Прэмія імя Міхала Анемпадыстава: распачаўся прыём заявак

13 лютага 2019

Прэмія за дызайн кніжнай вокладкі заснаваная сёлета ў памяць пра чалавека шматлікіх талентаў мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця год таму.

Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Да праекту таксама далучыўся незалежны тэлеканал “Белсат”.

“Для Міхала было важнае спалучэнне візульнага вобраза і зместа, якія разам ствараюць наш культурны асяродак. Дызайн кнігі – гэта развіццё таго, што прадстаўлена вербальнымі сродкамі, гэта дапаўненне і разгортванне зместа ў дадатковай рэальнасці. Дызайн дапамагае “думаць вачыма” і навобмацак. Нам таксама важна праз гэтую прэмію падкрэсліць такое спалучэнне і ўзаемнае ўзбагачэнне вербальнага і візуальнага”, – лічыць каардынатарка “Лятучага Універсітэта” Таццяна Вадалажская.

Прэзентацыя кнігі “Колер Беларусі”, 30 траўня 2017 г.

Апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава стаў альбом “Колер Беларусі”, дзе ў фатаздымках ды эсэ дызайнер раскрывае спрадвечныя беларускія колеры – паходжанне іх назваў, гісторыю, уплыў на нацыянальны характар.

 “Пакуль у прэміі сімвалічны грашовы прыз, але будзе здорава, калі далучацца і новыя фундатары (запрашаем!), прэмія разрасцецца (у тым ліку новымі намінацыямі) і мы зможам падтрымліваць беларускі кніжны дызайн, які мае ў гэтым патрэбу. Дакладныя крытэры “беларускага кніжнага дызайну” вызначыць складана, мы пакідаем гэта на меркаванне нашаму аўтарытэтнаму і прадстаўнічаму журы. Перадусім нам хацелася б засяродзіцца на тым полі, у якім працаваў Міхал,” – распавяла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.

Ацэньвацца будзе не толькі дызайн і паліграфічнае выкананне вокладкі, але і яе адпаведнасць зместу кнігі. Таму ў журы ўвайшлі творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам: пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнер Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнерка Алена Дашкевіч, дызайнер Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.

Да ўдзелу запрашаюцца беларускія дызайнеры, якія стварылі вокладку да папяровай кнігі, што выйшла ў 2018 годзе і адпавядае хаця б адному з наступных крытэраў:

  • выдадзеная ў беларускім выдавецтве;
  • напісаная беларускім аўтарам;
  • напісаная на беларускай мове;
  • распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.

Каб падаць вокладку на конкурс, трэба да 28 лютага  запоўніць форму на сайце ПЭН-цэнтра. Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.

Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі.

Пераможцу абвесцяць на фестывалі “Прадмова”, які адбудзецца 4 – 7 красавіка ў менскай прасторы ОК16.

Міхал Анемпадыстаў працаваў у жанрах графікі, ілюстрацыі, фатаграфіі. Як дызайнер ствараў плакаты, паштоўкі, лагатыпы, вокладкі для музычных альбомаў і нават беларускамоўныя этыкеткі гарэлак. У пачатку 90-х ілюстрацыі Міхала Анемпадыстава вызначалі запамінальны стыль часопіса “Бярозка”, дзе ён быў мастацкім рэдактарам. У 2011 годзе праілюстраваў кнігу Сяргея Вітушкі “Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі”. Вокладкі, створаныя Міхалам Анемпадыставам, упрыгожваюць пераклады Зьбігнева Гэрбэрта і Чэслава Мілаша, кнігі Андрэя Хадановіча, Таццяны Нядбай, Сяргея Харэўскага, Наталкі Бабінай ды іншых беларускіх аўтараў.

 “Лятучы” рэкамендуе:

“Колер Беларусі”: новы пласт спадчыны

Геній вытанчанай прастаты. Памяці Міхала Анемпадыстава

“Колер Беларусі”. Рэцэнзія на кнігу

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар