Прэзентацыя кнігі Аляксандра Смаленчука “Раман Скірмунт”

06 лістапада 2018

15 лістапада а 18-й гадзіне ў канферэнцыйнай залі гатэля Манастырскі адбудзецца прэзентацыя кнігі Аляксандра Смаленчука “Раман Скірмунт (1868-1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю”.

Кніга выдадзена ў выдавецтве Змітра Коласа пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Аповед пра жыццё і смерць Рамана Скірмунта запрашае даследчыка і чытача да размовы пра лёс Беларусі і Польшчы ў ХІХ–ХХ ст., пра ролю «польскага чынніка», а таксама суадносіны нацыянальнага і сацыяльнага ў айчыннай гісторыі, пра драму літоўскіх і беларускіх палякаў у эпоху этнакультурнага нацыяналізму, пра краёвую ідэю і краёўцаў як апошніх грамадзян Вялікага Княства Літоўскага, іх пошукі новай Радзімы, а таксама пра гісторыю шляхты гістарычнай Літвы ў перыяд кардынальных сацыяльных пераўтварэнняў.

Адначасна гэты жыццяпіс ўздымае праблему сутнасці беларускай ідэі і яе папулярнасці, зноўку ставіць пытанні пра адзінства беларускага руху і ролю г. зв. «чалавечага фактара» ў палітычным і культурным Адраджэнні ХХ ст., пра шансы адстаяць незалежнасць БНР у 1918 г. і тым самым далучыцца да супольнасці еўрапейскіх дзяржаў як “вольная з вольнымі і роўная з роўнымі”.

Аўтар манаграфіі – Аляксандр Смалянчук, вядомы даследчык нацыянальных працэсаў на землях гістарычнай Літвы, у тым ліку краёвай ідэі і яе адэптаў, а таксама адзін з заснавальнікаў он-лайн праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Даследаваннем асобы Рамана Скірмунта і ягонай палітычнай і гаспадарчай дзейнасці займаецца больш за 20 гадоў. Аўтар збіраў звесткі ў архівах Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Расеі, Украіны, Літвы і Латвіі. Апроч таго аналізаваў тэксты ягоных кніг і шматлікіх публікацый у перыядычным друку Расеі, БНР і Польшчы 1900-1930-х гг.

Кніга напісаная ў жанры гістарычнай біяграфістыкі. Асаблівасцю з’яўляецца ўключэнне ў аналітычны тэкст фрагментаў гістарычных дакументаў, публіцыстыкі Рамана Скірмунта і ягоных прамоваў.

Прэзентацыя адбудзецца з удзелам аўтара Аляксандра Смалянчука і беларускіх гісторыкаў, правядзе сустрэчу Таццяна Вадалажская.

15 лістапада (чацвер)

Пачатак: 18-00

Гатэль Манастырскі (Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 6

Канферэнцыйная заля

УВАХОД ВОЛЬНЫ!

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар