Канферэнцыя “Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці”

20 сакавіка 2017

Беларускі архіў вуснай гісторыі (Мінск), Інстытут Славістыкі ПАН (Варшава), Польскі Інстытут у Мінску, Лятучы Ўніверсітэт(Мінск) запрашаюць да ўдзелу ў міжнароднай навуковай канферэнцыі “Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці”, якая адбудзецца ў Мінску 17-18 лістапада 2017 г.

Напрыканцы мінулага стагоддзя камуністычныя або савецкія рэпрэсіі 1930-1950-х гг. знаходзіліся ў эпіцэнтры ўвагі гісторыкаў, але паступова ў выніку пераменаў у гістарычнай палітыцы многіх краін постсавецкага рэгіёну яны апынуліся на перыферыі гістарыяграфіі. Між тым многія пытанні яшчэ чакаюць адказаў з боку даследчыкаў. У прыватнасці, гэта пытанні пра вытокі рэпрэсій і іх маштаб; пра стан тагачаснага грамадства, падзеленага на карнікаў і ахвяраў; пра сацыяльныя і палітычныя наступствы згаданага падзелу і самых рэпрэсій. Асобнай увагі заслугоўваюць пытанні, звязаныя з феноменам памяці/забыцця гэтай трагедыі і яе адлюстраваннем у калектыўнай памяці (Maurice Halbwachs).

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні патрабуюць аналізу ўсяго комплексу гістарычных крыніц. Але адразу паўстаюць пэўныя праблемы. У прыватнасці, для гісторыкаў Беларусі і Расіі – гэта праблема недаступнасці матэрыялаў архіваў НКУС/МДБ, а для іншых – праблема пэўнай аднатыпнасці крыніцаў, што захаваліся ў афіцыйных архівах. Даследчыкам часам варта выходзіць па-за сцены архіваў і звяртацца да вусных успамінаў сведкаў гісторыі.

У цэнтры ўвагі Канферэнцыі знаходзіцца не толькі канкрэтна-гістарычны аспект у рамках пэўнай гістарычнай традыцыі, але таксама праблематыка калектыўнай памяці ў праекцыі вуснай гісторыі. Апошняя дазваляе аднавіць той вобраз рэпрэсій, які захавала памяць сведкаў, адчуць эмацыйны стан тагачаснага грамадства.

Кола праблем, прапанаваных для абмеркавання:

• Вытокі, прычыны і маштаб савецкіх рэпрэсій у СССР у 1930 – 1950-х гг.;

• Савецкае грамадства ў перыяд рэпрэсій: карнікі і ахвяры;

• Месцы пахаванняў ахвяраў рэпрэсій як “месцы памяці” сучаснага грамадства;

• Вусная гісторыя як метад даследавання калектыўнай памяці пра рэпрэсіі.

Працоўныя мовы канферэнцыі – беларуская, руская, польская, украінская і англійская.

Заяўкі на ўдзел трэба дасылаць не пазней 30 чэрвеня 2017 г. на адрас: kanferencyja@nashapamiac.org

У заяўцы трэба пазначыць навуковую ступень, месца працы, тэму даклада і тэзісы (не больш 2 тыс. зн.), кантактны тэлефон і адрас электроннай паштовай скрыні.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак.

Арганізатары кампенсуюць выдаткі на праезд і пражыванне ўдзельнікаў канферэнцыі.

Плануецца публікацыя матэрыялаў канферэнцыі.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар