“IT-краіна: сінхранізацыя сацыяльнага і тэхналагічнага развіцця”

18 мая 2018

З 30 чэрвеня па 3 ліпеня 2018 года пройдзе восьмая летняя школа Лятучага ўніверсітэта, дзе мы ўявім сабе Беларусь IT-краінай, разбярэм моцныя і слабыя бакі гэтай мадэлі, перспектывы і магчымыя выклікі для грамадства і для сябе.

Scole – гэта прастора вольнага часу і месца развіцця, гэта прастора для роздума і супольнага мыслення.

Летняя школа “Лятучага” (2013 г.)

Традыцыйна летняя школа Лятучага ўніверсітэта – гэта месца для рэфлексіі, аналізу, працы з ідэямі і з уласнай індывідуальнасцю. У гэтым годзе мы працягнем разбірацца з нашымі канцэптуальнымі і практычнымі захадамі да новай сітуацыі ў развіцці краіны, – захадамі, звязанымі з імклівым тэхналагічным і інавацыйным развіццём, за якім не паспявае гуманітарная ды сацыяльная рэфлексія і практыка.

Канферэнцыя «Уяўляючы Беларусь: вобразы і ідэі, праекты і ўтопіі» (2016 г.)

Цягам апошніх двух гадоў мы рухаемся ў бок разумення новой сітуацыі, пошуку кропак інтэлектуальнага напружання і практычнага дзеяння, наладжвання камунікацыі і насустрэчнасці (да-Іншасці). У гэтым накірунку былі зарыентаваныя апошнія канферэнцыі, шэраг прапанаваных у гэтым годзе адукацыйных курсаў, а таксама форум “Месца сустрэчы: будучыня”, што даў нам шмат матэрыялу для асэнсавання і далейшай працы.

Форум “Месца сустрэчы: будучыня” (красавік, 2018 г.)

Як заўжды, летняя школа будзе спалучаць некалькі фарматаў працы.

Сёлета гэта будуць:

  1. Аналітычна-праектная гульня “IT-краіна: сінхранізацыя сацыяльнага і тэхналагічнага развіцця”. Уявім сабе, што ідэя IT-краіны ўжо прынята да рэалізацыі і хутка ўсё жыццё ў Беларусі будзе арганізавана па распрацаванай мадэлі. З якімі пытаннямі і праблемамі мы сутыкнемся? Як будуць у гэтым новым свеце вырашацца прававыя і этычныя пытанні, як будзе арганізавана адукацыя і сацыяльная бяспека, як пераструктуруецца беларускае грамадства і якія новыя гуманітарныя і сацыяльныя праблемы паўстануць? Падчас гульні мы разгарнем аналіз і крытыку прапанаванай мадэлі з розных бакоў і пазіцый, вызначым слабыя і перспектыўныя моманты, знойдзем кропкі развіцця і сфармулюем задачы для супольнай працы.

Падчас дакладу Ігара Мамоненкі, аўтара канцэпта “IT-краіны”, на форуме “Месца сустрэчы: будучыня”

  1. Адкрытая кафедра. Традыцыйны фармат прадстаўлення ўдзельнікаў летняй школы тых тэмаў, якімі яны б хацелі падзяліцца з супольнасцю. Тэму і фармат выступу заяўнік вызначае самастойна. Тут можна прапанаваць: лекцыю, прэзентацыю, дыскусію, майстар-клас ды інш. Выступы на адкрытых кафедрах будуць прахадзіць паралельна, і ўдзельнікі летніка могуць вызначацца, што ім больш цікава. Падчас адкрытых кафедраў плануюцца таксама выступы выпускнікоў школаў магістраў гульні.

Калі ў вас ёсць прапановы для гэтага фармату, пазначце іх у заяўцы на ўдзел у школе!

Летняя школа “Лятучага” (2017 г.)

  1. Клубная прастора. Адкрытая для творчага самавыражэння і вольнай камунікацыі прастора (вечары). У гэтым годзе плануецца вечарына, прысвечаная памяці нашага сябра і калегі Міхала Анемпадыстава.

Прыймаюцца таксама і іншыя прапановы, іх таксама можна пазначыць у заяўцы на ўдзел у школе!

Летняя школа “Лятучага” (2017 г.)

Школа будзе праходзіць з 30 чэрвеня па 3 ліпеня 2018 года ў маляўнічым куточку Беларусі.

Забеспячэнне праезду і пражывання ўдзельнікаў школы Лятучы ўніверсітэт бярэ на сябе. Удзел у школе патрабуе ўнёску у памеры 30 беларускіх рублёў, што дазволіць нам уключыць элемент супольнай адказнасці за супольнае мысленне і справы.

Для ўдзелу ў Летняй школе неабходна да 5 чэрвеня 2018 года адправіць заяўку.

Па арганізацыйных і змястоўных пытаннях звяртайцесь на скрыню: flyuniby@gmail.com.

Падзеі:
Тэмы: