“Імаверная Беларусь”. Анлайн-форум пра будучыню

15 снежня 2020

Напрыканцы гэтага складанага і цікавага года мы вырашылі паспрабаваць зазірнуць у нашу бліжэйшую будучыню. МГА “ЕўраБеларусь” і Лятучы ўніверсітэт запрашаюць усіх зацікаўленых да абмеркавання актуальных выклікаў і перспектываў развіцця ў розных сферах нашага жыцця ў прасторы анлайн-форума “Імаверная Беларусь”, які адбудзецца 22-23 снежня.

2020 год стаў для Беларусі часам разгортвання масштабнага крызісу. Вось ужо пяты месяц у краіне працягваюцца масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў, беззаконня і гвалту. Але крызіс палітычнай легітымнасці дзеючага рэжыму – толькі найбольш яскравая праява агульнага сістэмнага крызісу, які распаўсюджваецца на ўсе сферы жыцця краіны.

Актуальная сітуацыя яскрава высвечвае не толькі праблемныя пытанні існуючай сістэмы, але і новыя структуры і элементы, якія могуць стаць падмуркам будучай грамадска-палітычнай арганізацыі. Змяняецца структура грамадзянскай супольнасці, з’яўляюцца новыя самаарганізаваныя групы і плыні, новыя грамадскія лідары, змяняецца сама структура сацыяльнасці, у якой атамізацыя грамадства саступае месца салідарнасці і кааперацыі.

Форум “Імаверная Беларусь” прапануе месца для публічнай дыскусіі, прысвечанай пошуку шляхоў выхаду з сістэмнага крызісу і магчымых контураў будучага ўсталявання Беларусі ў розных сферах.

Тэмы дыскусій у межах форума:

  • Крызіс знешняй палітыкі і этапы яго вырашэння;
  • Грамадзянская супольнасць Беларусі ва ўмовах крызісу і новых магчымасцяў;
  • Якім павінна стаць мясцовае самакіраванне ў новай Беларусі;
  • Чаму ў Беларусі цяпер самы час для “зялёных” рашэнняў;
  • Непрапрацаванае мінулае і яго ўплыў на сучаснасць і будучыню.

Запрашаем усіх зацікаўленых далучацца да роздуму і абмеркавання! Вы можаце зарэгістравацца ў якасці ўдзельніка дыскусіі (колькасць месцаў абмежаваная) альбо далучыцца да анлайн-трансляцыі форума з магчымасцю задаць свае пытанні экспертам і адмыслоўцам.

Рэгістрацыя для ўдзелу ў форуме.

******************************

Праграма форума

“Імаверная Беларусь”. Анлайн-форум пра будучыню

22-23 снежня 2020 года

22 снежня

11:00-11:30 – Адкрыццё форума. Вітальныя словы арганізатараў.

11:30-13:00 – На мяжы палітычнага дэфолту: крызіс знешняй палітыкі і этапы яго вырашэння (мадэратар – Дзяніс Буконкін).

14:00-15:30 – Тэорыя імавернасці: грамадзянская супольнасць Беларусі ва ўмовах крызісу і/або новых магчымасцяў (мадэратар – Улад Вялічка).

16:30-18:00 – Што можна зрабіць на ўзроўні мясцовага самакіравання ва ўмовах дыктатуры і ў працэсе дэмакратызацыі (мадэратар – Іван Сухій).

23 снежня

11:00-12:30 – Якім павінна стаць мясцовае самакіраванне ў новай Беларусі. Выбары-2021 і надалей (мадэратар – Андрэй Ягораў).

13:30-15:00 – “Зялёным шляхам” насуперак відавочнасці: чаму ў Беларусі цяпер самы час для “зялёных” рашэнняў (мадэратар – Яраслаў Бекіш).

16:00-17:30 – Як жыць далей у адной краіне: права на дараванне (мадэратар – Вера Дзядок).

18:00-19:00 – Падсумаванне вынікаў і закрыццё форума.

*************************************

Зарэгістравацца для ўдзелу ў форуме

Тэмы:
ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар