Канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава

20 лютага 2018

Музыкі розных пакаленняў выканаюць песні на вершы беларускага паэта, які сёлета заўчасна пайшоў у іншы свет. У канцэрце возьмуць удзел Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Ракавец  з IQ48, гурты MorkvoЦвет і Harotnica.

Вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава пройдзе 15 сакавіка ў мінскім клубе «Брюгге» . Тыя, хто любіў і шанаваў паэта, адмыслова рыхтуюцца да гэтай падзеі. Упершыню за доўгі час у арыгінальным гучанні са сцэны будуць зайграныя даўнія хіты гуртоў «Новае Неба» , N.R.M., «Бонда» аўтарства Міхала, адносна свежыя песні на ягоныя вершы ў выкананні IQ48 і Змітра Вайцюшкевіча, а таксама зусім новыя творы ад гуртоў MorkvoЦвет і Harotnica.  Да згаданых выканаўцаў далучыцца музычны склад пад кіраўніцтвам Алеся-Францішка Мышкевіча, віаланчэлістка Юлія Глушыцкая, а весці імпрэзу будзе Аляксандр Памідораў. Ладзіць канцэрт партал TuzinFM.by.

Афішу мерапрыемства зрабіла жонка паэта, Алена Дашкевіч

«Нягледзячы на такую сумную нагоду, хочацца зрабіць не траўрнае мерапрыемства, а добры рокавы канцэрт. Такі, які б спадабаўся б самому Міхалу», – кажа кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін.

Грошы з квіткоў будуць пералічаныя сям’і Міхала Анемпадыстава на будучы помнік творцы.  Канцэрт у «Брюгге» пройдзе напярэдадні ягонага дня народзінаў. Сёлета Міхалу споўнілася б 54 гады. Ён пайшоў у іншы свет 24 студзеня 2018 года.

15.03.2018

Клуб «Брюгге» (пр.Партызанскі, 6а)

19.00.

Канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава

Даведкі: +375 29 687-20-93.  Квіткі (папярэдне) – 20 руб. на Bezkassira.by

___________________________________________________________________

Глядзіце таксама: праграма Belsat Music Live памяці Міхала Анемпадыстава.

Персоны: