«Адкрытыя праблемы і парадоксы біяэтыкі» на дыстанцыйнай платформе “Лятучага”

31 ліпеня 2017

Аўтар курса – Таццяна Віктараўна Мішаткіна, рэгіянальны эксперт ЮНЕСКА па біяэтыцы, намеснік старшыні Камітэта па біяэтыцы Рэспублікі Беларусь, прафесар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута ім. А. Д. Сахарава БДУ.

Курс «Адкрытыя праблемы і парадоксы біяэтыкі» прысвечаны этычным пытанням біялогіі і медыцыны, якія не маюць адназначнага адказу. Або пакуль не маюць?

У апошняй трэці XX стагоддзя ў Злучаных Штатах Амерыкі паўстала міждысцыплінарная навуковая веда, якая спалучыла натуральныя навукі: біялогію, медыцыну, генетыку – і гуманітарныя, у першую чаргу, этыку.

Яе аўтар – амерыканскі анколаг-хірург галандскага паходжання Ван Рансселер Потэр. У 70-я гады ён звярнуўся да чалавецтва са своеасаблівым маніфестам, у якім заявіў, што поспехі ў галіне біялогіі, медыцыны і генетыкі нашмат апераджаюць іх гуманістычнае і маральнае асэнсаванне. «Для таго каб злучыць навуку пра жыццё і гуманістычныя каштоўнасці, я высоўваю тэрмін, – напісаў Потэр, – «біяэтыка». Галоўная ідэя Потэра: без этыкі біялогія і медыцына не толькі бескарысныя, але нават небяспечныя.

У першай частцы дадзенага курса аўтар разгледзіць ўмовы і прычыны ўзнікнення біяэтыкі. Чаму 70-я гады XX стагоддзя? І чаму ЗША? Аўтар звернецца да паняцця глабальнай біяэтыкі і яе структурным элементам, а таксама разгледзіць феномен «адкрытых праблем» – асаблівасці, якая аб’ядноўвае ўсе элементы глабальнай біяэтыкі. Тэма другой часткі – нарматыўны круг біяэтыкі. Якія каштоўнасці, прынцыпы і нормы паводзін прафесіянала: біёлага і лекара? Як выяўляецца сутнасць жыцця і смерці? Якія іх крытэры? Жыццё і смерць як цэнтральная праблема біяэтыкі – гэта трэцяя тэма. Аўтар звернецца да паняцця «права на жыццё» – у чым яно праяўляецца і калі пачынаецца? Будзе закранута адно з найбольш складаных біяэтычных пытанняў – статус эмбрыёна. Чацвёртая і апошняя тэма – сітуатыўная біяэтыка, якая займаецца маральнымі калізіямі канкрэтных сітуацый-казусаў, якія ўзнікаюць у працэсе біямедыцынскіх даследаванняў і лячэння хворых. Аўтар разгледзіць некаторыя праблемы, што ўваходзяць у праблемнае поле сітуатыўнай этыкі: праблемы штучнага апладнення, сурагатнага мацярынства, рэанімавання, трансплантацыі органаў і эўтаназіі.

Запісацца на курс можна тут: Дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэта

Анонс курса:

Тэмы: