Новы “дыстант” Лятучага!

20 снежня 2016

Лятучы ўніверсітэт адкрывае адноўленую дыстанцыйную платформу онлайн курсаў і публічных лекцый.

За больш як шэсць гадоў працы Лятучы ўніверсітэт атрымаў вялікі досвед нефармальнай адукацыі і стварыў багаты архіў лекцый і дыскусій, праведзеных беларускімі інтэлектуаламі, культурнымі і грамадскімі дзеячамі, навукоўцамі і спецыялістамі.

Прыйшоў час адкрыць больш шырокія магчымасці далучэння да ведаў, камунікацыі і мыслення. Мы пераходзім у іншы фармат!

З дапамогай платформы мы імкнемся:

  • Даць доступ для большага кола зацікаўленых у сучаснай адукацыі, які не абмежаваны часам і адлегласцямі;
  • Прадставіць напрацоўкі беларускіх мысляроў і навукоўцаў у зручным і сучасным фармаце;
  • Стварыць віртуальную пляцоўку змястоўнай камунікацыі тых, хто навучаецца і навучае;
  • Даць магчымасць іншым адукацыйным ініцыятывам і арганізацыям прапаноўваць свае курсы і публічныя лекцыі на агульнай пляцоўцы.

Што прапануе платформа?

  • Відэакурсы ад выбітных беларускіх інтэлектуалаў і навукоўцаў, дапоўненыя дадатковымі матэрыяламі для вывучэння. Тэматыка курсаў і лекцый самая шырокая, абмежаваная толькі глыбінёй тэм і актуальнасцю праблемаў, якія сёння ствараюць выклік для сучаснага грамадства і чалавека.
  • Відэазапісы публічных лекцый і выступаў па шырокаму колу тэмаў.
  • Магчымасць камунікацыі паміж слухачамі, а таксама з выкладчыкам.
  • Магчымасць раіць, каментаваць і ацэньваць курсы і лекцыі, ствараючы свой “рэйтынг папулярнасці”.

Асноўны накірунак развіцця – стварэнне адмысловых відэакурсаў для дыстанцыйнага навучання.

Першай ластаўкай з’яўляецца курс Уладзімера Мацкевіча “Пропедевтика системного подхода для гуманитариев”.

Але мы не хочам губляць напрацаваны скарб и будзем прадстаўляць на платформе некаторыя “архіўныя” курсы і публічныя лекцыі Лятучага ўніверсітэта, якія ў розныя гады былі прачытаны і зафіксаваны на відэа.

Зараз на платформе Вы знойдзеце курсы Міхала Анемпадыстава, Ігара Бабкова, Ірыны Дубянецкай, а таксама курс, створаны па матэрыялах школы “Горад”.

 

Платформа – гэта магчымасць пераадолець абмежаванні часу і прасторы і зрабіць дасяжнымі для шырокага кола людзей унікальныя веды, новыя погляды і праблемы, способы і метады мыслення.

Слухайце, чытайце, ацэньвайце, абмяркоўвайце і дзяліцеся з іншымі!

 

Пакуль платформа працуе ў тэставым рэжыме, таму адразу выбачаемся за недарэчнасці і будзем удзячныя, калі вы дапаможаце нам у дапрацоўцы! Калі ласка, дасылайце вашы заўвагі і прапановы на адрас flyuniby@gmail.com.