“Клуб вуснага гісторыка” пачынае працаваць у Мінску

13 студзеня 2017

Беларускі архіў вуснай гісторыі і «Гістарычная майстэрня» адкрываюць «Клуб вуснага гісторыка» – унікальную адукацыйную пляцоўку ў Мінску.

Першая сустрэча клуба адбудзецца 19 студзеня ў 18.30 у Гістарычнай майстэрні па адрасе: вул. Сухая, 25. Уваход вольны.

«Беларуская памяць пра Халакост» – першая тэма, на якую звернуць увагу арганізатары Клуба. Які вобраз Халакосту захаваўся ў памяці беларусаў? Наколькі аповеды сведкаў вайны адпавядаюць сучаснаму адлюстраванню трагедыі ў падручніках, у гістарычнай літаратуры, у мемарыялізацыі Халакосту? Як беларусы падчас вайны трактавалі ягоныя прычыны? Ці ўплывала на гэтае разуменне падзеленасць Беларусі да восені 1939 г.?

Уваход у Мінскае гета

Шукаць адказы на гэтыя складаныя і цяжкія пытанні будзе прафесар Алесь Смалянчук. Спецыяльны госць сустрэчы – мастацтвазнаўца і культуролаг Сяргей Харэўскі.

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук больш за 10 гадоў даследуе памяць жыхароў Беларусі пра ХХ стагоддзе. Сярод іншых тэмаў прафесар цікавіцца, як людзі тлумачаць прычыны забойства габрэяў падчас Другой сусветнай вайны.

Дэпартацыя габрэяў з Гродна

Сяргей Харэўскі, беларускі мастак, літаратар, гісторык мастацтва, культуролаг, мастацтвазнаўца. Спадар Сяргей паглядзіць на праблему Халакосту з культуралагічнага ракурсу: якім чынам тэма Халакосту замацавалася ў архітэктуры, мастацтве і г.д.

Мемарыял габрэям Мінска

«Клуб вуснага гісторыка»: што гэта?

Беларускую гісторыю апісвалі па-рознаму, у аснову аповедаў часта клаліся супрацьлеглыя і спрэчныя тэзісы. Аднак, практычна заўжды па-за ўвагай даследчыкаў заставаліся непасрэдныя ўдзельнікі падзей – простыя людзі, не надзеленыя ўладай, вымушаныя жыць у драматычныя часы. Пакуль нам даступная гэта крыніца інфармацыі, варта ёй карыстацца. Беларускі архіў вуснай гісторыі ўжо 5 гадоў збірае ўспаміны жыхароў Беларусі. Прыспеў час, каб галасы сведкаў гісторыі былі пачуты беларускім грамадствам. 

«Клуб вуснага гісторыка» – гэта пляцоўка, дзе будуць прэзентавацца і абмяркоўвацца важныя і малавядомыя тэмы з гісторыі ХХ стагоддзя, актуальныя для сучаснага беларускага грамадства. Позірк у гістарычнае мінулае дазволіць лепш зразумець сябе цяперашніх.

Паседжанні будуць праводзіцца ва ўнікальным гістарычным будынку, які захаваўся на тэрыторыі былога Мінскага гета ды існаваў з даваенных часоў. Цяпер у ім працуе «Гістарычная майстэрня», што займаецца захаваннем памяці пра Халакост у Беларусі

На кожнае паседжанне будуць запрашацца дакладчыкі з розных кірункаў, звязаных з тэмай мерапрыемства. Гэта паспрыяе бачанню праблемаў у іх аб’ёме і складанасці. Пляцоўка дасць магчымасць самапрэзентацыі і маладым даследчыкам.

Клуб адкрыты для ўсіх, незалежна ад узросту, адукацыі і прафесіі.

Запрашаем усіх зацікаўленых 19 студзеня ў 18.30 у Гістарычную майстэрню па адрасе: вул. Сухая, 25. Уваход вольны.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар