Крытычны падыход да праблемы гістарычнай памяці: публічная лекцыя і дыскусія

14 верасня 2018

20 верасня ECLAB запрашае на публічную лекцыю сацыёлага, гісторыка Міхаіла Габовіча, а 21 верасня – на дыскусію з яго ўдзелам.

Міхаіл Габовіч – навуковы супрацоўнік Эйнштейнаўскага Форуму (Патсдам, Германія), у мінулым – рэдактар часопісаў “Недатыкальны запас” і Laboratorium. Аўтар даследавання пратэстнай культуры Расіі і іншых кніг і даследаванняў.

Публічная лекцыя Міхаіла Габавіча “Нямецкая мадэль культуры памяці: як яе ўспрымаюць за межамі Германіі?” адбудзецца 20 верасня ў Галерэі “Ў” (вул. Кастрычніцкая, 19). Пачатак а 19-й.

Міхаіл Габовіч прадставіць свой новы зборнік “Replicating Atonement: Foreign Models in the Commemoration of Atrocities” (Palgrave Macmillan Memory Studies, 2017).

Ва ўсім свеце ў дыскусіях аб калектыўнай памяці, адказнасці і пакаянні рана ці позна ўзнікаюць адсылкі да вопыту іншых краін. Часцей за ўсё ў якасці ўзору паспяховай “прапрацоўкі мінулага” называюць Нямеччыну. Зборнік артыкулаў “Прайграць пакаянне” прапануе канструктыўную крытыку падобных уяўленняў. У кнізе аналізуецца, як канструююцца “мадэлі” прапрацоўкі мінулага і якую палітычную і дыскурсіўную ролю яны адыграваюць ва ўнутраных дыскусіях і знешніх уяўленнях пра стаўленне да мінулага ў самых розных краінах і рэгіёнах. Асобныя часткі кнігі прысвечаны Японіі, Лівану, Турцыі, былой Югаславіі, Аргентыне, Руандзе, СССР/Расіі, Канадзе і ЗША.

ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА НА ЛЕКЦЫЮ

21 верасня ў 19-00 у ECLAB (Кастрычніцкая, 19б) размова працягнецца ў межах дыскусіі “Святкаванні 9 траўня: параўнальны аналіз вопыту постсавецкіх краін”.

У 2013 годзе быў рэалізаваны міжнародны праект “Помнік і свята”, у межах якога вывучаліся асаблівасці святкавання 9 траўня ў публічных прасторах гарадоў у шэрагу краін, уключаючы Беларусь, і стаўленне да гэтага свята розных грамадскіх груп. Што змянілася за 5 год і якія пытанні сёння ўзнікаюць у сувязі з гэтым святам, будзе абмяркоўвацца падчас дыскусіі.

Удзельнікі дыскусіі:

сацыёлаг, гісторык Міхаіл Габовіч (Эйнштэйн-Форум, ФРГ),

сацыёлаг Аляксей Ластоўскі (Інстытут “Палітычная сфера”/Полацкі дзяржаўны універсітэт).

Мадэратар – гісторык Аляксей Братачкін (ECLAB).

ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА НА ДЫСКУСІЮ

Падзеі:
Тэмы:
ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар