняў (абрэвіятур) першы раз неабходна ў дужках іх патлумачыць.

Імёны гістарычных персанажаў і даследчыкаў прыводзяцца цалкам. Толькі пры частым згадванні пэўнай постаці, а таксама ў спасылках дапускаецца ўжыванне ініцыялаў.

Спасылкі размяшчаюцца напрыканцы тэкста праз функцыю “спасылка”.

Узоры афармлення спасылак

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НАРБ). Ф. 1, воп. 1, спр. 2, арк. 17-17 адв.

Смалянчук А., Раман Скірмунт (1868-1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю. Мінск, 2018, с. 45.

Obrębski J., Legenda leśnych ludzi // tegoż. Polesie. Studia etnosocjologiczne, t. 1, oprac. A. Engelking. Warszawa, 2007, s. 436.

Киштымов А., Скирмунты: династия предпринимателей // «Деловой вестник». 1994, № 9-10, с. 31-33.

Гуцуляк О., Съезды порабощенных народов России как этапы предпрометеизма: из истории прометеизма как борьбы народов против русского империализма [Электронный рэсурс]. Режим доступа: http://www.mesoeurasia.org/archives/15034. Дата доступу: 25.01.2017