Новы дыстанцыйны курс: “Прамоўленая гісторыя Беларусі XX ст.”

07 снежня 2017

На дыстанцыйнай платформе Лятучага ўніверсітэта з’явіўся яшчэ адзін новы курс – “Прамоўленая гісторыя Беларусі XX ст.” Гэты курс створаны ў партнэрстве з Беларускім архівам вуснай гісторыі і спалучае ў сабе разгляд самаго паняцця вуснай гісторыі з канкрэтнымі вынікамі вуснагістарычных даследванняў. 

Чалавечы ўспамін вельмі далёкі ад таго, каб пераказваць факты у чыстым выглядзе. Наратыў, прапанаваны рэспандэнтам, – заўсёды індывідуальная або калектыўная інтэрпрэтацыя факта. Таму ва ўспаміне хаваецца не дакладнае апісанне падзеі, а яе ацэнка. Але і яна вартая быць даследаванай.

У чым яе значнасць? Па-першае, успаміны, ці вусная гісторыя, удакладняюць афіцыйна прынятую версію мінулага. Гэта актуальна для Беларусі, бо сёння яе гістарычная палітыка будуецца на трохі мадэрнізаваных савецкіх ідэалагемах. Фактычна там няма месца погляду простага чалавека. Па-другое, цягам апошняга стагоддзя вусная гісторыя перастала быць толькі метадам гістарычнага даследавання. Яна ператварылася ў важны накірунак сацыяльна-гуманітарных даследаванняў, галоўны прадмет якіх – жыццёвы вопыт чалавека і яго памяць.

У першай частцы курса  “Прамоўленая гісторыя Беларусі XX ст.” выкладчыкі разгледзяць само паняцце вуснай гісторыі, этапы яе развіцця, яе актуальнасць для беларускай гістарычнай навукі, гуманістыкі і для сучаснага беларускага грамадства наогул.

Другая лекцыя распавядзе пра айчынны шлях развіцця вуснай гісторыі, яе сучасны стан і перспектывы.

Частка тры прадставіць метады даследавання вуснай гісторыі і асобныя вынікі.

Далей аўтары разгледзяць тэмы Другой сусветнай вайны, пасляваеннай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі і Чарнобыльскай катастрофы ва ўспамінах сведак.

Апошнія дзве лекцыя дапоўнены відэаўспамінамі з калекцый Беларускага архіва вуснай гісторыі.

Анонс курса:

Аўтары курса:

Алесь Смалянчук – доктар гістарычных навук, прафесар Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі навук.

Вольга Іванова – гісторык, архівазнаўца, кандыдат гістарычных навук.

Андрэй Мастыка – магістр гісторыі, каардынатар праекта Беларускі архіў вуснай гісторыі (МГА «Гісторыка»).

______________________________________________________________

Зараз на дыстанцыйнай платформе рыхтуюцца да выдання яшчэ 5 курсаў:

– Творчая фатаграфія ў Беларусі на стыку 20 і 21 стагоддзяў: ідэі, падзеі, дзеючыя асобы (Уладзімір Парфянок)

– Гульня як фенамен культуры (Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская)

– Практычная палітыка: арыентацыя і дзейнасць у свеце палітычнага (Андрэй Ягораў)

– Адкрытыя дадзеныя ў 7 пытаннях (Аліна Радачынская)

– Дзве гісторыі стварэння ў Кнізе Роду (Ірына Дубянецкая)

Вы можаце далучыцца да іх стварэння праз кампанію на Талаке  і падтрымаць стварэнне курсаў, якія прапануюць універсітэцкую якасць і змест ведаў пра актуальныя пытанні і праблемы, пра нашу культуру, гісторыю і развіццё.

СЛУХАЙЦЕ, ЧЫТАЙЦЕ, АЦЭНЬВАЙЦЕ, АБМЯРКОЎВАЙЦЕ І ДЗЯЛІЦЕСЯ З ІНШЫМІ!

Персоны:
Падзеі:
Тэмы: