“Колер Беларусі”. Рэцэнзія на кнігу

26 траўня 2017

Напярэдадні прэзентацыі кнігі беларускага мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”, што адбудзецца 30 траўня, прапануем вам рэцэнзію на кнігу ад доктара мастацвазнаўства, дацэнта кафедры этнаграфіі і фальклору БДУКМ  Вольгі Лабачэўскай.

Жанр гэтай кнігі вызначыць няпроста. У дызайнерскім альбоме Міхал Анемпадыстаў прадстаўляе чытачу дакладна адабраны ім фотарад і разлічвае на суаўтарскую рэцэпцыю, здольнасць убачыць навакольны свет праз прызму прапанаванай аўтарскай оптыкі. Візуальная частка кнігі была ўжо прэзентаваная на выстаўках у Мінску, Віцебску, Гродна.

Візуальныя матэрыялы кожнага з раздзелаў: “Белы”, “Чорны”, “Чырвоны”, “Сіні. Блакітны”, “Шэры”, “Залаты. Жоўты”, “Зялёны” суправаджаюць разгорнутыя аўтарскія тэксты. Гэта экскурсы ў культуралогію колераў. Кожны колер прадстае як прадукт культуры, для якога на пэўным этапе гісторыі з’яўляецца адпаведная назва, увасабляючы ягоны знакавы сэнс, сімвалічную інфармацыю, маркёрныя функцыі. Найменні колераў звязаныя з матэрыяльным светам фарбавальных рэчываў і самім працэсам фарбавання, разам з тым у культуры яны адлюстроўваюць кола абстрактных паняццяў, сімвалічныя катэгорыі духоўнай культуры, філасофіі і эстэтыкі. Адначасова ў адносінах чалавека да колеру, у перавагах пэўнай эпохі да таго ці іншага колеру ўвасоблены сферы соцыуму, палітыкі, тэхнікі, вытворчасці.

Міхал Анемпадыстаў спрабуе зразумець, як фарміраваўся і развіваўся колеравы свет беларусаў, які ментальны сэнс і нацыянальныя сімвалы ён увасабляе і адлюстроўвае. “Я паспрабую расказаць пра гісторыю і ролю колераў у беларускай культуры… Тэмай нашага даследавання з’яўляецца не пошук колераў, ужываных  продкамі, а выяўленне тых, што сталіся эталонам прыгажосці, сімвалізавалі важныя паняткі і катэгорыі альбо выконвалі функцыю маркераў”, – зазначае аўтар.

Экскурсы ў параўнальнае і гістарычнае мовазнаўства, тапаніміку, гісторыю беларускіх зямель і суседніх народаў, гісторыю фарбярства, гандлю і тэкстыльнай вытворчасці пераконваюць, што колеравы свет беларусаў фарміраваўся ў кантэксце культурна-гістарычных кантактаў з Захадам і Ўсходам, і адначасова адлюстроўвае ментальную і этнічную спецыфіку светаўспрымання нашага народу, якая ўвасобленая ў мастацтве, фальклоры, геральдыцы і іншых тэкстах нацыянальнай культуры.

Міхал Анемпадыстаў не ставіць перад сабой задачу вычарпальна даследаваць гісторыю кожнага колеру, якім аддавалі перавагу беларусы. Абапіраючыся на шырокае кола гістарычнай і навуковай літаратуры, ён абгрунтоўвае свой аўтарскі погляд на прадмет даследавання, вербальна фармулюе ўласныя асацыяцыі, пачуцці і рэфлексіі, у якіх спалучаюцца погляд і ўспрыманне мастака, дызайнера, паэта, культуролага, якому дадзены талент бачыць і мысліць катэгорыямі нацыянальнай культуры. Можна спрачацца з прапанаванымі тэзісамі, казаць пра тое, што варта было пашырыць прыклады і назваць іншыя сферы выкарыстання таго ці іншага колеру. Аднак гэтая рэакцыя чытача на кнігу – вынік супрацы з аўтарам, які пакідае нам поле для роздуму, ставіць пытанні і прымушае шукаць на іх адказы.

Кнігу “Колер Беларусі” даўно чакалі. Упэўненая, што яна будзе цікавая шырокаму чытачу і безумоўна карысная ў справе асэнсавання беларусамі каштоўнасцяў і дасягненняў уласнай культуры.

Прэзентацыя кнігі Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”

адбудзецца

30 траўня (аўторак), пачатак – у 19-30

Галерэя Беларускага саюза дызайнераў (Брылеўская, 14)

Уваход вольны!

__________________________________________________

Даведка “Лятучага”:

Кніга Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» выдадзеная ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.

Міжнародны праэкт “CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement” рэалізуецца Асацыяцыяй агенцтв мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь” (Лiтва).

Праект разгортваецца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы ЕС “Усходняе партнёрства” пры iнфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы арганiзацый-партнёраў:

Цэнтра культурнага менеджменту (Львоў, Украіна);

Нацыянальнага камітэта ICOM (Кішынёў, Малдова);

Адукацыйна-даследчага фонда Millennium (Ерэван, Арменiя);

Грамадскага аб’яднання “Цэнтр сацыяльных інавацый” (Мінск, Беларусь).

Беларуская частка праекта — “CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць” — грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекта маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар