«Футурашок: сацыяльныя, псіхалагічныя, этычныя і прававыя наступствы інавацый»

13 февраля 2018

Original Caption: APRIL 17, 1959. MECHANICAL MAN.

16-17 лютага 2018-га года адбудзецца Штогадовая Зімовая канферэнцыя Лятучага Універсітэта, да ўдзелу ў якой магчыма далучыцца ў якасці гасцей. Тэмай канферэнцыі гэтага году стане абмеркаванне сацыяльных і гуманітарных наступстваў сучасных інавацый пад агульнай назвай: «Футурашок: сацыяльныя, псіхалагічныя, этычныя і прававыя наступствы інавацый».

Тэхналагічныя і сацыяльныя інавацыі прадукуюць не толькі мадэрнізуючы эфект, але таксама багатыя на некантралюемыя наступствы сваіх дастасаванняў. Таму на фоне пануючых надзей на забяспечаную высокатэхналагічную будучыню чалавецтва занепакоенае тым, да якіх наступстваў могуць прыводзіць інавацыі ў гуманітарнай сферы праз змяненне псіхалогіі, этыкі, ладу жыцця і характару адносін чалавека. У сваім бестселеры 1970 г. вядомы амерыканскі мысляр-футуролаг Алвін Тофлер пісаў: «Мы павінны ставіць пытанне аб доўгатэрміновым уздзеянні тэхналагічнай інавацыі на сацыяльнае, культурнае і псіхалагічнае асяроддзе. Шырока распаўсюджана меркаванне, што аўтамабіль змяніў аблічча нашых гарадоў, трансфармаваў ўзоры домаўладання і рознічнага гандлю, аказаў ўплыў на сексуальныя звычкі і паслабіў сямейныя сувязі. […] Мы больш не можам дазволіць сабе дапускаць, каб такія другасныя сацыяльныя і культурныя эфекты проста «здараліся». Мы павінны паспрабаваць прадбачыць іх загадзя, па магчымасці ацэньваючы іх прыроду, сілу і ўздзеянне. Калі ёсць верагоднасць сур’ёзнай шкоды, мы павінны быць гатовыя заблакаваць новую тэхналогію. Гэта вельмі проста. Нельга дазваляць тэхналогіі буяніць ў грамадстве».

Гэтая канферэнцыя працягвае лінію нашых папярэдніх разважанняў падчас зімовых канферэнцыяў, апошнія з якіх былі прысвечаныя ўяўленню пра будучыню і тэхналогіям чалавечага («Уяўляючы Беларусь: вобразы і ідэі, праекты і утопіі» (2016) і «Тэхнікі і тэхналогіі чалавечага» (2017)). Падчас дакладаў і іх абмеркавання мы паспрабуем разгледзіць тыя тэхнічныя і сацыяльныя інавацыі, што «ўжо здарыліся», прааналізаваць змены ў розных сферах чалавечых практык, а таксама ўявіць Беларусь-2030, дзе ўсе гэтыя змены нібыта ўжо паспелі паўплываць на жыццё звычайнага чалавека.

Нашыя задачы:

(1) зразумець тое, якога кшталту змены штодзённасці, самаідэнтычнасці, сацыяльных кантактаў і адносін, асноў міжпакаленчага ўзаемадзеяння, прынцыпаў ўзаемадзеяння з асяроддзем і навакольным светам будуць найбольш імаверныя;

(2) уявіць магчымыя практычныя захады, што могуць быць накіраваныя на ўзмацненне станоўчых і згладжванне адмоўных эфектаў прымянення тэхналогій;

(3) вызначыць уласную ролю і месца ў адносінах да наступстваў інавацый і нашай магчымасці кіраваць імі.

Рабочыя мовы канферэнцыі: беларуская і руская.

Праграма канферэнцыі даступная па спасылцы. https://drive.google.com/file/d/18BhZxAnyGZ_myW0g4OVARgtZwzzgvQUM/view?usp=sharing

Для ўдзелу ў канферэнцыі ў якасці гасцей неабходная рэгістрацыя па спасылцы: https://goo.gl/forms/clwbYGtvpEIYOssY2

Колькасць месцаў абмежаваная. Аргкамітэт канферэнцыі пакідае за сабой права адбору запрошаных асоб да ўдзелу ў яе мерапрыемствах.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар