(Не)расстраляная паэзія: адкрытыя лекцыі пра беларускіх паэтаў 1930-х

27 ліпеня 2017

Цягам восені ў межах праекту «(Не) расстраляная паэзія» знаўцы беларускай літаратуры разам з музыкамі распавядуць пра паэтаў, чый шлях быў гвалтоўна спынены 80 год таму. Усяго плануецца 12 адкрытых лекцый пра беларускіх паэтаў 1930-х.

Кожны з літаратурных экспертаў правядзе па дзве лекцыі цягам верасня-лістапада ў кнігарні «Логвінаў». Ганна Севярынец рыхтуецца распавесці пра Міхася Чарота і Алеся Дудара, Андрэй Хадановіч – пра Юлія Таўбіна і Тодара Кляшторнага, Аляксей Стрэльнікаў – пра Міхася Зарэцкага і Уладзіслава Галубка, Вольф Рубінчык – пра Ізі Харыка і Майсея Кульбака, Віктар Жыбуль – пра Юрку Лявоннага і Зяму Піваварава, Антон Рудак – пра Анатоля Вольнага і Валерыя Маракова.

«Мы хочам зрабіць гэтыя вечарыны ў надзвычай цікавым фармаце, таму просім шаноўных лектараў звярнуць увагу на малавядомыя моманты з жыцця паэтаў і на тыя іх творы, якія былі забытыя пасля расстрэлу аўтараў. Мы хочам зразумець, якімі яны былі людзьмі, чым жылі і натхняліся, чым уражвалі і абуралі тых, хто быў побач з імі. І тым самым сцвердзіць, што памяці пра гэтых творцаў наканавана жыць далей, як бы там нехта не хацеў інакш», – зазначае прадзюсар праекту Сяргей Будкін.

У лекцыях таксама возьмуць удзел музыкі, якія ў камерным фармаце ўпершыню зайграюць песні, напісаныя на словы рэпрэсаваных творцаў.  У межах лекцый запланаваная прэзентацыя «маўклівых кнігаў», якія найперш атрымаюць тыя, хто падтрымаў праект на Talaka.by.

Усе 12 лекцый будуць дэманстравацца он-лайн: кожная з іх праз персанальную старонку паэта-героя праекту на Facebook. Адрасы ўсіх старонак – тут. Поўны расклад лекцый будзе апублікаваны напрыканцы жніўня.

І, дарэчы, яшчэ ёсць некалькі дзен на тое, каб спрычыніцца да рэалізацыі праекту «(Не)расстраляная паэзія». Краўдфандынгавая кампанія сканчаецца 31 ліпеня.

Падтрымаць праект