Калядная вечарына Лятучага

15 снежня 2017

Дарагія сябры!

27 снежня ўніверсітэцкая супольнасць Лятучага святкуе Каляды і Новы год!

Гэты год – год важных юбілеяў для нашага грамадства. Мы натхняліся вобразам беларускага інтэлектуала, культуртрэгера, прадпрымальніка і інаватара Францыска Скарыны. Мы рэфлексавалі, аналізавалі і крытыкавалі ўздзеянне і вынікі рэалізацыі камуністычных ідэяў на асобна ўзятай тэрыторыі. Гэтыя, такія розныя, нагоды рушылі нас да разумення каштоўнасці чалавечай свабоды, самавыражэння і індывідуальнасці.

Калядныя і навагоднія святы – самы час для таго, каб скінуць звыклыя будзённыя “строі”, спыніцца, паглядзець адзін аднаму ў вочы, усьміхнуцца, сказаць добрыя словы, адчуць сяброўскую падтрымку і прымроіць неверагодную будучыню! Убачыць адзін аднаго такімі, якімі нам бы хацелася адлюстроўвацца ў вачах Іншага.

Чакаем Вас на каляднай вечарыне, што напоўніць прастору Лятучага чароўнымі пахамі глінтвейну, імбірнага печыва, і, канешне, мандарынаў.

У праграме вечарыны:

  • абмен падарункамі;
  • каляднае прадстаўленне “Універсітэцкай батлейкі”, а магчыма і іншыя сюпрызы ад Школаў магістраў гульні;
  • святочныя тосты ад вядомых беларускіх інтэлектуалаў;
  • варажба на сусветным мысленні.

Увага, дрэс-код! Строй (маска), які пакажа вас у той іпастасі, якая можа быць схаваная і не вядомая для супольнасці Лятучага, але вельмі важная для Вас.

Для ўдзелу ў вечарыне неабходна і абавязкова мець з сабой:

* Падарунак. Кніга ці іншая “прылада для мыслення” з Вашымі пажаданнямі і віншаваннямі, якімі мы будзем дзяліцца адзін з адным.

* Мары пра будучыню, каб было што загадаць і пажадаць.

Па традыцыях універсітэцкіх сяброўскіх вечарын прысмакі ды напоі набываем разам. Свой унёсак (15 руб.) вы можаце абмяняць на адмысловы квіток у Таццяны Вадалажскай на Падворку ці падчас лекцый і семінараў.

Вечарына адбудзецца 27 снежня, на Падворку (вул.Баграціёна, 39).

Пачынаем а 18-й гадзіне.